Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасныя беларускія кампазытары на эміграцыі


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Яўген Магаліф, Зьміцер Яўтуховіч, Міхась Клейнэр

У канцы лютага – пачатку сакавіка адбыўся чарговы зьезд кампазытараў Беларусі. На форуме адзначалася, што ў беларускім музычным жыцьці й сёньня ўладарыць савецкі падыход, няма запатрабаванасьці нацыянальнуй музыкі. Такая сытуацыя змушае некаторых творцаў пакідаць Радзіму і падавацца ў эміграцыю.

Ад’езд беларускай творчай інтэлігенцыі на чужыну пачаўся ўжо тады, калі сытуацыя ў Беларусі стала мяняцца да горшага, і да ўлады ў 1994 годзе прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Сярод новых эмігрантаў былі й кампазытары.

Як склаўся далей лёс некаторых зь іх, ці працягваюць яны займацца музыкай, якое месца займае ў іхным цяперашнім жыцьці беларуская тэма? Пра гэта пойдзе размова з кампазытарамі-эмігрантамі, чые музычныя творы былі ў свой час даволі вядомыя.

Многія ў Беларусі памятаюць у адмысловым выкананьні Данчыка песьню “Два Полацкі”, музыку да якой напісаў кампазытар Яўген Магаліф.

Яўген Магаліф выехаў у Злучаныя Штаты 10 гадоў таму. Гасьцяваньне ў школьнага сябра сталася пачаткам эміграцыі. Музыка і сёньня прысутная ў ягоным жыцьці й працы. Гаворыць Яўген Магаліф:

(Магаліф: ) “Я займаюся толькі музыкаю, але ў іншым ключы. Кампазытарская праца зараз у мяне не стаіць на першым месцы. Калі ты прыяжджаеш у іншую краіну ў 33 гады, то вельмі складана пачынаць і знайсьці сваё месца ў музыцыі чужой краіны. Але мы знайшлі – і я, і мая жонка.

Першы год было складана, і мы працавалі ня ў музыцы. Як толькі я атрымаў дазвол на працу, адразу знайшоў працу, зьвязаную з электроннымі арганамі. Я іх рэклямаваў, іграў на іх і прадаваў.

Потым я вырашыў паспрабаваць атрымаць ліцэнзію выкладчыка ў дзяржаўнай школе. Гэта ня проста, нават тутэйшыя музыканты і студэнты каледжаў не заўсёды могуць прайсьці гэты тэст на выкладаньне ў дзяржаўнай школе. Але я атрымаў гэта пасьведчаньне, і мая жонка таксама. Яна скончыла кансэрваторыю як музыказнаўца, тут яна таксама выкладае музыку ў дзяржаўнай школе”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Яўген, гэтая праца для Вас цікавая?”

(Магаліф: ) “Прафэсія выкладчыка тут лічыцца адной з самых паважаных, уваходзіць можа ў першую пяцёрку. Заробак таксама не малы.

Я працую ў сталіцы нашага штату Нью-Джэрзы – горадзе Трэнтане, адкуль, як памятаеце, пасылаліся гэтыя лісты са спорамі сыбірскай язвы. Я працую зь дзецьмі 5-7 клясаў, як выкладчык мастацкіх дысцыплінаў я зь дзецьмі раблю м’юзыклы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ваша школа спэцыялізаваная музычная, ці гэта звычайная школа?”

(Магаліф: ) “Гэта звычайная школа. Мы маем выкладчыка інструмэнтальнай музыкі, таксама харавой музыкі й я – трэці, выкладаю тэатральнае мастацтва, музыку таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы сказалі, што працавалі зь дзецьмі яшчэ ў Беларусі. Як працаваць з амэрыканскімі школьнікамі, ці яны моцна розьняцца ад беларускіх?”

(Магаліф: )”Вядома, адрозьніваюцца, тут дзеці ня так заціснутыя. Але ёсьць свае асаблівасьці. Ты павінен знайсьці такія дарогі да дзяцей, каб яны хацелі вучыцца. Вельмі цяжка знайсьці дарогу да іх”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў прафэсійным пляне якія мае асаблівасьці праца выкладчыка музычнага мастацтва?”

(Магаліф: ) “Тут выкладчыкі музыкі ў школах павінны іграць на розных інструмэнтах. У нас так не вучылі, у гэтым сэнсе ў нас была больш вузкая спэцыялізацыя. Тут гэта лепш, выкладчык можа паказаць дзецям розныя інструмэнты і навучыць іх, бо сам валодае кожным інструмэнтам. Але ў сэнсе тэорыі музыкі і музычнай літаратуры наша адукацыя была больш глыбокай і шырокай”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Яўген, але пісаць музыку Вы, пэўна ж, ня кінулі? Над чым цяпер працуеце?”

(Магаліф: ) “Пішу я песьні, у мяне можа 50 песьняў, тут я пішу каля 5-7 песень на год. Каб твае песьні тут выконваліся, гэтаму трэба аддаць шмат часу. Трэба езьдзіць на сэмінары, канфэрэнцыі кампазытараў у Лос-Анджэлес, у Нью-Ёрк. Гэта ня так проста, трэба час і грошы”.

(Карэспандэнтка: ) “Відаць, ня проста ўвайсьці ў музычны сьвет амэрыканскага грамадзтва, адчуць ягоныя запатрабаваньні й асаблівасьці?”

(Магаліф: ) “Трошкі адрозьніваецца мэнтальнасьць. Тут, калі чалавек памёр, яны іграюць мажорную музыку. Яны могуць плакаць дома, але, калі яны праводзяць чалавека ў апошні шлях, усе ўспаміны пра гэтага чалавека вельмі сьветлыя, радасныя і музыка – сьветлая, не жалобная”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці Вы маеце сувязі зь беларускай эміграцыяй у ЗША?”

(Магаліф: ) “Часам я іграю для беларусаў, апошні раз іграў, калі было 50-годзьдзе адной зь беларускіх цэркваў”.

Яўген Магаліф падтрымлівае творчыя кантакты і зь Беларусьсю.

(Магаліф: ) “Ня так даўно было для мяне адно вельмі шчасьлівае здарэньне. У Віцебскім тэатры быў вялікі канцэрт, і там упершыню выконваўся мой хор, царкоўны хор – “Во царствии Твоем”. Я напісаў яго тут, у Амэрыцы”.


***
У штаце Нью-Джэрзы жыве зараз яшчэ адзін беларускі кампазытар – Зьміцер Яўтуховіч. У верасьні 1993 году ён прыехаў у ЗША з часовым візытам. Паслухаем ягоны аповед.

(Яўтуховіч: ) “Заставацца тут у я ня думаў, бо ў мяне была там даволі ўдалая кар’ера. Капейку хацеў зарабіць, думаў – падзараблю трошкі, а віза была на паўгода, але наступіў 1994 год...

Першыя пару гадоў мне не ўдалося працаваць толькі музыкантам. З 1998 году – я ў рэстаранным бізнэсе, я сьпяваю, іграю, рэпэртуар у мяне вельмі багаты, я сьпяваю на многіх мовах”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ці гэтая праца мала дае дзеля прафэсійнага росту, ці ўдалося нешта зрабіць у творчым пляне?”

(Яўтуховіч: ) “У 2000 годзе мне ўдалося запісаць мой альбом, джазавы, у стылі мэлядычны джаз і рамантычныя фартэпіянныя кампазыцыі, 16 кампазыцыяў.

Другі дыск я запісваў з ансамблем “Сябры”, я рабіў апрацоўкі – рэміксы сваіх старых песьняў, такіх як “Даставай, Язэп, гармонік!”, “А ў гасьцях”, “Старана мая азёрная”, “Нарачанка”, “Жураўлі лятуць” і іншыя. Гэтыя песьні апрацаваныя тут – музычная, інструмэнтальная частка, а вакальная частка “Сябрамі” накладзеная ў Менску. Але да гэтай пары сам дыск яшчэ ня выйшаў, ёсьць касэты – 50 штук, і я зьбіраюся зрабіць прэзэнтацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Зьміцер, ізноў жа ў творчым пляне – эміграцыя дае стымул, ці ўсё ж яна пазбавіла Вас нечага значнага?”

(Яўтуховіч: ) “У творчым? З аднаго боку, я падтрымліваю сувязі з паэтамі, кампазытарамі ў Беларусі. Мае песьні былі папулярныя, і я яшчэ пісаў бы, але пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі адбылося тое, што не зусім у фаворы аказалася беларуская эстрада.

У мяне няма творчага натхненьня, у мяне няма працэсу, бо, разумееце, там напішаш песьню, аддасі выканаўцам – яны сьпяваюць тваю песьню; ты яе запішаш, гэтая песьня гучыць на тэлебачаньні, на радыё. Было лягчэй у творчым сэнсе, ты быў удзячны, што тваё асяродзьдзе ўспрымае гэта. Ідзеш у Дом літаратара, выступаеш там з гармонікам ці на фартэпіяна, і людзі табе ўдзячныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Магчыма, што такіх удзячных слухачоў Вы знаходзіце сярод беларускай эміграцыі?”

(Яўтуховіч: ) “Тут свае песьні я сьпяваю, усе іх ведаюць, асабліва тут папулярная, безумоўна, “Беларускія дзяўчаты”, бо гэтая песьня напісаная на верш эмігранта Язэпа Лешчанкі, яго псэўданім Міхась Кавыль, ён напісаў гэты верш у 1955 годзе. Я напісаў гэтую песьню, і беларусы яе палюбілі тут у Амэрыцы”.

Як паведаміў нам далей спадар Яўтуховіч, ён не парывае сувязяў з Бацькаўшчынаю і сваімі калегамі там. Да сёньня ён зьяўляецца сябрам Беларускага саюзу кампазытараў і спраўна плаціць сяброўскія складкі.


***
Міхась Клейнер ня мае прафэсійнай музычнай адукацыі, ён самадзейны кампазытар. Родам зь мястэчка Парычы на Беразіне, вучыўся ў даваенным Менску, а пасьля 33 гады свайго працоўнага жыцьця спадар Міхась пражыў у Санкт-Пецярбургу, мае тэхнічную спэцыяльнасьць. У 1988 годзе прыехаў у Менск, і радасьць вяртаньня на Радзіму натхніла яго на музычную творчасьць, ён напісаў тады “Менскі вальс”.

Цяпер спадар Клейнэр жыве ў Чыкага, але большую частку свайго часу аддае музыцы.

(Клейнэр: ) “Беларускіх песьняў і рамансаў я напісаў каля 60, на словы розных аўтараў. На вершы Арсеньевай напісаў чатыры рамансы, у Менску два рамансы і тут – “Калыханка”, “Люблю я сонца залатое. Потым – Алеся Салаўя, Уладзімера Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына”, пад маю музыку гэта гучыць як гімн, раней яе сьпявалі пад вальс. Таксама Янкі Купалы, Аляксея Пысіна, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна вершы паклаў на музыку.

Я іх сам выконваю. Ужо восем гадоў я сьпяваю на сьвяткаваньнях Дня незалежнасьці Беларусі, у гэтым годзе я буду сьпяваць у двух цэрквах 24 сакавіка”.

На разьвітаньне спадар Міхась засьпяваў нам сваю любімую песьню, пра якую ўзгадваў вышэй – “Беларусь – мая шыпшына”.

Мы прапанавалі вашай увазе аповеды пра беларускіх кампазытараў у Амэрыцы – тых, хто знайшоў занятак на чужыне і здолеў наладзіць сваё жыцьцё. Аднак не да ўсіх бывае спагадлівым лёс пасьля ад’езду з краіны, дзе нарадзіўся і вырас.

Нядаўна, 25 лютага, у Ерусаліме ад рукі палестынскага тэрарыста загінуў Аркадзь Гураў – музыкант, сябра Беларускага саюзу кампазытараў і былы грамадзянін Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG