Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пан цi cпадар?


Юрась Бушлякоў, Менск

Днямi, пазванiўшы па менскiм тэлефоне “Свабоды”, адзiн з нашых слухачоў прапанаваў шырэй выкарыстоўваць пры звароце да чалавека й называньнi асобы словы пан i панi. Вось фрагмэнт таго званка:

У мяне ёсьць прапанова наконт звароту спадар. У нашай мове спадар, гаспадар – гэта пераходныя словы ад таварыша да пана. Таму я прапаную выкарыстоўваць спрадвечныя нашыя словы пан i панi.

За словамi пан i панi (паня) – вельмi доўгая гiсторыя ўжываньня ў нашай мове ў ролi ветлых зваротаў. Аднак на пачатку ХХ ст., у беларускiх варунках нацыянальнага й сацыяльнага змаганьня, гэтыя звароты ўспрымалiся як клясава афарбаваныя. А раз адчувалася такая афарбоўка, цяжка было разьлiчваць на тое, што зварот стане ў беларускай маўленчай прасторы новага часу ўнiвэрсальным. Адсюль i пошукi нечага iншага, прымальнага для ўсiх i пры гэтым адметна беларускага (чынiлiся спробы ўнiвэрсалiзаваць, напрыклад, формы гаспадар, грамадзянiн, ягомасьць (ягамосьць) – зь яго мiласьць, васпан – ад ваша мiласьць, пан). У частцы Беларусi шуканьне “свайго” звароту спынiлася з замацаваньнем улады бальшавiкоў: дэкляраваную роўнасьць абслугоўвала слова таварыш – слова, гiстарычна прывязанае да поля блiзкiх (асабiстых) дачыненьняў. Традыцыйна таварыш, таварышка – гэта блiзкiя людзi. А тут кожнага трэ было прызнаць за таварыша

У мiжваенную пару беларускую форму ветлага звароту працягвалi шукаць у Заходняй Беларусi. Дасьледнiк мовы старабеларускiх тэкстаў Янка Станкевiч рызыкнуў актуалiзаваць засьведчаныя ў помнiках формы спадар, спадарыня й спадарства. Архiўныя матэрыялы дазваляюць вызначыць час пiсьмовага апрабаваньня слова спадар – такi зварот у прыватным лiставаньнi Станкевiч практыкаваў як мiнiмум з 1925 году (напрыклад, вельмi паважаны Спадáру Вацлаве – у лiсьце В. Ластоўскаму ад 18.07.1925 г.). У 1930-ым на бачынах вiленскага часопiсу “Родная мова” Станкевiч матываваў свой выбар: “…ясна, як мы вярнулi ўжываньне гаспадар… у значэньню ‘валадар’ i пад., так трэба вярнуць ужываньне спадар, -ыня, -ычна, -ства. Гэтага вымагае арыгiнальнасьць i чысьцiня беларускае мовы. Апрача таго, за ўжываньне спадар i jiнш. яшчэ тое прамаўляе, што з гэтымi словамi не зьвязана жаднае клясавае значэньне, але адно пашана да людзёў, да каторых зварочуемся, i душэўная незалежнасьць jiхняя. Слова пан астанецца адно дзеля абазначэньня клясавае прыналежнасьцi”.

У 1940-ыя гг. ветлыя звароты спадар, спадарыня, спадарства пачалi замацоўвацца ў несавецкай беларускай маўленчай i пiсьмовай практыцы. У моўнай прасторы ў БССР тэндэнцыя на пашырэньне гэтых формаў назначылася пры канцы 1980-ых. У 1990-ыя спадар i спадарыня трапiлi ў акадэмiчныя слоўнiкi беларускае мовы.

Што да словаў пан i панi, то ў iх сёньня мы, безумоўна, не адчуваем нейкага клясавага цяжару. Праблема, аднак, у тым, што пан i панi вельмi часта ўспрымаюцца проста як знакi iншага, перш за ўсё заходнеславянскага моўнага сьвету. А вось спадар, спадарыня, спадарства – гэта ўжо, калi так можна сказаць, “знакавыя” беларускiя словы. Карацей кажучы, было вялiкае жаданьне займець на ролю ветлага звароту нешта адмыслова беларускае, чаго ня маюць iншыя, i гэтае жаданьне спраўдзiлася – у ХХ ст. беларусы прыйшлi да “сваiх” зваротаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG