Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-09-10



Нянавісьць.

Гляньце, якая заўжды яна спраўная,
як добра трымаецца
у нашым стагодзьдзі нянавісьць.
Як лёгка бярэ высокія перагароды.
Як гэта няцяжка ёй – скочыць, дагнаць.

Не такая, як іншыя пачуцьці.
Старэйшая і малодшая ад іх адначасна.
Сама нараджае прычыны,
якія клічуць яе да жыцьця.
Калі засынае, дык ніколі сном вечным.
Бяссоньніца ёй не адымае сілы, а дадае.

Рэлігія не рэлігія –
абы ўкленчыць на старце.
Айчына не айчына –
абы сарвацца да бегу.
Нязлая, і справядлівасьць па першасьці.
Потым ужо сьцігае сама.
Нянавісьць. Нянавісьць.
Твар ёйны скажае грымаса
экстазы мілоснай.

Ах, тыя іншыя пачуцьці –
Хірлявыя, вялыя.
Зь якога гэта ж бо часу братэрства
можа разьлічваць на тлумы?
Спачуваньне ці хоць калі-колечы
першым дайшло да мэты?
Роспач колькі ахвотных парывае ўсьлед за сабой?
Парывае толькі яна, якая ведае сваю справу.

Здольная, кемная, вельмі працавітая.
Ці трэба казаць, колькі склала песень.
Колькі старонак гісторыі пранумаравала.
Колькі каберцаў зь людзей параспасьцірала
на колькіх пляцах, стадыёнах.

Не хлусема сабе:
патрапляе ствараць прыгажосьць.
Цудоўныя ейныя полыні чорнай ноччу.
Выдатныя клубкі выбухаў на ружовым сьвітанку.
Цяжка адмовіць у пафасе руінам
ды ў грубаватым гумары
дзёрзка тырчмячай над імі калюмне.

(Пераклад Ніны Мацяш)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG