Палiтарнае вымаўленьне, як вядома, даволi часта бывае прычынаю тых цi iншых адступленьняў ад вымаўленчае нормы. Часам, iдучы за напiсаньнямi, забываюцца ў нас на прыстаўны гук [в] у спалучэньнях прыназоўнiка у з наступным словам, якое пачынаецца з гукаў [а] або [о]. Бярэм, да прыкладу, колькi словаў на а-: агонь, адзеньне, асоба, Амэрыка. Калi гэтыя словы стаяць у форме меснага склону пасьля прыназоўнiка у, тады перад гукам [а] абавязкова павiнен разьвiцца прыстаўны зычны: [увагн’i], [увадзен’:i], [увасоб’эа], [увамэрыцы]. Тое самае адбываецца, калi на пачатку слова за прыназоўнiкам у – гук [о] (такiх словаў у нас няшмат, i, з малымi выняткамi, гэта пазычаньнi). Гаворым: орган – але [уворганах], ордэн – [увордэнах], Омск – [увомску], Осака – [увосацы] i г. д.
Прыстаўны [в] у паказанай тут пазыцыi прадухiляе так званае зеўраньне (iначай кажучы, зьбег) галосных. Варта прыпомнiць, што напiсаньне лiтары в перад а наступнага за прыназоўнiкам у слова было ў ХХ ст. нормаю новаклясычнага беларускага правапiсу. Згодна з вымаўленьнем – у вагнi, у васобе – пачалi пiсаць у мiжваеннай Заходняй Беларусi (iнiцыяваў перадачу на пiсьме прыстаўнога [в] пасьля прыназоўнiка у Янка Станкевiч). У постсавецкай Беларусi такiя напiсаньнi не прынялiся: няма сёньня тэндэнцыi на iх нармалiзацыю цi хаця б проста пашырэньне. Але нам канечне трэба ў гэтым выпадку памятаць аб прыстаўным гуку [в] – не iгнараваць яго ў сваiм маўленьнi. Гаворым натуральна па-беларуску: убачылi [ўвакн’э], селядзец [увал’эйi], сустрэлiся [ўвангл’iйi], па акуляры [ўвоптыку], працуе [ўворганах].