Барацьба за правы жанчынаў паўстала ў сьвеце не на пустым месцы. Шмат якія нацыянальныя, культурныя і рэлігійныя традыцыі дыскрымінавалі або й яшчэ ўсё дыскрымінуюць жанчыну. Напрыклад барацьба за наданьне жанчынам аднолькавага з мужчынамі права голасу на выбарах у ворганы ўлады, якая пачалася ў 1895 годзе ў Новай Зэляндыі, ішла ўсё ХХ стагодзьдзе і дагэтуль ня можа лічыцца завершанай. Напрыклад, у 1991 годзе ўрад Алжыру прыняў пастанову, паводле якой муж атрымаў права галасаваць на выбарах за ўсю сям’ю, у тым ліку за сваіх жонак і дарослых дзяцей. Пры гэтым, трэба зазначыць, што дыскрымінацыя жанчын – гэта рэальнасьць ня толькі мусульманскіх краінаў. Доўгі час жанчыны не маглі галасаваць на выбарах у хрысьціянскіх краінах Эўропы. Напрыклад, у такой разьвітай краіне Эўропы, як Швайцарыя, жынчыны атрымалі права голасу на выбарах толькі ў 1968 годзе!
Размовы пра падпарадкаваную ролю жанчыны можна пачуць і ў побыце. Сапраўды, у Эвангельлі ёсьць словы “Жонкі, слухайце мужоў вашых... Мужы, кахайце жонак вашых”. Зразумела, што размова тут ідзе, найперш, пра розныя ролі і функцыі мужчыны і жанчыны. Але ўсё ж варта пацікавіцца, што гаворыць пра жанчыну Біблія, у прыватнасьці Стары Запавет? Скажу адразу, што менавіта Стары Запавет дае некаторым падставу гаварыць пра яго фэмінізм. Ці так гэта? І якая ж яна, роля жанчыны, у Старым Запавеце? Пра гэта ў сёньняшнім выпуску Сымбаля Веры мы будзем гаварыць з магістрам тэалёгіі, выпускніцай Сарбонскага ўнівэрсытэту Каралінай Мацкевіч, якая зараз жыве ў Вялікай Брытаніі.
(Абламейка: ) “Караліна, калі гаворка ідзе пра гэбрайскую Біблію, вядома, што трэба асьцерагацца рабіць абагульненьні: яе тэкст фармаваўся стагодзьдзямі, і складаецца з розных пластоў, з тэкстаў розных жанраў. Ну і вядома, што розныя часткі гэбрайскае Бібліі па-рознаму прадстаўляюць ролю жанчыны. І маё першае пытаньне, як Стары Запавет прадстаўляе жанчыну?
(Мацкевіч: ) “Сьвятарская традыцыя, што склалася пасьля бабілонскага палону каля 400 г. да Р.Х., устанаўляе моцную мужчынскую дамінанту у культавай сферы.
Жанчыны тут зьвязаныя з рэлігійнай супольнасьцю толькі праз мужчынаў, у Храме яны ня могуць наблізіцца да сьвяцілішча, яны ня могуць ані навучаць ані вучыцца Закону. Кніга Лявітаў вучыць, што, калі дарослы мужчына прысьвячае сябе Богу, ягоная ахвяра вартая пяцідзесяці сікляў срэбра, ахвяра ж жанчыны - толькі
трыццаці сікляў. У гэтым грамадстве жанчына выконвае найперш ролю маці, ейны занятак - гэта гаспадарка і выхаваньне дзяцей. Яна выключаная з грамадскага жыцьця, і выходзіць з хаты толькі пад падвойным вэлюмам. Яшчэ пазьней, у ІІ стагодзьдзі да Р.Х., з жанчынай пачалі зьвязваць паняцьце граху. Гэтая думка ўпершыню ў гэбрайскай Бібліі сустракаецца ў кнізе Сіраха: “грэх пачаўся з жанчынай, і праз яе мы ўсе мусім памерці” (Сір 25:24).
(Абламейка: ) “Караліна, ці перайшлі такія ўяўленьні пра жанчыну з гэбрайскай традыцыі і ў раньняе хрысьціянства?”
Уяўленьне пра жанчыну як пра “посуд граху” было перанятае раньнім Хрысьціянствам. У лістах апостала Паўла і яго наступнікаў Ева увасабляе ў сабе слабасьць і падуладнасьць граху уласьцівыя жанчынам (1 Цім 2:12-14; 1 Кар 14:34-35). Адсюль вынікае патрэба поўнага паслушэнства і падпарадкаваньня жанчыны мужу. З гэтага склалася трывалая традыцыя, і яна многія стагодзьдзі фармавала стаўленьне да жанчынаў у Хрысьціянстве. Але ж тут варта зазначыць, што сам аповед пра выгнаньне Адама і Евы з раю у кнізе Быцьця, які нашмат больш старажытны і датуецца прыкладна ІХ ст. да Р.Х., ніякім чынам не вінаваціць жанчыну ў пакутах чалавецтва ані прадстаўляе яе як духоўна слабую істоту. Ева тут - гэта велічная постаць, маці ўсяго жывога, яна - адзіны дапаможца роўны Адаму, зьяднаная з Адамам ад пачатку і ўва ўсім. Чым яна сапраўды адрозьніваецца ад Адама, дык гэта здольнасьцю да вольнага і сьвядомага выбару. Ева ведае пра забарону кранаць плод з дрэва Пазнаньня, але ж таксама бачыць, што гэты плод нясе ў сабе спажыву, прыгажосьць і мудрасьць, яна ўзважвае за і супраць, і выбірае - замест безбалеснага падпарадкаваньня вышэйшай волі - складаны досьвед здзяйсьненьня ўласнае волі, уласнага выбару, уласных памылак. Адам жа, у адрозьненьне ад Евы, усяго толькі няўцямна паўтарае крок жанчыны (“і дала яна мужу свайму, і той еў”, Быцьця 3:6). Кантраст тут вельмі моцны, і, ня трэба доўга думаць, каб адказаць, хто зь іх дваіх у гэтым выпадку слабейшы.
(Абламейка: ) “Якія яшчэ, апрча Эвы, можна прывесьці прыклады жаночых постацяў, якія былі, скажам так, аўтарытэтныя для сваіх мужчын?”
(Мацкевіч: ) “Шмат якія жаночыя постаці у старазапаветным аповедзе, падобна Еве, адрозьніваюцца сваім аўтарытэтам і ініцыятывай у дачыненьні да мужчынаў. Сара спачатку загадвае Абрагаму ўзяць прыслужніцу Агар за жонку, пасьля - выгнаць яе разам з сынам, і Абрагам абодва разы робіць, як загадана. Падобным чынам дзьве жонкі Якуба, Лія і Рахель, даюць яму ў жонкі сваіх прыслужніцаў і маніпулююць ім як сродкам для атрыманьня дзяцей. Нялюбая Лія купляе ў Рахелі ноч з мужам за карані мандрагоры. Пазьней яна загадвае Якубу: “увайдзі да мяне, бо я купіла цябе”, і Якуб паслухмяна йдзе да яе. З другога боку, перад тым, як уцякаць ад Лабана, Якуб радзіцца з жонкамі, і яны яму, а не ён ім кажуць рабіць, як Бог загадаў. Увогуле, з пункту гледжаньня мовы, цяжка знайсьці у словах мужоў і бацькоў, зьвернутых да жанчынаў, загадны лад. А самі жанчыны, калі ім дадзены голас, зьвяртаюцца да сваіх мужоў з загадам або заахвочваньнем да дзеяньня.
(Абламейка: ) “Наогул, Стары Запавет менш вядомы людзям. Так склалося, што часьцей за ўсё вернікі-хрысьціяне чытаюць Новы Запавет. І ў гэтай сувязі, яшчэ адно маё пытаньне. Якія яшчэ можна прывесьці старзапаветныя прыклады рашучых дзеяньняў жанчынаў?”
(Мацкевіч: ) “Мусіць, найярчэйшы прыклад тут - Рэбэка, жонка Ісака. Ёй адной было адкрытае, што ейны малодшы сын Якуб, а не старэйшы Ісаў, абраны Богам на наступніка Ісаку. Але як гэта можа адбыцца, калі толькі мужчына, патрыярх, можа абраць і блаславіць свайго наступніка, і стары Ісак зьбіраецца аддаць сваё блаславеньне старэйшаму, улюбёнаму свайму сыну Ісаву. З аднаго боку тут - сьляпая інстытуцыйная ўлада бацькі, з другога - бачаньне і прадбачаньне маці, якая мусіць зьдзейсьніць Божую задуму. І тады Рэбека наладжвае цэлы рытуал пераўтварэньня Якуба ў Ісава, каб падмануць мужа і прымусіць яго ненаўмысна аддаць сваё блаславеньне таму з сыноў, хто быў перадвызначаны Богам. У гэтым аповедзе моцная і рашучая жанчына супрацьстаўляе няўцямнаму патрыярху, свайму мужу поўнае ўсьведамленьне сваіх дзеяньняў і адказвае за іх наступствы. І перамагае.
(Абламейка: ) “Тым ня менш, Караліна, мужчыны ўсё ж займаюць цэнтральнае месца і ў Старым Запавеце...”
(Мацкевіч: ) “Ясна, што мужчыны займаюць асноўнае месца ў старазапаветным аповедзе, яны - героі, патрыярхі, абраньнікі Божыя, праз іхныя пакаленьні, пачынаючы ад Адама, паўстае народ Ізраіля. Але там, дзе у сьвет аповеду уваходзіць жанчына, яна вельмі часта ведае больш, разумее паўней і дзейнічае больш рашуча за мужчыну.
У іншых кнігах Бібліі шмат згадак пра магутных і мудрых жанчынаў. Сярод іх ёсьць прарочыцы, каралевы, судзьдзі і правадыры. Але безадносна да таго, якое становішча займае тая ці іншая гераіня, унутраны статус жанчыны ў ейнай еднасьці і ў ейнай рознасьці з мужчынам - гэта статус дапаможцы і партнёра, роўнага яму”.
Я дзякую Караліне Мацкевіч за гутарку, і хачу яшчэ раз зьвярнуць увагу слухачоў, што няма сэнсу спрачацца, хто галаўнейшы – мужчына ці жанчына. Можна яшчэ раз прывесьці туту цытату з Пасланьня апостала Паўла да эфэсцаў. “Жонкі, слухайце сваіх мужоў, як Госпада, таму што муж галава жонкі, як і Хрыстос, галава Царквы... Мужы, любеце жонак вашых, як і Хрыстос палюбіў Царкву сваю і аддаў сябе за Яе...” (Эф.5.22-25) Тут, у гэтай цытаце, яскрава праяўляецца адрознасьць роляў мужчыны і жанчыны, іх партнэрства ў сумесным жыцьці, і, я б сказаў, іх адзінства.