Часам у размове й на пісьме не абыходзяцца бяз словаў прадаставiць i прадастаўленьне – пераносяць іх з расійскай моўнай практыкі. На месцы якiх традыцыйных сродкаў ўжываюцца названыя русiцызмы? Ёсьць цэлая група беларускiх адпаведнiкаў расійскаму слову предоставить – мы ўжываем iх у залежнасьцi ад нюансаў значэньня. Маю на ўвазе найперш унівэрсальны дзеяслоў даць i вытворныя ад яго аддаць, падаць i перадаць. Ад усіх памянёных дзеясловаў ёсьць назоўнікі – даваньне, аддаваньне, падача, перадаваньне й некалькі іншых. Заўсёды, у кожным тэксьце названыя словы дарэчы – яны міжстылёвыя. І ўсе гэтыя словы дазваляюць нам абысьціся без пазычаньня. Гаворым па-беларуску, што далі некаму, напрыклад, прытулак, аддалі, перадалі ці выдзелілі кватэру, зьвесткi падалі або перадалі. Калi выражаем адценьне саступкi, падыходзяць нам дзеясловы саступiць або пераступiць: напрыклад, саступiць некаму сваю маёмасьць.
Да названых вышэй дадам яшчэ дзеяслоў удзяліць, які таксама можа быць прыдатны як беларускi адпаведнiк расійскага предоставить. Мала таго, што гэтае слова зусiм натуральнае ў нашай мове, яно яшчэ мае вялiкi патэнцыял ужываньня. Удзялiць можам далёка ня толькi час цi ўвагу. Шырэйшае, першаснае значэньне слова ўдзялiць – ‘даць дзель, частку, долю ў нечым, нешта выдзелiць’. Можна, напрыклад, удзялiць некаму зямлю, памяшканьне або грошы. “Ён нiкому нiчога не ўдзялiў”, – гэты сказ я выпiсаў з слоўнiка Івана Насовiча. Нiчога не ўдзялiў – значыць, нiчога ня даў. Вось жа, можам сказаць, што далі некаму месца, а можам, што некаму ўдзялілі месца.
Расiйскi дзеяслоў предоставить мае яшчэ адно значэньне – ‘даць магчымасьць нешта зрабiць, нечым распарадзiцца’. Тут ужо за беларускiя адпаведнiкi служаць словы пакiнуць або дазволiць, цi спалучэньнi словаў даць магчымасьць / права / дазвол на нешта (напрыклад, предоставить на чьё-либо усмотрение – пакiнуць на нейчы суд / разгляд / вырашэньне / разьвязаньне).
Няма ніякай патрэбы ў беларускім маўленьні ісьці за расійскай кніжнасьцю й пераносіць дзеяслоў предоставить. Гаворым па-беларуску: даць слова, даць або выдзеліць крэдыт, падаць або перадаць зьвесткі, аддаць або саступіць маёмасьць, даць права разьвязаць праблему, пакінуць на добрую волю.