Многія нашыя слухачы, аналізуючы ў сваіх лістах найбольш значныя міжнародныя падзеі апошняга часу, пішуць пра ірацкі крызыс і пра стаўленьне да яго ў Беларусі. Час ад часу ў розных формах сустракаецца пытаньне накшталт таго, якое задае ў сваім лісьце Мікалай Шапецька з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці:
“Я не ў захапленьні ад палітыкі Садама Хусэйна і не разумею, навошта Аляксандру Лукашэнку спатрэбілася падтрымліваць багдадзкага дыктатара. Але я таксама не магу зразумець амэрыканцаў. Ці мала ў сьвеце агідных рэжымаў, самаўладных дыктатараў, якія, захапіўшы ўладу ў маладосьці, ня хочуць разьвітвацца зь ёй да самай сьмерці? Вазьміце тых жа Фідэля Кастра, Муамара Кадафі, Кім Чхен Іра, ды і амаль усіх азіяцкіх валадароў, у тым ліку былых савецкіх — Ніязава, Карымава... Іх што, таксама закідваць бомбамі? Ды на іхнае месца прыйдуць такія ж, калі яшчэ ня горшыя. Многія народы проста не дарасьлі да дэмакратыі, яна ня ёсьць для іх чымсьці каштоўным. І ніякімі бомбамі тут не дапаможаш...
Я разумею, што для вашага амэрыканскага радыё гэтае пытаньне непрыемнае. І ўсё ж хацелася б, паважаны Валянцін Жданко, каб вы не ўхіляліся ад прамога адказу”.
Пагаджуся з вамі, спадар Шапецька: дыктатарскіх рэжымаў нямала, і многія зь іх выглядаюць зусім не прывабней за багдадзкі рэжым. Праўда і тое, што праблематычна казаць пра ўсталяваньне дэмакратычнага ладу (у заходнім разуменьні гэтых словаў), калі мець на ўвазе многія мусульманскія краіны трэцяга сьвету.
Уся праблема ў тым, наколькі гатовыя гэтыя дыктатарскія рэжымы выконваць міжнароднае права, не ўяўляць небясьпекі для іншых краінаў, ня быць пастаяннай крыніцай напружанасьці. Амэрыканскія салдаты ўвайшлі ў Афганістан ня дзеля таго, каб навучаць талібаў дэмакратыі, а найперш дзеля таго, каб абараніць свае сем’і ад той пагрозы, якая стала відавочнай 11 верасьня 2001 году.
Гэтак сама ў выпадку з Садамам Хусэйнам. Ён стаў небясьпечным тады, калі дзесяць гадоў таму аддаў загад акупаваць суседнюю маленькую краіну — Кувейт. Ён кінуў выклік астатняму сьвету. І паколькі вядома, што Ірак мае зброю масавага зьнішчэньня, пакуль Хусэйн пры ўладзе, сьвет ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы.
Некалькі лістоў на тэму мясцовых выбараў, другі тур якіх адбыўся ў мінулую нядзелю. Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну пісала свой ліст да дня галасаваньня, натуральна, ня ведаючы, якімі будуць вынікі выбараў. Але яе перасьцярогі гучаць актуальна і цяпер:
“Мясцовыя саветы маюць вялізны мех абавязкаў, торбу правоў і толькі табакерку грошай. Пры такім палітычным стане і эканамічных магчымасьцях саветаў гаварыць пра нейкую дзеяздольнасьць няма сэнсу. Дык навошта туды пнуцца, шаноўныя? Хіба толькі дзеля таго, каб улада выглядала больш дэмакратычна? Маўляў, бачыце, побач сядзяць апазыцыянэры. А апазыцыянэры гэтыя пры такой уладзе заўсёды будуць у меншасьці (калі яшчэ наогул там, у саветах, будуць)”.
Далей, зьвяртаючыся да апазыцыі, Ірына Барысевіч з Парэчча Гарадзенскага раёну піша:
“Шаноўныя, вельмі ўдзячная вам за намер данесьці да мяне, як выбаршчыцы, свае погляды. Але я не задаволеная, што нясеце вы іх акольнымі шляхамі. Каб не стаміліся вы часам у дарозе. Тым больш, што погляды вашы розныя і часам не зусім зразумелыя…Тым часам галоўная ідэалягічная зброя (тэлебачаньне) у руках улады. Сабраць вялікую колькасьць выбарцаў ніхто вам не дазволіць. А хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй…
Шаноўныя, супраць гэтага ёсьць дабаўка пэнсіяў на пляшку гарэлкі, своечасовая выплата заробкаў і кандыдаты, якія валодаюць рэальнай уладай і эканамічнымі магчымасьцямі дзеля таго, каб узьдзейнічаць на выбарцаў”.
Заканчвае свой ліст Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну наступнай заўвагай, адрасаванай мне:
“Буду задаволеная, спадар Жданко, калі вы са мной не пагодзіцеся”.
Чаму ж, спадарыня Барысевіч, усё, што вы напісалі й пра абмежаваныя паўнамоцтвы саветаў, і пра сьціплыя магчымасьці дэмакратычных кандыдатаў, і пра несумленныя мэтады барацьбы, ужытыя ўладай падчас выбарчай кампаніі — на маю думку, цалкам слушна. Але якая альтэрнатыва ў дэмакратычных сілаў? Увогуле ня ўдзельнічаць у выбарах? Тактыка байкоту магла б быць эфэктыўнай у тым выпадку, калі б яго падтрымала большасьць насельніцтва. Але людзі на выбары гатовыя былі ісьці, многія зьвязвалі з гэтым спадзяваньні на зьмены.
Працягнем выбарчую тэму. Апазыцыйныя сілы, якія наважыліся ўдзельнічаць у выбарах, мелі надзею на тое, што плённай будзе агітацыйная кампанія. І што ўжо толькі дзеля гэтага выбары ігнараваць ня варта. Ці ўдалося выкарыстаць гэтыя магчымасьці? Наш слухач Віктар Кавешнікаў зь Менску лічыць, што не:
“Цяжка прыгадаць у найноўшай гісторыі Беларусі іншыя такія ж ціхія і непрыкметныя выбары. Мясцовыя саветы амаль бяспраўныя перад чыноўніцкай вэртыкальлю. Тым ня менш, многія палітычныя партыі вырашылі браць удзел у гэтым фарсе. Маўляў, дзеля таго, што зьяўляецца магчымасьць легальнай агітацыі сярод насельніцтва. Але ці была тая агітацыя? За некалькі дзён да выбараў я ня бачыў ніводнай агітацыйнай улёткі, ніводнага пікету ці мітынгу. Відаць, ня надта гэта было патрэбна.
Гуляючы разам з уладай у дэмакратыю, апазыцыя ўласнаручна спрыяе легалізацыі гэтай улады і разам зь ёй крочыць да стратэгічнай мэты — зьнішчэньня беларускай незалежнасьці. Ужо распачаўся распродаж за бесцань беларускай эканомікі. А пасьля ўводу ў абарачэньне расейскага рубля пытаньне беларускага сувэрэнітэту ўвогуле стане недарэчным”.
Так, агітацыйная кампанія сапраўды была ня дужа заўважнай. Многія проста баяліся даць лішнімі ўлёткамі ці мітынгамі зачэпку выбарчым камісіям для скасаваньня рэгістрацыі. І ўсё ж, спадар Кавешнікаў, на маю думку, пакуль рана гаварыць пра тое, што апазыцыя дапусьціла памылку. Так, посьпехі яе больш чым сьціплыя, і тым ня менш, дзясяткі дэмакратычных прадстаўнікоў прайшлі ў саветы розных узроўняў. Яны ня будуць мець вырашальнага голасу, але ўжо набылі дадатковую трыбуну і дадатковыя магчымасьці.
У адрозьненьне ад вылучэнцаў улады, гэтыя людзі, як правіла, палітычна вельмі актыўныя, энэргічныя, кантактныя. Часам гэта мае нават большае значэньне, чым колькасная перавага. Згадайце хоць бы досьвед Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.
Ліст з Украіны, ад Мікалая Касьянава з гораду Севераданецку Луганскай вобласьці:
“Часам слухаю вашы перадачы і пэрыядычна бываю на радзіме. Гледзячы на тое, што там адбываецца, ніяк не магу зразумець, чаму людзі абыякавыя да таго бязладзьдзя, якое творыць у вас адзін чалавек. Складваецца нават уражаньне, што беларусам, апроч капаньня бульбы, нічога больш не патрэбна. Калі толькі капаць і ня думаць — прагрэсу ня будзе...
Калі ў краіне пачынаюць зьнікаць здольныя лідэры — над дэмакратыяй навісае сапраўдная небясьпека. Гэта зараз адбываецца ў Беларусі. Чаму беларусы не патрабуюць вяртаньня сваіх найлепшых людзей — Пазьняка, Быкава? Чаму нікога не цікавяць лёсы зьніклых — Ганчара, Захаранкі?.. Чаму абліваюць брудам такіх, як Шушкевіч? За што пасадзілі Бандажэўскага?
З усім набалелым магу зьвярнуцца толькі на ваша Радыё Свабода. Спадзяюся, што вы, спадар Жданко, прачытаеце мой ліст”.
Не пагаджуся, спадар Касьянаў, з вашым цьверджаньнем, што нікога ў Беларусі не цікавяць лёсы зьніклых палітыкаў і ніхто не заклапочаны тым, што з краіны зьяжджаюць такія асобы, як Васіль Быкаў. Ужо каторы год дзясяткі й сотні людзей пэрыядычна выходзяць на цэнтральныя вуліцы і плошчы Менску ды іншых беларускіх гарадоў, каб нагадаць пра загадкавыя зьнікненьні апанэнтаў рэжыму ды запатрабаваць ад улады выявіць злачынцаў, якія ў гэтым вінаватыя.
Гэтая тэма таксама не перастае гучаць і ў дэмакратычным друку, і на масавых акцыях апазыцыі. Іншая рэч, ці ёсьць у масавай, грамадзкай сьвядомасьці ўсьведамленьне таго, наколькі небясьпечная гэтая зьява і якія драматычныя наступствы яна можа мець для будучыні нацыі? Але гэтая праблема ўласьцівая ня толькі Беларусі, але і іншым постсавецкім грамадзтвам, у тым ліку і ў вас ва Ўкраіне.
На заканчэньне — ліст ад Сяргея Ясінскага, інжынэра заводу “Ўнівэрсал” з Салігорску Менскай вобласьці. Ён даслаў словы падтрымкі на адрас Людмілы Гразновай, якую пасьля маршу 12 сакавіка разам зь яшчэ трыма арганізатарамі акцыі, Андрэем Саньнікавым, Зьмітром Бандарэнкам і Леанідам Малахавым, улады пазбавілі волі, і ў гэтыя дні яны адбываюць пакараньне. Сяргей Ясінскі піша:
“Шаноўны Валянцін Жданко, перадайце, калі ласка, словы нашага захапленьня Людміле Гразновай. Людміла Мікалаеўна — адна з найлепшых жанчын Беларусі. Уся яе дзейнасьць накіраваная на змаганьне за свабоду і незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Яна моцны духам чалавек, яе ня зламаюць запалохваньні ўлады. А яшчэ гэта проста прывабная ўсьмешлівая жанчына, з пачуцьцём гумару і нязьменным аптымізмам. Яна для нас і многіх іншых людзей стала сымбалем чалавечай дабрыні, спагады і міласэрнасьці”.
Сяргей Ясінскі і ягоныя аднадумцы і калегі з салігорскага заводу “Ўнівэрсал” жадаюць Людміле Гразновай духоўнай і фізычнай бадзёрасьці, каб вытрымаць тыя выпрабаваньні, якія яе напаткалі.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксандар Харлап з Салігорску, Яўгенія Качанава з украінскага гораду Маладагвардзейску Луганскай вобласьці, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Андрэвуш Шчура зь расейскай вёскі Шыльскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.