Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія вакол ідэі РПЦ увесьці царкоўны падатак


Кастусь Бандарук, Прага

Нядаўна Расейская Праваслаўная Царква выступіла зь ідэяй ўвядзеньня царкоўнага падатку, што выклікала ажыўленую дыскусію сярод іншых канфэсыяў. Што думаюць на гэты конт асноўныя канфэсіі Беларусі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да праваслаўнага епіскапа Гарадзенскага і Валкавыскага –Арцемія, рымска-каталіцкага сьвятара- ксяндза Аляксандра Тарасэвіча, пробашча парафіі Беззаганннага Зачацьця Прасьвятой Багародзіцы з Бабруйску і епіскапа Саюзу Хрысьціянаў Евангельскай Веры – Сяргея Хоміча.

(Бандарук: ) “Сёлета кіраўнік Аддзелу Зьнешніх Царкоўных Зносінаў Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл выступіў з прапановай ўвядзеньня царкоўнага падатку. Паводле Мітрапаліта, “кожны падаткаплатнік рабіў бы заяўку ў падаткавы ворган, на адрас якой рэлігійнай арганізацыі, ён хацеў бы пералічыць частку падатку… Калі ж чалавек не жадае накіроўваць сродкі ў бюджэт рэлігійных арганізацыяў, дык гэтая частка падаходнага падатку адыйшла б дзяржаве”. Мітрапаліт патлумачыў, што зараз РПЦ ня мае той матэрыяльнай базы для ажыцьцяўленьня сацыяльных і адукацыйных праграмаў, якіх ад яе патрабуе і чакае грамадзтва. Да прапановы Мітрапаліта ў асноўным станоўча паставіўся Міжрэлігійны Савет, у які ўваходзяць праваслаўныя, мусульмане, буддысты і габрэі. Аднак міністр падаткаў і збораў Генадзь Букаеў нагадаў, што ў Расеі Царква аддзеленая ад дзяржавы, падаткі зьбіраюцца на патрэбы ўсіх грамадзянаў, а вернікі і так сваімі ахвяраваньнямі ўтрымоўваюць цэрквы.

Паколькі ў Беларусі каля тысячы парафіяў РПЦ, ёсьць таксама каталікі, пратэстанты, мусульмане і габрэі, пытаньне царкоўнага падатку тут таксама далёка не абстрактнае. Вось таму, з пытаньнем-што думаюць пра ініцыятыву Мітрапаліта Кірыла, я зьвярнуўся да прадстаўнікоў трох найбуйнейшых ў Беларусі канфэсіяў. На пачатак - думка праваслаўнага епіскапа Гарадзенскага і Валкавыскага-Арцемія.

(Епіскап Арцемій: ) “Я поўнасьцю згодзен з Уладыкам Кірылам. Пытаньне, якое ён узьняў, вельмі важнае для нашага жыцьця, таму што зараз стаўленьне да Царквы неадназначнае. Грамадзтва чакае, што Царква многае зробіць, але ня ўлічвае таго, што Царква сама ў дрэнным становішчы. Мы выйшлі з атэістычнага палону і толькі пачынаем, як я неаднойчы падкрэсьліваў, выходзіць з рэанімацыі. Пачынаем хадзіць на сваіх нагах. У нас шмат праблемаў. Трэба будаваць, рэмантаваць храмы, і рабіць гэта прыходзіцца на свае сьціплыя сродкі. У краіне эканамічная сытуацыя неспрыяльная. Нашы парафіяне, тыя, што пастаянна ходзяць у царкву, гэта пераважна старэнькія бабулі. Таму для нас пабудовы, рэмонты альбо рэстаўрацыі храмаў - цяжкая праблема.

Аднак што тычыцца падаткаў, дык на маю думку, сьпярша трэба перагледзець збор падаходнага падатку ад Царквы, бо ж мы не займаемся ніякай вытворчасьцю, а плаціць падаткі мусім, і гэта ўскладняе нашую дзейнасьць. Можа людзі, якія маюць грошы маглі б заміж дзяржаве, пералічаць частку сваіх падаткаў ў Царкву, на дабрачынныя мэты, як гэта, дарэчы, робіцца амаль ва ўсім сьвеце. Я лічу, што гэта вельмі правільная форма, бо Царква займаецца дабрачыннасьцю, сацыяльнымі праграмамі. Мы займаемся інвалідамі, старымі. І калі б можна было прыцягнуць на дапамогу бізнэсоўцаў, гэта было б вельмі добра”.

(Бандарук: ) “Як я разумею, Уладыка, Вы – за тое, каб царкоўны падатак ня быў прымусовы, як у Нямеччыне, але каб людзі маглі падтрымліваць Царкву з выгадай і для сябе – дабраахвотна, як у Злучаных Штатах…”

(Епіскап Арцемій: ) “Дабраахотна, і каб падаткавая сыстэма выйшла насустрач нам. Найперш у тым, штоалі нехта пералічыў частку сваіх прыбыткаў на Царкву, на дабрачынныя, сацыяльныя праграмы, гэтыя грошы ўжо не абкладаюцца падаткам, і такім чынам каб зьніжаўся адсотак падаходнага падатку, які ён плаціць ў дзяржаўную казну”.

(Бандарук: ) “ З тым жа пытаньнем пра стаўленьне да прапановы Мітрапаліта Кірыла, я зьвяртаюся да каталіцкага сьвятара айца Аляксандра Тарасэвіча”.


(Тарасэвіч: ) “Напэўна, ідэя вельмі цікавая, тым больш, што, напрыклад, Каталіцкая Царква ў Нямеччыне, дзякуючы менавіта сыстэме царкоўнага падатку, вельмі шмат дапамагае іншым цэрквам ва ўсім сьвеце. Яна шчодра падтрымлівае місіі ў Афрыцы, дзе яшчэ ня ўсюды прапаведвалася слова Эвангельля . Таксама ў пост-камуністычных краінах, дзякуючы сродкам зь нямецкіх падаткаў, аднаўляецца інфраструктура каталіцкіх храмаў. Я лічу, што менавіта Нямеччына можа дапамагаць іншым, што там існуе гэтая вельмі практычная сыстэма царкоўнага падатку.

Дарэчы, калі вернік дэкляруе сябе каталіком, дык ён павінен быць пасьядоўны і ўтрымліваць сваю царкву. Абсалютная большасьць людзей – пасьлядоўныя вернікі і, напэўна, такая сыстэма падаткаабкладаньня дала б і нашай Царкве вялікі фінансавы прыбытак, дзякуючы якому можна зрабіць шмат карыснага”.

(Бандарук: ) “Айцец Аляксандар Тарасэвіч згадаў пра Нямеччыну. Дзякуючы таму, што 56 мільёнаў немцаў плацяць царкоўны падатак ў памеры каля 9-ці адсоткаў месячнага заробку – у сярэднім 200 марак у месяц, пратэстанцкая і каталіцкая цэрквы адносна заможныя і яшчэ дапамагаюць іншым. Дарэчы, афіцыйны царкоўны падатак ад 1-го да амаль 10-ці адсоткаў існуе ў шэрагу эўрапэйскіх краінаў. У Вялікабрытаніі, Ірляндыі і ў Польшчы дзяржава гарантуе афіцыйным канфэсіям рэжым найбольшага спрыяньня пры ажыцьцяўленьні імі сацыяльных праграмаў. У Злучаных Штатах няма царкоўнага падатку, але суму, ахвяраваную на Царву, можна сьпісаць з падатку. У мусульманскіх краінах грамадзяне плацяць абавязковы падатак - “закят”, які дзяржава перадае мячэцям. Такім чынам, хіба з увядзеньнем царкоўнага падатку і ў Беларусі ні з рэлігійнага ні з практычнага гледзішча засьцярогаў не павінна быць? Айцец Тарасэвіч:”

(Тарасэвіч: ) “З пункту гледжаньня Сьвятога Пісаньня ніякіх засьцярогаў няма. Адзінае, што ад імя Царквы выступае дзяржава, што гэта яна зьбірае царкоўны падатак. Трэба таксама ўлічвацьўзровень жыцьця ў Беларусі, тое сацыяльнае становішча, канкрэтныя заробкі ў людзей . Калі б нават дзяржава заявіла, што царкоўны падатак тэхнічна магчымы, што будуць зьбірацца грошы і потым яны будуць пералічвацца на патрэбы цэркваў, то ўсё роўна не зусім маральна было б з боку царквы пайсьці на такі крок.

Улічваючы якраз сытуацыю, якую зараз маем у Беларусі, калі людзі не забясьпечаныя, у абсалютнай большасьці зьбяднелыя. Абцяжарваць іх яшчэ царкоўнымі падаткамі сапраўды было б немаральна”.

(Бандарук: ) “Гаварыў пробашч рымска-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацьця Прасьвятой Дзевы ў Бабруйску айцец Аляксандар Тарасэвіч. Варта адзначыць, што расейскія грамадзяне няшмат багацейшыя за беларусаў, аднак нічога немаральнага ў царкоўным падатку ня бачыць ні Мітрапаліт Кірыл, ні прадстаўнік 20-ці мільёнаў расейскіх мусульманаў, старшыня Рады муфціяў Расеі-Равіл Гайнутдзін. Нават дэпутат Дзярждумы Сяргей Глазьеў заявіў, што дзяржава павінна дапамагаць Царкве ў галіне дабрачыннасьці, што Царкве трэба даць такі ж статус, як установам аховы здароўя і асьветы. З другога боку, адзін з удзельнікаў дыскусіі ў Інтэрнэце напісаў, што РПЦ, якая актыўна займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю, павінна ўтаймаваць сваю хцівасьць. Акрамя таго, у гэтым ёсьць сур’ёзная небясьпека. Калі прыйдзецца сапраўды плаціць падатак на Царкву, можа атрымацца, што хаця Праваслаўе лічыцца “ рэлігіяй большасьці”, а на самой справе праваслаўных 4-5 адсоткаў… А вось, што сказаў наконт прапановы Мітрапаліта Кірыла епіскап Царквы Хрысьціянаў Эвангельскай Веры-Пяцідзесятнікаў Сяргей Хоміч:

(Хоміч: ) “Ініцыятыва праваслаўнага сьвятара цалкам зразумелая таму, што на сёньняшні дзень у Расеі як, дарэчы, і ў Беларусі, праваслаўная царква мае статус ледзь не дзяржаўнай рэлігіі. І, зразумела, ёй выгадна скарыстаць дзяржаўныя рычагі. Я разумею пазыцыю царкоўных кіраўнікоў. Сапраўды, на сёньняшні дзень прасьцей мець гарантаваную крыніцу прыбытку. Тым болей, калі дзяржава будзе выдзяляць нейкай канкрэтнай царкве салідную частку ўсіх збораў. Тут менавіта ўзьнікае пытаньне, як дзяржава будзе разьмяркоўваць гэтыя сродкі паміж мусульманаў, праваслаўных ды іншыя канфэсіі, хто якую частку атрымае. Калі аднак перайсьці на афіцыйны збор падаткаў, гэта мог бы быць той пранік і пуга ў залежнасьці ад сытуацыі. Проста дзяржава будзе падкормліваць выгадныя ёй цэрквы, альбо дэнамінацыі, альбо наадварот будзе пазбаўляць гэтага пайка тыя цэрквы, якія асьмеліліся выступіць супраць дзяржавы. Акрамя таго, я ўпэўнены, што, калі дойдзе да рэальнага збору падаткаў, то з 50-ці адсоткаў насельніцтва ў Беларусі, якое згодна статыстыцы нібыта праваслаўнае, сапраўды застанецца 5 адсоткаў”.

(Бандарук: ) “Сяргей Сяргеявіч, на думку вядомага аналітыка Сяргея Чапніна, хаця Патрыярхія называе лічбу 80-ці адсоткаў “гістарычна-праваслаўных”, аднак царкоўныя падаткі будуць плаціць ня болей
2-х % найбольш адданых вернікаў. Царкоўны публіцыст Якаў Кротаў гаворыць пра 1 %. Паводле Кротава, ў Расеі няма традыцыі плаціць царкоўны падатак. Стаўленьне да яго прыблізна такое, як да вайны ў Чачні: “ухвалялю яе, але сам не пайду ваяваць і дзяцей не пушчу”. Але вернемся да беларускіх пяцідзесятнікаў. У Вашай Царкве каля 700 зарэгістраваных і незарэгістраваных абшчынаў. Гэта некалькі дзесяткаў тысячаў вернікаў. Пра пяцідзесятнікаў склалася ўяўленьне, што яны актыўныя і дысцыплінаваныя, а гэта значыць, што яны таксама акуратна плаціцлі б царкоўны падатак і для царквы гэта магло б быць карысным. Як Вы ставіцеся да прапановы Мітрапаліта Кірыла?”

(Хоміч: ) “Наша думка, асабіста мая, як кіраўніка Саюзу Хрысьціянаў Эвангельскай Веры, і, я ўпэўнены, думка абсалютнай большасьці нашых пастараў такая: падобнага кшталту царкоўнага падатку не павінна быць! Па-першае, у Сьвятым Пісаньні гаворыцца, на якія сродкі павінна ўтрымоўвацца Царква. У Бібліі сказана, што гэта павінны быць дабраахвотныя ахвяраваньні. Паводле Бібліі, канкрэтны памер гэтых ахвяраў: дзесятая частка ад прыбытку - десяціна. Але я падкрэсьліваю – гэта дабраахвотная ахвяра. Калі людзі разумеюць, што, ахвяроўваючы, яны робяць Божую справу, калі яны ўсьведамляюць, што прыносяць ахвяру Госпаду, калі вернікі будуць кіравацца біблейскімі ўказаньнямі, я больш чым упэўнены, што сродкаў хопіць на тое, каб дапамагаць бедным, каб будаваць царкоўныя памяшканьні, што, дарэчы, мы і робім. Нашы людзі прыносяць ахвяраваньні. Сродкаў, якія нашыя цэрквы атрымоўваюць ад людзей, цалкам дастаткова для таго, каб працягваць пастырскую, місіянерскую дзейнасьць і нават падтрымліваць місіянераў ў іншых краінах. Бяда ў тым, што зараз у людзей мізэрныя заробкі. Калі з тых 30 даляраў ў месяц чалавек ахвяруе ў Царкву 3 даляры, дык гэтага, вядома, мала, каб нешта зрабіць. Але, калі ў нас заробкі будуць такія як ў Нямеччыне, я думаю, што нашы місіянеры будуць працаваць ў Нямеччыне”.

(Бандарук: ) “Гаварыў епіскап Саюзу Хрысьціянаў Евангельскай Веры -Пяцідзесятнікаў Сяргей Хоміч. Хачу адзначыць, што ў многіх краінах сьвету царкоўны падатак становіцца мала папулярны. У Італіі і Гішпаніі ён дабраахотны, але на Царкву можна накіраваць ўсяго адзін адсотак падаткаў. У Швайцарыі дабраахвотна пералічваюць частку сваіх заробкаў Царкве ўсяго 20 адсоткаў вернікаў. Найбольш акуратна і бяз нараканьняў плацяць царкоўны падатак 98 адсоткаў аўстрыйцаў, аднак у той жа заможнай Нямеччыне штогод, ад 150-ці да 250-ці тысячаў немцаў афіцыйна выпісваюцца са сваіх цэркваў. Асноўны аргумэнт наступны: “Мя ня ходзім у царкву, нашыя дзеці не наведваюць царкоўную школу і мы ня ведаем-куды ідуць нашыя грошы”. Паводле Натальлі Бабасян з “ Новага Время”, увядзеньне царкоўнага падатку ў Расеі малаверагоднае. На такі крок у ніякім разе ня пойдуць дзяржаўныя ўлады. У якасьці кампраміснага кроку ў пачатку красавіка расейскі ўрад прыняў толькі пастанову аб вызваленьні ад падатку на дабаўленую вартасьць прадметаў рэлігійнага прызначэньня, аб чым гаварыў епіскап Арцемій . Затое, як лічаць некаторыя аналітыкі, ініцыятыва Мітрапаліта Кірыла можа быць нядрэннай разьменнай картай у барацьбе за царкоўную маёмасьць, якая дагэтуль ня вернутая Царкве. Што тычыцца Беларусі, дык тут сытуацыя аналягічная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG