Рэзкае павелічэньне колькасьці выпадкаў раку стрававода ў разьвітых краінах сьвету, якое назіраецца ў апошнія гады, можа быць патлумачанае павелічэньнем спажываньня газаваных безалькагольных напояў. Да такой высновы прыйшла група індыйскіх навукоўцаў на чале з доктарам Махандасам Малатам. Аб выніках іх дасьледаваньняў было паведамлена на канфэрэнцыі гастаэнтэролягаў у Новым Арлеане і ў часопісе New Scientist.
Толькі ў Злучаных Штатах Амэрыкі аб’ём спажываньня газаваных напояў павялічыўся за апошнія 50 гадоў амаль у 5 разоў. Аналягічныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых разьвітых краінах сьвету, такіх, напрыклад, як Вялікая Брытанія ці Аўстралія. І вось статыстыка сьведчыць, што за апошнія 25 гадоў колькасьць выпадкаў раку стрававода сярод белых мужчын вырасла амаль у 6 разоў або амаль на 600 працэнтаў.
Аднак, і аўтары новага дасьледаваньня, і іншыя спэцыялісты, напрыклад, доктар Лі Каплан з Цэнтральнага шпіталю Масачусэтс зьвяртаюць увагу на тое, што гаворка ідзе толькі пра карэляцыю паміж дзьвюма зьявамі. Іншымі словамі, статыстычна сувязь прасочваецца, але доказаў непасрэднага ўзьнікненьня раку ад піцьця газаваных напояў пакуль няма.
Кіраўнік дасьледчага калектыву індыйскіх лекараў са шпіталю Тата доктар Махандас Малат, аднак, заяўляе, што некаторымі дадзенымі навука ўжо валодае. Вядома, напрыклад, што газаваныя напоі надоўга падвышаюць кіслотнасьць зьмесьціва стрававода. Гэты фактар, а таксама надзіманьне страўніку ад газаў, выклікае так званы рэфлюкс – адток або закідваньне соку страўніка і непераваранай ежы назад у стрававод. Вядома, што якраз рэфлюкс зьяўляецца галоўным фактарам рызыкі для ўзьнікненьня адэнакарцыномы стрававода.
На думку аўтара дасьледаваньня, нармальная доза газаваных напояў у дзень – адзін слоік або 330 грамаў. Калі ж чалавек спажывае болей і на працягу многіх гадоў – гэта выразны шлях захварэць.
Іншы фактар, які можа патлумачыць сувязь паміж ракам стрававода і вялікім спажываньнем газаваных напояў, гэта паўната. Вядома, што хімічны склад ліманадаў спрыяе разьвіцьцю атлусьценьня, а менавіта ў тлустых людзей зьяўляюцца праблемы страваваньня, і сярод іх так званы стрававод Барэта. Якраз гэтая хвароба папярэднічае адэнакарцыноме.
Зразумела, што паведамленьне індыйскіх навукоўцаў на штогадовай канфэрэнцыі гастраэнтэролягаў у Новым Арлеане не спадабаецца вытворцам газаваных напояў, найперш “Coca-Cola” і “Pepsi”. Таму, каб падстрахавацца, доктар Махандас Малат спасылаецца і на папярэднія дасьледаваньні канадыйскіх мэдыкаў. У Канадзе раней лекары таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што звычайная доза – 350 грамаў содавай вады – рэзка зьмяняе кіслотны стан стрававода.
Ускосным пацьверджаньнем наўпроставай сувязі паміж спажываньнем газаваных напояў і ўзьнікненьням раку стрававода, на думку індыйскіх лекараў, зьяўляецца і тое, што ў краінах, дзе газаваныя напоі не папулярныя, гэта найперш Японія і Кітай, росту выпадкаў адэнакарцыномы страваводу не назіраецца.
***
А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.
1. Калі вы адчуваеце сябе больш расьсяроджана, чым звычайна, зьвярніце ўвагу на сваю дыету. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што няздольнасьць сканцэнтравацца ў жанчын мае прычынай дэфіцыт жалеза ў арганізьме. Падчас экспэрымэнтаў жанчыны, у крыві якіх аналізы паказалі на дэфіцыт жалеза, значна горш выконвалі тэставыя заданьні. Добрымі крыніцамі жалеза зьяўляюцца вотруб’е, бабовыя, а таксама посныя гатункі мяса, асабліва мяса індыка. RealAge сьцьвярджае, што калі вы будзеце 6 разоў на дзень дадаваць у ежу вотруб’е і іншыя цэльназерневыя прадукты, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць на 4 гады маладзейшым.
2. Шукайце новых сяброў, але не забывайцеся і на старых. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што абодва тыпы сацыяльнага атачэньня вельмі дабратворна ўплываюць на здароўе сэрца. Дасьледаваньні паказваюць, што мужчыны з большым колам сяброў, якія да таго ж рэгулярна зь імі кантактуюць, маюць напалову меншую рызыку атрымаць хваробу сэрца, чым тыя, хто шмат сяброў ня мае і адчувае дэфіцыт сацыяльнай падтрымкі і кантактаў. Мэдыкі мяркуюць, што і выпадковыя кантакты, і сталае сяброўства абараняюць сэрца ад хвробаў. RealAge нагадвае, што наяўнасьць добрай сацыяльнай падтрымкі і сям’і можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на тры з паловай гады маладзейшым.
3. Ня трэба палохацца, калі вашае цела з узростам стаецца больш мяккім. Аслабленьне цягліцаў – гэта частка натуральнага працэсу старэньня, які пачынаецца прыблізна ў сярэднім узросьце. Разам з тым, гэта ня тое, што вы павінны прымаць з пакорай. Усе дасьледаваньні сьведчаць, што рэгулярныя практыкаваньні дапамагаюць спыняць падзеньне масы цягліцаў і ў мужчын, і ў жанчын. Практыкаваньні здольныя захаваць сілу мускулаў і іх аб’ём да глыбокай старасьці. Таму RealAge яшчэ раз нагадвае, што праграма рэгулярных практыкаваньняў на разьвіцьцё сілы і гнуткасьці можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 1 год маладзейшым.