Многія нашы слухачы па-ранейшаму згадваюць падзею, якая адбылася ў Беларусі тыдзень таму — выбары ў мясцовыя саветы. Пішуць у асноўным пра заўважаныя парушэньні. Разважаюць — ці варта дэмакратычным сілам надалей удзельнічаць у выбарчых кампаніях, калі машына фальшаваньняў адладжаная ўладай да такой дасканаласьці.
Пра адметны выпадак, што меў месца на адным з выбарчых участкаў, распавёў у сваім лісьце Валеры Пуціцкі, прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Рэчыцы. Ён піша:
“У нашым горадзе ў акрузе №9 кандыдатам быў Ігар Забіран, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У гэтай жа акрузе жыве ягоная маці. Якім жа было зьдзіўленьне жанчыны, калі да яе прыйшлі суседзі і распавядаюць:
— Хацелі прагаласаваць за твайго Ігара, але ў бюлетэнях чамусьці не было ягонага прозьвішча.
—
Маці пабегла на ўчастак, і выявілася: сапраўды, там нібыта незнарок пераблыталі бюлетэні, далі зь іншай акругі.
А шостай вечара ва ўчастковай камісіі прапанавалі Ігару Забірану, каб ягоная давераная асоба разам зь сябрамі камісіі прайшлі па кватэрах людзей, якім выдалі ня тыя бюлетэні, і каб яны прагаласавалі наноў. Забіран адмовіўся, але камісія гэта зрабіла сама. Нехта перагаласаваў, некага ўвечары не было дома, але бальшыня казала, што гэта падман: яны ўжо галасавалі, і перагаласоўваць ня будуць.
Вынік выбараў: Ігару Забірану не хапіла 16-ці галасоў, каб трапіць у другі тур. Відавочна, што вынікі такога галасаваньня трэба прызнаць несапраўднымі, але Рэчыцкая пракуратура пакуль маўчыць”.
Падобных выпадкаў вельмі шмат. Многіх няўгодных уладзе кандыдатаў проста не дапусьцілі да выбараў — адфільтравалі на этапе рэгістрацыі, ці нават пасьля яе. Бадай, можна сьцьвярджаць, што ў Беларусі вернутая практыка псэўдавыбараў савецкага ўзору. Балазе, адмыслоўцаў, якія праводзілі гэтак званыя “выбары” за камуністамі, засталося шмат, і іхны досьвед цяпер запатрабаваны.
Ліст ад Якава Зінчанкі, з украінскай вёскі Іскра Вяліканавасёлкаўскага раёну Данецкай вобласьці. Слухач піша:
“Мне 25 гадоў, я — інвалід 1-й групы з хваробай вачэй, таму пад маю дыктоўку вам піша мама. Некалькі гадоў таму выпадкова натрапіў на хвалю Беларускай Свабоды, і з таго часу мне вельмі падабаецца слухаць вашыя перадачы. Потым мне ў рукі трапіла кніга на беларускай мове, і зь яе дапамогай, як мне здаецца, я вельмі някепска вывучыў беларускую мову. Часам мне нават падаецца, што я больш беларус, чым украінец. Напісаў нават вось такі кароткі верш на беларускай мове:
Я вывучаю мову лясоў,
Мову вёсак і гарадоў,
Мову зялёнай травы і балот...
І дзень, і месяц, і год.
З усіх вядучых мне найбольш падабаецца Алена Радкевіч. Яе голас здольны абудзіць добры настрой, нават калі на душы ня дужа радасна.
Жыву ў вёсцы з бацькамі. З прычыны хваробы нідзе не працую, але маю захапленьне — займаюся экалагічнай асьветай насельніцтва, належу да Украінскай грамады аховы птахаў.
Даўно хачу набыць аўдыёкасэту зь беларускімі народнымі песьнямі, або кнігу па экалогіі на беларускай мове. Але ў нас нічога гэтага, на жаль, няма”.
Пад лістом Якава Зінчанкі прыпіска ад ягонай маці Валянціны Іванаўны: “Прашу вядучых Радыё Свабода прабачыць за мае памылкі, бо на беларускай мове я пісала ўпершыню ў жыцьці”.
Ваш ліст, дарагі Якаў і шаноўная Валянціна Іванаўна, нас вельмі ўсьцешыў і парадаваў. Асабіста для мяне было вялікай нечаканасьцю даведацца, што недзе ў далёкай украінскай вёсачцы, за сотні кілямэтраў ад беларускай мяжы, хлопец зь цяжкой хваробай вачэй пад уплывам нашых перадачаў узяўся вывучаць беларускую мову. І зусім няблага вывучыў. Міжволі згадалася пра многіх равесьнікаў Якава ў Беларусі, маладых і здаровых, у якіх зусім іншае стаўленьне да мовы (прычым не да чужой — да мовы сваіх продкаў).
Высылаем вам, Якаў, колькі дыскаў зь беларускімі песьнямі ў выкананьні Міхася Забэйды-Суміцкага і Віктара Шалкевіча, а таксама зборнік “Верш на Свабоду”, складзены з паэтычных твораў, якія гучалі цягам 2001 году на нашых хвалях.
Мікалай Лясовіч зь Менску разважае пра Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі, які мае адбыцца ў гэтым месяцы:
“Пачуў па Свабодзе, што сход адбудзецца пад дэвізам “За незалежнасьць!” На маю думку, дэвіз такі — ня самы ўдалы. Я распавёў пра гэта двум сваім знаёмым (абодва — інтэлігентныя працавітыя людзі, праціўнікі дыктатуры Лукашэнкі). Яны падтрымалі мае апасеньні: быў ужо такі кангрэс. Ды й самому Лукашэнку цяпер патрэбная незалежнасьць, так што вялікай небясьпекі для яе няма.
Вам, журналістам, добра вядома, як важна даць удалую назву. Вось і сход неабходна назваць так, каб гэта знайшло водгук сярод большасьці інтэлігенцыі і народа. Магчыма, пасаваў бы такі варыянт: “За свабодную, цывілізаваную, незалежную, дэмакратычную Беларусь; за выратаваньне беларускай мовы і культуры; за вызваленьне Беларусі ад самаблакады дыктатурай, якая губіць эканоміку, узровень жыцьця, жыцьцё народа...” Натуральна, такой назве павінен будзе адпавядаць зьмест працы сходу”.
Ня думаю, спадар Лясовіч, што назва ці дэвіз у гэтым выпадку маюць вырашальнае значэньне. На маю думку, больш важна тое, якія асобы возьмуць удзел у гэтым сходзе, якім будзе абмеркаваньне грамадзка важных праблемаў (вы іх пералічылі ў сваім лісьце зусім слушна), а ў канчатковым выніку — які розгалас атрымае гэты сход у грамадзтве і як калектыўная воля інтэлігенцыі паўплывае на паводзіны ўлады.
Пра стасункі паміж інтэлігенцыяй і ўладай разважае ў сваім лісьце і Міхаіл Лукашэвіч з Кобрыну. Слухач піша:
“Толькі цяпер беларуская інтэлігенцыя робіць нейкія намаганьні, каб згуртавацца. Але час ужо згублены. Трэба было гэта рабіць, калі існаваў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. А зараз камуна–фашыстоўскі рэжым трымае сытуацыю ў сваіх руках, і будзе душыць усе дзеяньні апазыцыі.
...У свой час ад прусаў засталася толькі назва — “Прусія”. Тое самае робіць сёньня з намі расейскі імпэрыялізм. Дайшло да таго, што адступаць ужо няма куды.
Не магу пагадзіцца з Алегам Трусавым, які выступаў у адной з вашых перадачаў і адстойваў шлях эвалюцыі. Тая гэтак званая эвалюцыя прывядзе нас да канчатковай асіміляцыі. Трэба паднімаць народ, які павінен зьмесьці дыктатуру. Гісторыя сьведчыць, што зло перамагаецца дабром, але дабром большай, чым гэтае зло, масы”.
Не магу пагадзіцца з вамі, спадар Лукашэвіч, што час непапраўна ўпушчаны і што цяпер нельга казаць пра эвалюцыю, а адзінае выйсьце — гэта, як вы пішаце, “паднімаць народ”, каб “зьмесьці дыктатуру”. Зьмена ўлады рэвалюцыйным чынам ніколі цягам апошняга стагодзьдзя айчыннай гісторыі не прыносіла беларусам палёгкі і не вырашала нацыянальных праблемаў. Гісторыя сьведчыць: плёнам рэвалюцыяў найчасьцей карысталіся людзі, яшчэ больш амаральныя, чым папярэдняя ўлада. Ды й заклікі ўзьнімацца на барыкады сёньня гучаць ня дужа актуальна. Іншая рэч — мірныя пратэсты, патрабаваньні справядлівых і дэмакратычных выбараў, празь якія толькі й магчыма дабіцца законнай, абгрунтаванай воляй большасьці народа, зьмены ўлады. Але гэта і ёсьць шлях эвалюцыі, супраць якой вы, спадар Лукашэвіч, выступаеце.
На заканчэньне — ліст ад Станіслава Гарадзецкага зь вёскі Сьвілы Воранаўскага раёну, які распавёў гісторыю трагічнай гібелі свайго сына Віктара. Трагедыя адбылася больш як 12 год таму, на памежнай зь Літвой рацэ Шальча. Бацька лічыць, што гэта быў не няшчасны выпадак, як тое сьцьвярджаюць сьведкі й міліцыя, а наўмыснае забойства сына ягонымі сябрамі–аднавяскоўцамі, з прымяненьнем электратоку.
“За гэтыя 12 год я напісаў вельмі шмат скаргаў ва ўсе інстанцыі,— піша Станіслаў Гарадзецкі зь вёскі Сьвілы Воранаўскага раёну.— Але мае скаргі па сутнасьці не правяраліся — адусюль дасылалі толькі адпіскі: маўляў, сьледзтва праведзена законна і правільна. Зроблена гэта ўсё з адзінай мэтаю — каб схаваць забойства. Беларусь увогуле ператварылася ў запаведнік вольнага разгулу злачыннасьці. Адсюль і ўсе парушэньні правоў чалавека”.
Можна зразумець боль і падозраньні, якія трывожаць вас усе гэтыя доўгія гады, спадар Гарадзецкі. На жаль, мы ня маем ні магчымасьцяў, ні паўнамоцтваў выконваць абавязкі сьледзтва і падрабязна разьбірацца ў гэтай даўняй і заблытанай гісторыі. Натуральна, цяжка зьмірыцца з гібельлю самага блізкага табе чалавека. Хоць падобных трагічных здарэньняў, на жаль шмат: калі рызыкоўная і забароненая рыбная лоўля (з дапамогай гэтак званых “электравудаў”) ператвараецца ў трагедыю. І далёка не заўсёды выпадае шукаць у гэтых выпадках злачынныя намеры ўдзельнікаў гэтых трагедыяў і тых, хто вёў сьледзтва.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Слуцкі і Віктар Кавешнікаў зь Менску, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну і Анатоль Арэшка з украінскага сяла Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.