У сучаснай нашай мове ёсьць дзьве формы прошлага часу – простая й складаная. Узяўся быў, была ўзялася, узялiся былi – так выглядае складаная форма, або, iначай кажучы, плюсквампэрфэкт (ад лац. plusquamperfectum). Вядомы ў мове з глыбокае старажытнасьцi, плюсквампэрфэкт прайшоў эвалюцыю й ператварыўся ў форму з двух кампанэнтаў – асноўнага дзеяслова й дапаможнага дзеяслова быць. Складаная форма прошлага часу перадавала й цяпер перадае даўномiнулае дзеяньне. Іншымi словамi, мы скарыстоўваем плюсквампэрфэкт, каб абазначыць тое мiнулае дзеяньне, якое адбылося цi адбывалася раней за нейкае другое дзеяньне. “А коли она была прышла …было Трышчану сем летъ”, – у старабеларускiм перакладзе “Аповесьцi пра Трышчана” плюсквампэрфэкт ужо мае такое самае, як i цяпер, двухскладнiкавае аблiчча (была прышла). Ужываючы плюсквампэрфэкт, трэба памятаць, што дапаможны дзеяслоў быць заўсёды ставiцца ў той родавай i лiкавай форме, што й асноўны дзеяслоў: зрабiў быў, зрабiла была, зрабiла было, зрабiлi былi. “Доўга людзi цешылiся з цудаў, што зрабiў быў Люцыян Таполя”, – гэты паэтычны сказ я выпiсаў у Максiма Танка. Зьвярну ўвагу, што ў сучаснай лiтаратурнай мове формы складанага прошлага часу абсалютна нарматыўныя, паўнапраўныя. Варта нам на iх не забывацца – ужываць, падкрэсьлiваючы тым самым даўномiнуласьць дзеяньня.
Скажам, напрыклад: мы пачалi былi работу, але дождж змусiў нас перапынiць яе; яна сабралася была выходзiцьз дому, але нечаканы званок перамянiў яе пляны.