Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чымся й чымсьцi


Юрась Бушлякоў, Менск

Чымся й чымсьцi – два словы з сучаснага беларускага маўленьня, прычым словы розных часьцiн мовы. Здараецца, аднак, што на месцы злучнiка чымся выкарыстоўваюць займеньнiкавую форму чымсьцi. Чымся – зь -ся на канцы – абсалютна роўнае паводле значэньня з злучнiкамi чым, як: напрыклад, зрабiў больш, як / чым / чымся ён, разумеў дакладней, як / чым / чымся мы. Злучнiк чымся фiксуюць акадэмiчныя тлумачальныя слоўнiкi нашай мовы.

Наагул, у лiтаратурным маўленьнi ХХ ст. гэтае слова даволi рэгулярнае, на пiсьме найперш у тэкстах мастацкага стылю. Знаходзiм чымся таксама ў публiцыстычных i навуковых тэкстах. Вось, да прыкладу, iлюстрацыя зь вядомай працы Ігната Абдзiраловiча “Адвечным шляхам”: “…зьніч літоўскага князя гарэў ярчэй, чымся крыжы кіеўскага князя і польскага караля”.

Каб не памылiцца й ня ўжыць замест злучнiка чымся формы чымсьцi, памятайма, што чымсьцi – гэта ўжо слова другой часьцiны мовы – займеньнiк. Чымсьцi – ад слова штосьцi. Гаворым: чымсьцi ён нам запомнiўся, чымсьцi нагадаў пра сябе.

Цяпер iзноў пра чымся. Паасобныя беларускiя слоўнiкi дапускаюць як факт лiтаратурнай мовы слова чымся ў функцыi займеньнiка – якраз у значэньнi словаформы чымсьцi. У “Тлумачальным слоўнiку беларускай мовы” займеньнiкавая форма чымся iлюструецца Коласавым ужываньнем з трылёгii “На ростанях”: “Лабановiч усе гэтыя днi чуў сябе як бы чымся зьвязаным, як бы на iм была надзета цесная адзежына”. Чымся тут – варыянт формы чымсь. Чымсь i чымся – гэта словаформы неазначальнага займеньнiка штось. Заўважу, аднак, што ў сёньняшняй лiтаратурнай маўленчай практыцы займеньнiкавы варыянт чымся фактычна не ўжываецца – гаворым чымсь або чымсьцi (ад штосьцi): спынiўся на чымсь / чымсьцi важным.

Пры канцы тэмы яшчэ раз перасьцерагаю вас ад зьмяшэньня злучнiка чымся з займеньнiкам чымсьцi. Скажам правiльна: мёд саладзейшы, чымся цукеркi; надалi большую ўвагу зьместу, чымся форме; чымсьцi былi ўсьцешаныя; чымсьцi парадавалi блiзкiх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG