Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Лось: “Я не самотны, я хутар маю”


Міхась Скобла, Менск

Лясную дарогу пад Ракавам нечакана перакрывае шлягбаўм з надпісам: “Увага! Прыватная ўласнасьць!”. Пэйзаж даволі нязвыклы для нашай краіны. Гэта хутар Алеся Лася — заснавальніка батлеечнага тэатру, стваральніка музычных інструмэнтаў і увогуле майстра на ўсе рукі. Сябра двух Саюзаў мастакоў — польскага й беларускага — ён пазьбягае творчых тусовак і справай сваёй любіць займацца на адзіноце. Алесь дзесяць гадоў вандраваў па Цэнтральнай і Заходняй Эўропе ды ўрэшце вярнуўся ў Беларусь і стала пасяліўся на закінутым хутары. Там ён мэдытуе, развучвае старадаўнія танцы з моладзьдзю, а ў вольны час даглядае баброў і чорных дзятлаў... Сёньня Алесь — госьць “Вольнай студыі”.

(Міхась Скобла: ) “Алесь, сёньня для спакойнага жыцьця сьвет сапраўды няўтульны. Ад тэрактаў па тэлевізары й гвалту за вакном многія ўцякаюць у вёску, на лецішча. Ты ўцёк далей за ўсіх — на лясны хутар. Ты не самотны там?”

(Алесь Лось: ) “Я не самотны, я хутар маю…” Уцёк — ня тое слова. Можа быць — вярнуўся або знайшоў месца, дзе адчуваеш сябе спакойна, месца для мэдытацыі. Я па натуры чалавек гарадзкі й нават патомны мянчук — і маці, і бацька мае зь Менску. Але вось жыву на хутары. Дарэчы, ён стаіць на старым Віленскім тракце, і такое ўражаньне, што Вільня да яго бліжэй, чым Менск.

(Скобла: ) “Але ж да Менску адтуль кілямэтраў 40, а да Вільні ўсе 150 будуць…”

(Лось: ) “І тым ня менш. Мой хутар — гэта месца, у якое трэба ўвайсьці. Там цяжка адчуць сябе гаспадаром, хутчэй госьцем. Усё настройвае на высокі лад — і краявід, і рэчка, якая цячэ побач, і луг заліўны, і кавалачак лесу...”

(Скобла: ) “Добры кавалачак — пушча на ўсе чатыры бакі”.

(Лось: ) “Ну каму, як не Ласю, думаць пра лес?.. Месца настройвае на пэўную хвалю, там можна сканцэнтравацца. Гэта для мяне вельмі каштоўна”.

(Скобла: ) “Ты, як сам прызнаўся, “чалавек лесу”, любіш цішыню, спакой. Але часам твой мабільнік адгукаецца аднекуль з-пад Варшавы. Чым ты займаешся ў Польшчы?”

(Лось: ) “Гады паўтары ў Беластоку праводзіў заняткі старадаўняга беларускага танцу, абрадавых дзействаў, заняткі сьпеваў. Рабіў таксама музычныя інструмэнты, займаўся рэканструкцыяй дудаў, ліраў карбовых”.

(Скобла: ) “Пры выкананьні якіх твораў выкарыстоўвалася карбовая ліра?”

(Лось: ) “Пры выкананьні духоўных кантаў, народных песьняў, сьвецкай музыкі. Гэта цэлы велічэзны пласт духоўнай культуры. Прыкладам, карбовая ліра аздабляла посныя песьні, якія сьпяваліся падчас посту: “Ой бываў жа чалавек, у роскашы бываў, у раскошным плацьці ўсё пахаджываў...” На чужыне цікавыя рэчы робяцца, але там добра быць госьцем. А гаспадаром трэба быць на сваёй зямлі. Таму вось і хутар узьнік, ён — гэта цэлы этап у маім жыцьці”.

(Скобла: ) “Падчас нашай нядаўняй паездкі па заходне-беларускіх мястэчках я бачыў, як табе блізкі гэты ляндшафт, зь якім узрушэньнем ты заходзіў у старыя касьцёлы. Што для цябе найбольш важнае, найбольш істотнае ў іх — беларуская мова з вуснаў сьвятара, ці вось гэтае адчуваньне: “ціха — Бог блізка”?”

(Лось: ) “Дух некрануты, які, можа быць, пакрыты пылам, абсыпаны ў сваіх абразах, можа быць, арганы ня граюць так, як хацелася б, але вось гэтая аўтэнтычнасьць мне важней за ўсё. Яна захавалася ў старых рэчах, яна дае вельмі высокія эмоцыі. Калі стаіш і назіраеш, як людзі ў такім касьцёле моляцца, адчуваеш нейкую глыбокую праўду. Няма фальшы. Але часам заходзіш у стары касьцёл, які стаіць ужо 300–400 гадоў, і бачыш, як нейкія аматары ў старым інтэр’еры спрабавалі нешта зрабіць — ці то рэканструкцыю, ці то рэстаўрацыю абразоў”.

(Скобла: ) “Мне неаднойчы даводзілася чуць, што часам іканастасы ці абразы вязуць на рэканструкцыю ажно ў Польшчу. У нас няма адпаведных спэцыялістаў?”

(Лось: ) “Хапае ў Беларусі рэстаўратараў, і вельмі неблагога роўню. Але тут такая рэч — прыход сам мае права распараджацца тымі каштоўнасьцямі, якія маюцца ў касьцёле. А хто іх тут можа ацаніць? І часам вельмі каштоўныя абразы, якія ідуць на рэстаўрацыю за мяжу, вяртаюцца адтуль у непазнавальным выглядзе. І думаеш — ці той гэта абраз?..”

(Скобла: ) “Вернемся, аднак, на твой хутар. Мяне зьдзівіла, што набыўшы яго, ты новага ня ўводзіш, старога не парушаеш. Нават старыя здымкі колішніх гаспадароў засталіся на сьценах. А вось якім хутар бачыцца табе ў пэрспэктыве: добра загаспадараным маёнткам ці ўсё ж месцам адпачынку?”

(Лось: ) “Усе, хто прыяжджае да мяне, гэтае месца ўспрымаюць зь вялікай удзячнасьцю. І зьвяры тут жывуць, і чаплі вечарам прылятаюць жабаў палавіць на балотцы. Дзьве сям’і чорных дзятлаў жыве. Але зямля патрабуе чалавечага дотыку. Трэба нешта рабіць, каб яна не зарастала крапівой і лебядой. Ну й прыемна летам цыбуліну якую сарваць, пятрушку, бацьвіньне”.

(Скобла: ) “Найбліжэйшае да твайго хутара паселішча — мястэчка Ракаў. Старажытнае, зь беларускім духам сваім, нездарма, едучы праз Ракаў, можна пабачыць на франтоне аднаго з дамоў Пагоню. А жывучы ў лесе, няма патрэбы нешта некаму даказваць, нешта дэманстраваць. Набываючы хутар, ты, відаць, і да гэтага імкнуўся?”

(Лось: ) “Гледзячы што і ў якой форме дэманстраваць, як трактаваць сваю грамадзянскую пазыцыю і пад якім знакам сваё грамадзянства адчуваць. Сымбаль творыць стыль жыцьця. Ствараючы стыль, чалавек выказваецца”.

(Скобла: ) “Але ж перад бабрамі ці чаплямі выказвацца ня трэба”.

(Лось: ) “Хутчэй яны выказваюцца — для мяне й для тых, хто ў мяне бывае. Тут стыль месца творыцца і тымі самымі бабрамі, і дзятламі. Кожны абываталь гэтай зоны прамаўляе на сваёй мове, што ён — тутэйшы, ён — з гэтай зямлі. Вось тут недалёка Вішнева, мы яго праяжджалі. Дзеткі там гавораць сваёй роднай моваю не таму, што так трэба, а таму што на іншай ня могуць. Яны ў гэтай мове вырасьлі й гавораць на ёй натуральна, бяз штучных акцэнтаў. Як чаплі тыя, што вунь на балоце дзюбамі сваімі кляскаюць”.

(Скобла: ) “Ты вырабляеш батлейкі, робіш выдатныя дуды, на якіх граюць вядомыя музыкі. Зрабіўшы інструмэнт, ты нейкім чынам адсочваеш яго далейшае жыцьцё, а можа, рамантуеш па гарантыі?”

(Лось: ) “Такога не здаралася, каб мне прыносілі інструмэнт і гаварылі — тут нешта ня так. Праўда, дудаў я зрабіў ня так і шмат — штук пятнаццаць. Частка зь іх раскіданая па сьвеце, частка ў Польшчы, адна — у Брусэлі, у Каралеўскім музэі, што мне вельмі прыемна. Я й цяпер патроху раблю. Але рабіць дуды — гэта ня тое, што маеш заказ і робіш. Яе трэба як бы нарадзіць, перажыць усе стадыі яе зьяўленьня на сьвет”.

(Скобла: ) “А майстры-канкурэнты ў цябе ёсьць у Беларусі?”

(Лось: ) “Ды няма ніякай канкурэнцыі. Робіць дуды мой сябра Хведар Кашкурэвіч, рабіў раней Уладзімер Пузыня. От і ўсе майстры. Калі няма заказу, я таксама раблю дуды, экспэрымэнтую. Вось цяпер працую над двухбурдоннай дудой, якая была вельмі распаўсюджаная ў ХІХ стагодзьдзі. Гэта калі два бурдоны з рагаўнямі настроеныя, напрыклад, у до-соль, і жалейка адна. Двухбурдонная дуда рабілася зь вялікага ворку (цэльнага скуранога мяшку), граючы, музыка трымаў яе перад сабою. Найбольшае распаўсюджаньне яна мела на Віцебшчыне й Полаччыне.

Хацелася б аднавіць гэтую традыцыю, бо яшчэ дударскія песьні там-сям сьпяваюцца. Раней жа цэлы год дуда грала. Усе абрадавыя сьвяты праводзіліся з дудамі. Нават калі гулялі вясельле, то дудар праводзіў яго, пачынаючы ад заручынаў, і да канца — ён быў галоўным сцэнарыстам і рэжысэрам. А музыкі — скрыпка, цымбалы — наймаліся толькі для танцаў”.

(Скобла: ) “Пад твае дуды найграны ўжо не адзін музычны альбом. А ты сам, як той кравец, абыходзіўся бяз ботаў. І вось нядаўна пабачыў сьвет твой уласны кампакт-дыск — песьні на словы Ларысы Геніюш. Чым табе, перакананаму хутаранцу, блізкая творчасьць паэткі дзейнай, актыўнай, якая ўвесьчасна старалася быць у гушчыні падзеяў?”

(Лось: ) “У дыск увайшло 28 песьняў, хоць іх у мяне значна болей. Паэзія Геніюш навяла мяне на канкрэтны жанр. Гэта ня песьні, гэта сьпяваная паэзія. Мне творчасьць Геніюш блізкая сваім моцным беларускім духам, шчырасьцю й мэлядычнасьцю. “Лепш ня кліч у сьвет мяне з сабою. Мне патрэбен вецер малады, гутарка адвечная зь зямлёю, асабліва як цьвітуць сады…” Гэта ж гатовая песьня! Толькі акорды падабраць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG