Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[C’’]нег / про[з’’]вiшча / [ц’’]вiк / [дз’’]веры


Юрась Бушлякоў, Менск

Сьнег, прозьвiшча, цьвiк, дзьверы – у гэтых беларускiх словах гучаць мяккiя, крыху з адценьнем шапялявасьцi, гукi. Падкрэсьлена мяккiя [с’’], [з’’], [ц’’], [дз’’] – вельмi яскравая рыса гукавой сыстэмы нашае мовы. Пры карэктным беларускiм вымаўленьнi зычныя абавязкова прыкметна памякчаюцца перад наступнымi мяккiмi гукамi: пе[с’’]ня, [с’’]лёзы, бе[с’’ц’’]ябе, бя[з’’]людзьдзе, ла[з’’]ня, мя[дз’’]ведзь, дран[ц’’]вець i гэтак далей. Памякчэньня не адбываецца толькi перад заднеязычнымi гукамi – мяккiмi [г’], [к’] i [х’]: [з]гiнуць, [с]кiнуць, [с]хiлiць.

Як вядома, савецкая моўная рэформа 1933 г. касавала перадачу на пiсьме асымiляцыйнай мяккасьцi сьвiсьцячых гукаў. Шмат хто ў нас цяпер вымаўляе па лiтарах, як напiсана, амаль не памякчаючы зычных. Ясна, што напiсаньне мяккага знаку памiж мяккiмi зычнымi акцэнтуе ўвагу на мяккасьцi й, як вынiк, дапамагае стабiлiзаваць вымаўленьне. Аднак правапiс правапiсам, пра яго асобная размова. Мы ж гаворым тут пра вымаўленьне. Паўторым яшчэ раз, крыху разьвiваючы iнфармацыю. Зычныя [з] i [с] памякчаюцца перад усiмi мяккiмi, апрача [г’], [к’] i [х’]: [з’’]дзiвiцца, [з’’]лiтавацца, ро[з’’]нiца, [з’’н’]iнаю, пра[с’’ц’’]ябе, [с’’]ляды, [с’’]недаць, [с’’]цежка. Гукi [ц’’] i [дз’’] гучаць падкрэсьлена мякка перад мяккiм губным [в’]: [дз’’]ве, [дз’’]весьце, [дз’’]вiна, ба[ц’’]вiньне, [ц’’]вёрды, [с’’ц’’]вердзiць.

Ёсьць яшчэ некалькi нюансаў, зьвязаных з памякчэньнем / непамякчэньнем сьвiсьцячых перад мяккiмi – мы закончым тэму праз тыдзень, у наступным “артаэпiчным” выпуску “Жывой мовы”.

Тым часам не забываймася прыслухоўвацца да сябе й сачыць за сваёй моваю. Стараймася, каб мова беларуская гучэла добра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG