Для тых, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, гэтае адкрыцьцё запозьнілася прынамсі на 17 гадоў. Аднак яно можа выратаваць тых, хто ў будучыні можа зрабіцца ахвярай новай аварыі, атамнага ўдару або тэракту з выкарыстаньнем ядзернай зброі. Амэрыканскія вучоныя распрацавалі прэпарат, які засьцерагае ад радыяцыйнай хваробы – ён, магчыма, зьявіцца ў продажу ўжо праз паўтара году.
Экспэрыментальны прэпарат HE2100, які засьцерагае ад радыяцыйнай хваробы, можа выратаваць дзясяткі тысяч чалавек у выпадку ядзернай атакі тэрарыстаў. Пра гэта на старонках навуковага часопісу “New Scientist” паведамілі вучоныя, якія працавалі над новым лекам.
Выбух гэтак званай “бруднай бомбы”, атака на атамную электрастанцыю, няшчасны выпадак на нейкай атамнай электрастанцыі, або, у скрайнім выпадку, выбух ядзернай боегалоўкі непазьбежна прывядуць да выкіду радыяцыі ў атмасфэру. Вопыт паказвае, што нават кароткае ўзьдзеяньне павышаных дозаў радыяцыі можа пацягнуць болей ахвяраў, чым непасрэдна сам выбух.
Прэпарат, распрацоўваны амэрыканскімі вайсковымі спэцыялістамі і кампаніяй “Hollis-Eden Pharmaceutiсals” з Сан-Дыега, штат Каліфорнія, спраўляецца з галоўнай праблемай кароткатэрміновага ўзьдзеяньня вялікіх дозаў радыяцыі – рэзкім зьніжэньнем імунных функцыяў чалавечага арганізму.
Новы лек прадухіляе зьнішчэньне костнага мозгу, што зьяўляецца неад’емным вынікам апраменьваньня. Костны мозг неабходны для вытворчасьці лейкацытаў, белых крывяных шарыкаў, якія зьяўляюцца першай лініяй абароны арганізму перад рознымі інфэкцыйнымі хваробамі, такімі як грып. У інтэрвію часопісу “New Scientist” Крыс Рыдынг паведаміў, што новы прэпарат дзейнічае на стваловыя клеткі костнага мозгу, якія стымулююць вытворчасьць антыцелаў, якія называюцца нейтрафілсамі і трамбацытамі.
Група навукоўцаў з Радыёбіялягічнага інстытуту ўзброеных сілаў ЗША ў Бэтэзьдзе, штат Мэрылэнд, правяла дасьледаваньні на мышах і сьцьвердзіла, што кожны грызун, які перад апраменьваньнем атрымаў дозу леку, перажыў апраменьваньне, а ўсе астатнія памерлі. Аналягічныя былі вынікі ўжываньня леку ў розныя прамежкі часу пасьля апраменьваньня.
Такім чынам, вынікі дасьледаваньняў на жывёлах – шматабяцальныя. Дасьледчыкі мяркуюць, што новы прэпарат можа быць пасьпяхова скарыстаны людзьмі. Пакуль, з этычных меркаваньняў, вучоныя не праводзілі экспэрымэнтаў з удзелам людзей, аднак асноўныя выпрабаваньні эфэктыўнасьці леку адбудуцца ўжо сёлета. Толькі пасьля гэтага прэпарат можа быць афіцыйна дапушчаны да шырокага карыстаньня амэрыканскай Адміністрацыяй харчаваньня і лекаў. У продажу ён можа зьявіцца ўжо на пачатку 2005 году.
“Гэта можа быць агульнадаступным лекам, які істотна павялічыць шанец выжыць”, – кажа Дўайт Стыкні, спэцыяліст у галіне радыяцыйнай анкалёгіі і мэдычны дырэктар кампаніі “Hollis-Eden Pharmaceutiсals”. “Калі лек ня будзе атрутным, дык ён можа вельмі прыдасца”, – мяркуе іншы анколяг, Біл МэкБрайд з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. Мяркуючы па лябараторных мышах, лек НЕ2100 будзе эфэктыўны як пасьля апраменьваньня, так і да яго. Гэта розьніць яго ад усіх ранейшых прэпаратаў.
Крыс Рыдынг, кіраўнік навуковай праграмы ў “Hollis-Eden Pharmaceutiсals” кажа, што запасы НЕ2100 могуць стварацца ў шэрагу раёнаў краіны адначасова, што дазволіць разьмяркоўваць іх неадкладна пасьля тэракту з выкарыстаньнем ядзернай зброі. Акрамя таго, каб засьцерагчыся ад радыяцыі, выратавальныя службы, мэдыкі й вайскоўцы, якія накіроўваліся бы ў забруджаныя зоны, загадзя маглі б прымаць гэты прэпарат.
На жаль, НЕ2100 ня будзе засьцерагаць ад наступстваў любой дозы радыяцыі. Ён будзе бездапаможны ў выпадку вялікіх дозаў, калі пашкоджаныя мозг і лёгкія. Аднак гэта тычыцца толькі невялікай колькасьці людзей, тых, якія апынуцца ў самым эпіцэнтры ядзернага выбуху, тэракту або аварыі. Праўдападобна, прэпарат таксама ня можа засьцерагчы ад доўгатэрміновых наступстваў апраменьваньня, такіх як рак.
* * *
І на заканчэньне-парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі “Real Age”:
Вялікая колькасьць садавіны й гародніны ў вашым мэню можа выдатна палепшыць стан Вашых костак. Згодна з дасьледаваньнямі, такія харчы як дыні, шпінат, соя, бананы, таматная паста і салодкая бульба багатыя на кальцый і магній. Гэтыя мінэралы станоўча ўплываюць на структуру костак і робяць іх больш трывалымі. Аптымальная доза кальцыю – да 400 міліграмаў на дзень, а магнію – 3000 міліграмаў на дзень. Паводле “Real Age”, калі вы чатыры разы на дзень будзеце есьці розную садавіну, ваш біялягічны ўзрост будзе на чатыры гады маладзейшы.
Вельмі важна, дзе знаходзіцца ваша хатняя аптэчка. Калі вы прызначылі ёй месца ў лазенцы, дык гэта можа нэгатыўна ўплываць на якасьць лекаў. Згодна з дасьледаваньнямі, высокая тэмпэратура і вільготнасьць у лазенках можа зьменшыць эфэктыўнасьць некаторых лекаў або зрабіць іх цалкам непрыдатнымі. Як вынік, яны ўжо не дапамагаюць, а могуць нават і шкодзіць. Гэта найперш тычыцца процізапаленчых лекаў – тых, якія нэўтралізуюць кіслату, а таксама слабіцельных прэпаратаў. Аптымальная тэмпэратура для захоўваньня большасьці лекаў – да 25 градусаў Цэльсія, а некаторыя зь іх неабходна захоўваць у лядоўні.