Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: БЕСКАРЫСНЫ Й БЕСКАРЫСЬЛIВЫ, БЕСКАРЫСНА Й БЕСКАРЫСЬЛIВА


Юрась Бушлякоў, Менск

Чытаючы лiтаратурны тыднёвiк, натыкнуўся нядаўна на сказ у тэксьце прызнанага аўтара. Як пiсаў той аўтар, “нарэшце сярод беларускiх пiсьменнiкаў з’явiўся чалавек, якi адкрыта i бескарысна заступiўся за чалавека”. “Бескарысна заступiўся” – як гэта разумець па-беларуску? Натуральна, аўтар хацеў падкрэсьлiць, што той чалавек заступаўся шчыра, ня думаючы пры гэтым адразу пра ўласную выгаду, пра свой пажытак. Але, ужываючы слова бескарысна, аўтар дапусьцiў памылку. Зрабiць нешта бескарысна значыць па-беларуску – ‘зрабiць без карысьцi, дарэмна, марна’. Поруч з прыслоўем бескарысна – прыметнiк бескарысны. Скажам, напрыклад: бескарысная работа – пра тую работу, ад якой няма нiякае карысьцi, якая iдзе намарна. Калi ж характарызуем чалавека, якi не iмкнецца перадусiм да свае выгады, або калi ацэньваем шчырыя, не абумоўленыя прагаю да выгады ўчынкi цi паводзiны, ужываем другое беларускае слова – бескарысьлiвы. Бескарысьлiвым можам, да прыкладу, назваць шчырае, добрае сяброўства – сяброўства не для нейкае выгады.

Такiм чынам, у цытаваным на пачатку сказе павiнна было стаяць другое слова – бескарысьлiва. Мела быць так: “зьявiўся чалавек, якi бескарысьлiва заступiўся за чалавека”.

Абавязкова памятайма, што ёсьць у нашай мове два прыметнiкi й два прыслоўi – бескарысны й бескарысьлiвы, бескарысна й бескарысьлiва – i гэтыя словы маюць розныя значэньнi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG