Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд культуры і адукацыі Орса-Рамана


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Ала Орса-Рамана (Нью-Ёрк), Кася Чэрнік (Прага), Тацяна Красоўская (Нью-Ёрк).

Чатыры гады таму ў Нью-Ёрку быў закладзены дабрачынны Фонд культуры і адукацыі дзеля дапамогі Беларусі. Гэта была рэакцыя на тыя разбуральныя працэсы ў сфэры беларускай культуры, якія ўсё выразьней пачалі набіраць сілу на Бацькаўшчыне.

Мы размаўляем сёньня з ініцыятарам стварэньня Фонду культуры і адукацыі спн. Алай Орса-Рамана, прафэсарам Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту.

Спн. Ала, што сталася падставаю для Вашай ініцыятывы?

(Орса-Рамана: ) “Гэтая фундацыя была закладзена ў гонар доктара Аляксандра Орсы і Натальлі Орсы, яны абодва беларускія адукатары. Таксама Франка Рамана, амэрыканскі адукатар, які быў вельмі моцна заангажаваны ў беларускай адукацыі. Так што гэта Фонд у гонар гэтых траіх людзей, якія ўжо адышлі”.

Тут патрэбна сказаць, што гэты Фонд можна назваць сямейным. Спн. Ала стварыла яго разам з двума сынамі і нявесткаю ў памяць пра сваіх бацькоў і мужа – італьянца паводле паходжаньня Франка Рамана – прафэсара Нью-Ёркскага політэхнічнага унівэрсытэту.

Імёны бацькоў спн. Алы – Аляксандра і Натальлі Орсаў добра вядомыя сярод беларускай эміграцыі.

Доктар Аляксандар Орса нарадзіўся ў 1896 годзе ў мястэчку Нягневічы на Наваградчыне. Атрымаў адукацыю настаўніка, працаваў у школе, потым у Наваградзкай беларускай гімназіі. Актыўна займаўся беларускай грамадзка-культурнай працаю. Падчас вайны быў школьным інспэктарам Наваградзкай акругі, з-за чаго і мусіў выехаць у эміграцыю. У Нямеччыне арганізаваў для навучаньня дзяцей беларускіх выгнанцаў у лягерах Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, быў яе дырэктарам. Ягоная жонка Натальля працавала выкладчыцаю гімназіі.

У 1949 годзе сям’я Орсаў пераехала ў ЗША. Доктар Орса стаў адным з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, міністрам асьветы Ўраду БНР. Памёр у 1959 годзе.

Працягнем размову са спн. Алай Орса-Рамана. Спн. Ала, чым займаецца ваш фонд?

(Орса-Рамана: ) “Займаецца ён пераважна культурнымі справамі і адукацыйнымі справамі. Стараемся дапамагчы разьвіцьцю беларускай культуры, беларускай мовы, беларускай адукацыі.

Фонд накіраваны на выданьне беларускіх кніжак, збор беларускіх архіваў, гісторыя, школьніцтва беларускае. Людзі, у гонар якіх закладзена Фундацыя, яны вельмі любілі Беларусь і займаліся беларускай адукацыяй.

У нас цяпер у Амэрыцы вельмі шмат людзі гавораць пра інтэнсыфікацыю разбурэньня беларускай культуры і мовы. Людзі вельмі абураныя гэтым. І якраз людзі стараюцца самі, шукаюць спосабаў, як дапамагчы. У нас цяпер вельмі шмат гавораць, напрыклад, пра закрыцьцё Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа, гэта цяжка зразумець, такая выдатная ўстанова, дзе вучні атрымлівалі высокія веды, чаму яна зачынілася. Цяпер таксама мы чулі пра цяжкасьці з Таварыствам беларускай мовы.

Тут ёсьць і французскія фонды, нямецкія, польскія, якія таксама зьбіраюць грошы і дапамагаюць сваім. Ёсьць фонд, палякі заклалі, які дапамагае польскім культурным справам”.

Як ажыцьцяўляецца кіраўніцтва Фондам і як арганізавана праца?

(Орса-Рамана: ) “Кіруе Рада дырэктараў. Яна складаецца – я прымаю удзел, Коля Рамана, Паўлюк Рамана, Валянцін Сэльвясюк і Кім Рамана. Дакладна, як дапамагаць, вырашаюць дырэктары і супрацоўнікі. Калі прыйдзе нейкая просьба, ці праект, тады гэта пасылаецца адпаведнаму чалавеку, экспэрту, група экспэртаў. Для гэтага ёсьць важныя асобы, якія добра ведаюць пэўныя накірункі – адукацыйныя і ўвогуле культурныя, ведаюць. што трэба рабіць. Гэтых людзей даволі шмат з Амэрыкі і зь Беларусі. Яны стараюцца вырашыць, дзе важней дапамагчы і колькі дапамагчы”.

Якія рэсурсы мае Фонд для працы?

(Орса: ) “Людзі, найперш, сям'я і іншыя людзі, якія заклалі гэты Фонд, улажылі свае грошы і стараюцца даставаць грошы, дзе толькі магчыма, каб мець магчымасьць больш дапамагаць беларускім справам”.

Спн. Ала, можаце распавесьці пра нейкія канкрэтныя праекты, якімі займаліся апошнім часам?

(Орса: ) “Стараемся дапамагчы ў выданьні беларускіх кніжак. Нядаўна я атрымала кніжку зь Вільні "Беларускія народныя строі". Дзяніс Раманюк перавыдаў працу свайго бацькі. Фундацыя таксама дапамагла яму. Дапамагалі ў выданьні гістарычных беларускіх кніжак, дапамагалі рок-групам, якія сьпяваюць беларускі рок і хочуць выдаць свае песьні, але ня маюць грошай.

Вось, напрыклад, мінулым летам былі праведзеныя сэмінары пра новую мэтодыку вывучэньня ангельскай мовы. Яны былі разьлічаныя на настаўнікаў беларускамоўных школаў, якія выкладаюць ангельскую мову. Трое прафэсараў з Амэрыкі, адну, праўда, затрымалі на мяжы і не пусьцілі, ня ведаю, па якой прычыне. Амэрыканка, прафэсарка, ёй не далі дазволу на ўезд у Беларусь.Тры прафэсары, якія езьдзілі ў Беларусь, праводзілі гэтыя сэмінары. Сэмінары былі на даволі высокім узроўні. Напачатку мы хацелі праводзіць іх у Менску, там было нанята месца. Але потым нам адмовілі, сказалі, што будуць рабіць рамонт. Тады мы перанесьлі ў Наваградак.

Фонд стараецца дапамагаць, даваць стыпэндыі студэнтам. Ёсьць студэнты ў Празе, ёсьць студэнты ў Беларусі, у Літве, у іншых унівэрсытэтах. Стараемся дапамагчы, бо ёсьць вялікія цяжкасьці. Мы даем стыпэндыі на кніжкі, на палату за навучаньне. Стыпэндыя, мушу сказаць, невялікая. Мы будзем разьвіваць гэта, і магчыма, што яна будзе павялічана”.

Студэнтка Кася Чэрнік з Прагі, якая належыць да новай беларускай эміграцыі ў Чэхіі, вельмі ўдзячная Фонду за такую стыпэндыю.

(Чэрнік: ) "Я вучуся ў Карлавым унівэрсытэце на чацьвёртым курсе, фізычна-матэматычны факультэт. Буду спэцыялістам у галіне кампутарнай тэхнікі і праграмаваньня. Я атрымліваю гэтую стыпэндыю ўжо два гады, расходую гэтыя грошы, ў асноўным, на набыцьцё падручнікаў, таму што падручнікі ў галіне кампутараў вельмі дарагія, а з другога боку, вельмі патрэбныя для мяне і на гэта мне патрабуецца даволі шмат грошай. Я вельмі ўдзячная фонду, ён мне дапамагае вучыцца і набываць прафэсію".

Ізноў нашае пытаньне да спн. Алы Орсы-Рамана. Спн. Ала, ці далучаюцца да вашай працы іншыя беларусы ў Амэрыцы ?

(Орса: ) “Беларуская дыяспара тут, новыя і старэйшыя, даволі пазытыўна адгукнуліся на нашыя просьбы аб дапамозе і маюць вялікае жаданьне дапамагаць беларускай адукацыі”.

Адным з тых актывістаў, хто дапамагае ў працы Фонду, зьяўляецца Тацяна Красоўская. Яна вядзе збор сродкаў сярод беларускай эміграцыі ў Нью-Ёрку. Паслухаем спн. Тацяну.

(Красоўская: ) “У апошнім нумары расейскай газэты "Аргумэнты і факты" я прачытала, што сярод краінаў былога СССР у Беларусі самыя ляяльныя адносіны да расейскай мовы. Там былі лічбы вельмі ўражлівыя: у школах зь беларускай моваю навучаньня вучацца толькі 26% дзяцей, а з расейскай – 57,5% адсоткаў. У 90-х гадах былі зусім іншыя лічбы.

Сярод беларусаў замежжа мы тут думаем аб тым, як дапамагчы з моваю. Як мы можам дапамагчы – захоўваць тут беларускую мову і дапамагчы грашыма на разьвіцьцё культуры, можа, на друкаваньне падручнікаў, можа нейкім школам”.

Як удзельнічаюць беларусы Нью-Ёрку ў гэтай справе ?

(Красоўская: ) “Я б сказала, што вельмі добра, дастаткова актыўна. Заўсёды, калі мы зьбіраемся разам, мы размаўляем пра сытуацыю ў Беларусі і людзі падыходзяць, прапануюць дапамогу. Вось адна жанчына, яна з Заходняй Беларусі паходзіць, спн. Вікторыя Марцэла, яна каталічка, полька, у яе сям'і размаўлялі па-польску. Яна падышла і кажа: "Ты ведаеш, я хачу перадаць грошы, можа мае невялікія грошы дапамогуць. Я з той краіны, мае карані там". Старэйшыя, яны самі падыходзяць і аддаюць грошы, таксама і сьвятарства дапамагае. Адна жанчына, якая ня мела працы некалькі месяцаў, таксама прапанавала: "Гэтыя грошы ня зробяць маё жыцьцё, а там яны дапамогуць".

Моладзь, з тых хто прыехаў, Аляўціна Кіпель, Кацярына Харлап, Сяргей Казлоў, Алесь Сокал, некалькі маладых дзяўчат, якія жывуць у Бостане, прыяжджаюць да нас на зборкі – Натальля Балыш і Вольга Крупнік, можна шмат каго яшчэ назваць. Многія дапамагаюць штомесячна, калі прыходзяць на нашыя зборкі, нехта дасылае чэкі, нехта аднаразова здае грошы. Галоўнае, каб людзі ўдзельнічалі ў гэтай справе. Я бачу па сьпісу, што многія здаюць па некалькі разоў”.

Вернемся да размовы са спн. Алаю Орса-Рамана. Спн. Ала, што плянуеце на гэты год?

(Орса: ) “Ведаем, я б сказала, напалову. Заўсёды ёсьць такія праекты, якія цягнуцца даўжэй, іх трэба плянаваць зараней. Ёсьць адзін праект, які падтрымоўвае Фундацыя, ён тычыцца распрацоўкі кампутарных праграм, канкрэтна, кампутарнай праграмы, з дапамогай якой можна правяраць арфаграфію, яна будзе дапамагаць тым, хто працуе з кампутарам на беларускай мове. Гэтай справаю заняты эксэрты ў Беларусі і робяцца, дакладней, дзьве праграмы – адна для "наркамаўкі", другая для "тарашкевіцы". Першы этап закончаны, цяпер будзе папраўка, і хутка будзе прадукт выходзіць для ўсіх. Спадзяюся, што Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода будзе яго ўжываць. Потым набор у кампутар беларускіх слоўнікаў. На маю думку, гэта вельмі важны прадукт, таму што беларуская мова ідзе разам з разьвіцьцём кампутарызацыі.

Маем у пляне зьбіраць беларускамоўныя фільмы, перапісваць на дыскі ці іншыя сучасныя формы, каб можна было распаўсюджваць, ужываць у школах, усюды”.

Ці маеце нейкія праграмы падтрымкі таленавітых дзяцей у Беларусі, каб яны маглі атрымаць адукацыю?

(Орса: ) “Цудоўная думка, першае, што трэба, гэта знайсьці людзей, якія за гэта возьмуцца, будуць ведаць каго, выберуць. Магу сказаць, што пакуль ёсьць маленькая праграма дапамогі дзецям у вывучэньні ангельскай мовы, каб здаць іспыты ва ўнівэрсытэты. Так што ёсьць нешта падобнае”.

Шмат хто зь беларускай моладзі хоча вучыцца ў замежных унівэрсытэтах, ці мог бы Фонд выдаць, напрыклад інфармацыйны даведнік пра такія магчымасьці?

(Орса: ) “Для гэтага трэба, каб у кожнай краіне нехта здабыў гэтыя інфармацыі, і тады можна гэта выдаць”.

Праекты прымаеце і ад прыватных асобаў і ад арганізацый?

(Орса: ) “Праекты ёсьць і ад арганізацый, і ад прыватных людзей. Напрыклад, разьвіцьцё кампутарных праграмаў – гэта ідзе ад Таварыства беларускай мовы”.

Які існуе парадак разгляду праектаў?

(Орса: ) “Праект мусіць быць прысланы ў Фундацыю. Падаць імя і прозьвішча, ці назву арганізацыі, апісаць дакладна прапанову. Трэба абгрунтаваць, чаму вы лічыце гэты праект вартасным. Добра, калі будзе напісана, якую гэты праект можа мець будучыню, бо ёсьць праекты, якія зробяцца і паміраюць, а нам вельмі важна дапамагчы тым праектам, якія могуць мець разьвіцьцё ў будучыні.

Потым Фундацыя дасылае гэты праект адпаведным экспэртам, якія робяць заўвагі. Вядзецца перапіска з чалавекам і калі гэты праект адабраны, тады на яго даецца дапамога”.

Скажыце, на бягучы год, ці можна яшчэ падаваць праекты на разгляд?

(Орса: ) “Можна, у любы час. Мы не можам усе праекты задаволіць, і не можам разгледзець за месяц ці два. Разгляд справы патрабуе некалькі месяцаў. Часам ёсьць прапановы экспэртаў адкласьці на наступны год”.

Ці займаецца ваш Фонд справаю адукацыі сярод беларускай эміграцыі ў Амэрыцы?

(Орса: ) “Сярод беларускай эміграцыі мы прымаем мінімальны ўдзел таму што тут людзі, тыя, якія далучаюцца да нашых арганізацыяў, яны даволі сьведамыя беларусы, яны гавораць па-беларуску, а ў Беларусі, на жаль, мова занепадае. Там больш патрэбна, тут неяк людзі самі могуць, даюць сабе рады, ніхто ім не перашкаджае, і можа багацейшыя. А ў Беларусі, на жаль, там якраз ёсьць патрэба падтрымліваць разьвіцьцё беларускай культуры і адукацыі. Так што пераважна мы скіраваныя на Беларусь. Стараемся рабіць культурныя справы, і было б так добра, каб беларускі ўрад адгукнуўся і падтрымаў там разьвіцьцё беларускай культуры”.

Фонд супрацоўнічае з амэрыканскімі арганізацыямі?

(Орса: ) “Я супрацоўнічаю з пэўнымі каледжамі, празь якія я і дастала тых прафэсароў, якія езьдзілі ў Беларусь. Мы выбіраем, што нам патрэбна, і супрацоўнічаем у тым накірунку. Калі патрэбныя, напрыклад, прафэсары, то заводзім кантакты з унівэрсытэтамі”.

Вы займаецеся папулярызацыяй беларускай культуры ў Амэрыцы?

(Орса: ) “Займаемся, у якой форме? Ёсьць розныя канцэрты, дзе розныя нацыянальнасьці выступаюць са сваімі песьнямі, танцамі. Калі ёсьць беларускія сьпевакі, якія не маюць магчымасьці прыехаць і выступіць, сьпяваць беларускія песьні, то Фонд дапамагае, купляе ім білеты, каб маглі прыехаць і прыняць удзел. Кожны чалавек у Амэрыцы, напрыклад, француз, цікавіцца, каб яго культура была шырока знаная. Таксама і беларусы ў дыяспары, у Амэрыцы, хочуць, каб і беларуская культура была знаная”.

Спн. Ала, ваш Фонд працуе ўжо 4 гады, наколькі Вы задаволены гэтай працаю, ці патрабуеце самі дапамогі?

(Орса: ) “Поўнасьцю, поўнае задавальненьне, таму што робіш надзвычай цікавую працу, дапамагаецца людзям, зь цікавымі людзьмі працуем.

А ці трэба нам дапамога? Заўсёды, патрэбна дапамога і грашыма і працаю. Дапамогі просім як найболей. Калі нехта мае нейкія ідэі, думкі, мае час, можа нам дапамагчы, мы гэтага вельмі патрабуем. Я заклікаю ўсіх людзей, каб нам дапамагалі".

Тым, хто захоча адгукнуцца на просьбу спн. Алы і далучыцца да дзейнасьці гэтай арганізацыі, а таксама тым, хто хацеў бы даслаць свае праекты, мы падаем адрас Фонду:

O.R. Cultural & Educational Foundation, 172 Mill Spring Rd, Manhasset, NY 11030
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG