Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноў-гаў або ноў-хаў?


Юрась Бушлякоў, Менск

Як перадаем па-беларуску ангельскi панятак know-how? Днямi я атрымаў лiста ад чытача нашага сайту. Чытач, якi, на жаль, не назваўся, моцна дзiвiцца з формы ноў-гаў, з лiтараю г на месцы ангельскай h, – такую форму ён убачыў у матэрыяле аднаго з карэспандэнтаў “Свабоды”. “Дзе, у якой першакрынiцы ёсьць панятак ноў-гаў, – задае пытаньне чытач сайту.

Паспрабуем разабраццца. Імкненьне пры адаптацыі англіцызмаў пасьлядоўна перадаваць гук, абазначаны літараю h, праз фрыкатыўны [г] і адпаведна кірылічную г на пісьме прыйшло да нас з мовы паваеннай беларускай эміграцыі – у моўных дыскусіях 1990-ых прадстаўнікі эміграцыйнага боку ці раз канцэнтравалі ўвагу на важнасьці такой перадачы. Падставаю для абазначэньня h праз г – аднолькавы спосаб утварэньня перадаваных гэтымі літарамі гукаў: пры гэтым, праўда, і неспэцыялiсту ясна, што ангельскі фрыкатыўны [h] нятоесны ані нашаму [х], ані [г], што гэта падобны да нашых, але іншы гук. Разам з тым, як бы ні суадносіліся гукі, за абазначэньнем h праз г нельга ня бачыць сыстэматызацыйнай ролі – гэта фактычна перадумова для далейшай аднастайнай адаптацыі англіцызмаў. Тая несыстэмнасьць пры перадачы h у пазычаньнях з ангельскай, якую ілюструюць факты беларускай літаратурнай мовы савецкага пэрыяду, – ня што іншае, як вынік абумоўленасьці беларускіх формаў англіцызмаў расiйскімі (напрыклад, пры формах гаймарыт (ад прозьвішча ангельскага анатама Highmore), Галівуд (Hollywood), гамбургер (hamburger), гандбол (handball), гандыкап (handicap) маем хайвэй (highway), хайрынг (highring), халакост (holocaust, ад гр. holos + kausis)).

Сёньняшнiя спробы часткi карыстальнiкаў мовы сыстэматызаваць перадачу h у пазычаньнях з ангельскай – гэта якраз адказ, рэакцыя на залежнасьць ад формаў расiйскага асваеньня. Але як бы мы ў цэлым нi падтрымлiвалi такой сыстэматызацыi як прадукту беларускага моватворчага мысьленьня, застаецца пытаньне – наколькi мэтазгоднае й магчымае перазасваеньне тых частотных словаў, якія носьбіты нашай мовы ў мэтраполіі трывала засвоiлi з гукам [х]? Яшчэ пытаньне – колькi ў мове такiх “трывала засвоеных” англiцызмаў? Скажам, хакей, хобi, хол або хулiган – хiба выпадае ўвогуле весьцi гаворку пра перазасваеньне гэтых рэгулярных у мове словаў?

Пытаньне чытача сайту “Свабоды” наконт формы ноў-гаў я перавёў бы ў плоскасьць моўнай эстэтыкi. Пра тыя асацыяцыi, якiя выклiкае варыянт ноў-гаў, нiкому ў нас спэцыяльна расказваць ня трэба. Абсалютная сыстэмнасьць у мове – гэта не самамэта, дый ня можа быць, па вялiкiм рахунку, у мове абсалютнай сыстэмнасьцi. Памятайма пра гэта й выбiрайма рацыянальныя формы. У нашым выпадку рацыянальнай формаю будзе, думаю, ноў-хаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG