Хоць наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, відавочна, адбудуцца няхутка, многія нашыя слухачы ўжо сёньня задумваюцца над тым, як будуць паводзіць сябе ўлада і апазыцыя бліжэй да 2006 году, калі будзе сканчацца ўжо аднойчы падоўжаны 12-гадовы тэрмін кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары лістоў, якія наважваюцца аналізаваць гэтую тэму, як правіла, лічаць неабходным папярэдзіць апазыцыю, што Лукашэнка з уладай не захоча разьвітвацца і надалей. Вось што напісаў з гэтай нагоды Мікалай Міхалевіч зь Менску:
“Пажадана было б ужо сёньня пачуць меркаваньне дасьведчаных асобаў наконт таго, паводле якога сцэнару могуць разгортвацца падзеі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Бо функцыянеры трымаюцца за ўладу мёртвай хваткай. І няма сумневу, што Лукашэнка паспрабуе застацца пры ўладзе насуперак усім законам. Ня выключана, напрыклад, што хтосьці ўжо выношвае план правядзеньня рэфэрэндуму з пытаньнем: “Хто за тое, каб прэзыдэнт заставаўся да дасягненьня ім узросту 60 гадоў?”
Людзі ж на вёсцы ў масе сваёй цёмныя. Хадзіла якая-небудзь даярка ўсё жыцьцё на фэрму ў гумавых ботах без падкладкі — а цяпер месіць бруд у такіх самых ботах, але ўжо з падкладкай — і за гэта будзе гарой стаяць за ўладу. Ім жа трэба гэта тлумачыць. Хоць, з другога боку, як яны пачуюць вашыя перадачы, калі ня маюць радыёпрыймачоў, альбо ад сьвітаньня занятыя на працы?”
Сапраўды, спадар Мікалай, азіраючыся на мінулыя восем гадоў, цягам якіх Аляксандар Лукашэнка шляхам разнастайных маніпуляцыяў з заканадаўствам і наладжваньня плебісцытаў утрымліваў уладу, міжволі пачынаеш задаваць такія пытаньні. На прасторы былога СССР нямала прыкладаў, калі, прыйшоўшы да ўлады на пачатку 1990-х, прэзыдэнты не захацелі разьвітвацца з пасадамі і пасьля двух, і пасьля трох вызначаных законам тэрмінаў. Так што схема тут вядомая: рэфэрэндум пад кантролем улады — зьмена Канстытуцыі — падаўжэньне тэрмінаў паўнамоцтваў уладара.
Адметна, аднак, што такім шляхам наважыліся ісьці толькі азіяцкія рэжымы. У эўрапейскай частцы былога Саюзу такога яшчэ не было, калі не лічыць самога Лукашэнку — ягоны досьвед 1996 году, калі ён бяз выбараў аўтаматычна падоўжыў тэрмін свайго прэзыдэнцтва на два з паловай гады. Аднак тады ж Захад даў зразумець Лукашэнку цану такога спосабу ўтрыманьня ўлады: з 1996 году законнасьць рэжыму беларускага ўладара не прызнаецца дэмакратычным сьветам”.
Мікалай Міхалевіч у сваім лісьце просіць зьвярнуць увагу і яшчэ на адну праблему, якая, відавочна, знаёмая яму не па чутках:
“Камэрцыйныя структуры вельмі абцяжараныя ціскам з боку мясцовых уладаў адносна ўдзелу ў фінансаваньні будаўніцтва тратуараў, фантанаў, падсьветкі будынкаў. З аднаго боку, звычайныя людзі радуюцца таму, што мяняецца аблічча горада, і бачаць у гэтым заслугу функцыянэраў. Але ж яны павінны ведаць, што робіцца ўсё гэта за іх жа, падаткаплацельшчыкаў, кошт. А яны ж ужо заплацілі ўсе падаткі ў бюджэт і пазабюджэтныя фонды”.
Праблема гэтая, спадар Мікалай, ў Беларусі знаёмая кожнаму прыватнаму прадпрымальніку і выклікае іхнае агульнае абурэньне. Хоць у масавай сьвядомасьці ўсьведамленьня заганнасьці такой практыкі, сапраўды, няма. І ўлада гэта выкарыстоўвае.
На заканчэньне Мікалай Міхалевіч выказаўся наконт сваіх адносінаў да радыё:
“Тэматыка і падача матэрыялаў дзяржаўнага радыё мяне даўно не задавальняла, і я падаў заяву на адключэньне “радыёкропкі” ў маёй кватэры. З таго часу перад працай (з 7-й да 8-й гадзіны) слухаю беларускую Свабоду”.
Ліст ад Фелікса Шкірманкова са Слаўгарада:
“Я — той, хто быў салдатам у Вялікую Айчынную вайну, хто прысягаў Радзіме і ня здрадзіў ёй – ні тады, ні сёньня.
Ён — адзін з тых, хто нарадзіўся пад мірным небам пасьля вайны, каму паверылі людзі, абралі прэзыдэнтам, а ён кляўся на вернасьць народу Беларусі і — парушыў прысягу. Ён рабіў усё толькі дзеля таго, каб умацаваць асабістую ўладу — дзеля гэтага пераступіў праз усё, што яму замінала, у тым ліку і цераз чалавечыя лёсы.
Хачу ведаць: чаму ён не паважае мову народу, які абраў яго прэзыдэнтам? Чаму зьневажае гістарычную спадчыну, культуру, слынных дзеячоў літаратуры і мастацтва? Чаму ніхто ніколі ня бачыў побач зь ім ягоную жонку — які маральны прыклад ён падае моладзі? Зь якога ён роду-племені, хто ягоны бацька?
Задумайцеся, суайчыньнікі, над гэтымі пытаньнямі, як задумаўся я, чалавек сталага веку, які пражыў вялікае жыцьцё”.
Пытаньні вашыя, спадар Фелікс, зусім абгрунтаваныя, і можна зразумець вашыя эмоцыі. Чалавек, які заклапочаны будучыняй сваіх дзяцей і сваёй краіны, які здольны асэнсоўваць падзеі і рабіць высновы на падставе ўласных і чужых памылак — павінен задаваць сабе такія пытаньні.
Ліст ад Любові Бяловай з Пружанаў Берасьцейскай вобласьці:
“Доўга вас слухаць — адны сьлёзы, не вытрымліваюць нэрвы. Даўно ж вядома: усюды добра, дзе нас няма. А жывём мы так, як працуем. Крадзем, п’ем, а манна зь неба нідзе ня сыплецца. Напрыклад, у Рызе балён газу каштуе 14 даляраў. А ў нас намнога таньней. Увогуле, у нас няма бедных — усіх кормім — і дармаедаў, і алькаголікаў. А пэнсіянэры няхай згадаюць пасьляваенны час. А то аддадуць пэнсію ўнукам на “сьнікерсы”, а потым плачуць…
Не перастаю зьдзіўляцца таму, што творыць апазыцыя. Наш маленькі гарадок літаральна ўвесь абмаляваны ў чырвонае і белае. Апазыцыйная моладзь ня ведае, што такое сумленьне і культура. Зрабіце нешта добрае для народу, каб вас паважалі. А то вунь мастак Пушкін прывёз да рэзыдэнцыі прэзыдэнта вазок гною — і вы абвесьцілі на ўвесь сьвет. Асабіста мне сорамна за гэты ўчынак дарослага чалавека. Хто будзе галасаваць за такіх так званых “рупліўцаў”?
Што вы робіце з гэтай адкормленай моладзьдзю? Яшчэ пашкадуеце — вам жыць зь імі. А ў Эўропе хапае сваіх хуліганаў ды бандытаў.
Вы ўсё аб правах чалавека бядуеце, а пра абавязкі маўчыце. А правы без абавязкаў – анархія.
Хочацца крычаць: “Людзі, пабойцеся Бога!” Мясцовая апазыцыя на мае пытаньні адказаў ня мае. А як бы хацелася ведаць, хто выкрадае людзей з мэтай паклёпу на ўладу…”.
Вы, спадарыня Бялова, пішаце, што звычайна слухаеце Свабоду доўгімі зімовымі вечарамі. Магчыма, з гэтай прычыны вы ня ведаеце пра тыя дзясяткі сьведчаньняў людзей, якія наўпрост або ўскосна былі сьведкамі ў справе зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў. Усе гэтыя сьведчаньні — не на карысьць улады.
Вы ўпэўненыя ў тым, што людзей выкрадаюць з мэтай паклёпу на ўладу. Але заўважце: улада, маючы ў сваім распараджэньні вялізны сьледчы апарат, не знайшла ніводнага доказу гэтага. Хоць менавіта ёй выгадная такая вэрсія. Яна, улада, увогуле нічога не знайшла і не дапускае да расьследаваньня незалежных экспэртаў і сьледчых.
Што да астатніх вашых тэзаў: я ня згодны з вашым сьцьвярджэньнем пра тое, што ў Беларусі нібыта няма бедных. Заедзьце ў любы калгас (хоць бы і ў вас на Пружаншчыне). Спытайце ў трактарыста, якому заплацілі за люты 20 тысяч рублёў, ці можа ён пракарміць на гэтыя грошы сям’ю.
Менавіта супраць такога жыцьця пратэстуе моладзь усюды, у тым ліку і ў вашым гарадку. І яна мае права на такі пратэст, бо жыве ў сваёй краіне, і будучыня ў гэтай краіне належыць ёй.
На заканчэньне – ліст ад Андрэя Паско зь Берасьця:
“Апанэнты Свабоды кажуць, што вы баіцеся праўдзівай беларускай гісторыі, замоўчваеце шмат якія падзеі і здарэньні. Літаральна гэтак было напісана ў абласной газэце “Заря” за 24 сакавіка ў артыкуле Пятра Піліпчука “Корни духовного родства”. Піліпчук разважае пра 17-е стагодзьдзе, калі, паводле ягоных словаў, на беларускіх землях існаваў цяжкі нацыянальны і рэлігійны прыгнёт беларусаў і расейская мова, як ён піша "была пазбаўленая дзяржаўнага статусу”. Відаць, ня ведае, што мову тагачасных расейцаў нашы продкі называлі маскоўскай, а сваю (сучасную беларускую) — ліцьвінскай, ці ліцьвінска-рускай.
Добра, што Свабода надае мінуламу беларускага народу пільную ўвагу, шукаючы ў сівой даўніне тлумачэньне сучаснасьці. Вашыя праграмы “Беларуская Атлянтыда”, “Вострая Брама” даюць аб’ектыўную інфармацыю, якую больш нідзе не пачуеш. Вельмі цікава распавядаеце пра дзеячоў беларускай эміграцыі. Хацелася б пачуць па вашым радыё іхныя творы, бо ў нашых кнігарнях такой літаратуры не купіш. Мне таксама спадабаўся "Турэмны дзёньнік" Славаміра Адамовіча — ціавыя мэмуары".
Дзякуй, Андрэй, за цікавыя назіраньні і заўвагі. Прапановы вашыя мы пастараемся ўлічыць.
На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі, Тамара Іванчыкава з Гомеля, Ніна Кірычун зь Берасьця, Мікалай Важыевіч зь Менску і Алесь Цадко з Маладэчна.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Лістуйце. Чакаем новых допісаў.