Будаўнікі менскай кальцавой аўтадарогі не пакідаюць намеру весьці работы на тэрыторыі курапацкага мэмарыялу. Сёньня раніцай на галоўнай курапацкай пляцоўцы зноў зьявілася будаўнічая тэхніка. Распавядае сьведка, сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:
(Юхо: ) “Сёньня раніцай, а 10-й гадзіне, пад’ехала машына МАЗ, гружаная бэтоннымі плітамі. Я спытаўся, што яны будуць рабіць? Майстар сказаў, што сёньня яны будуць укладваць пліты да каплічкі, якая будзе будавацца. Я кажу, вашая ж справа дарога, пры чым тут пліты? Проста ён схлусіў. Я пайшоў тэлефанаваць сваім сябрам з КХП БНФ, а яны ўжо падагналі кран і пачалі згружаць. Мы ім не далі гэта рабіць, і яны зьехалі”.
Пасьля гэты прараб, які не захацеў назваць сябе, пачаў казаць іншае. Маўляў, бэтонныя пліты патрэбныя для ўмацаваньня дарожнага адхону каля трубы вадасьцёку, што выходзіць на курапацкую пляцоўку. На жаль, не ўдалося высьветліць, што хочуць рабіць будаўнікі ў Курапатах насамрэч, бо галоўны інжынэр праекту кальцавой дарогі Мікалай Крачэтнікаў сёньня быў у камандзіроўцы, а ягоныя падначаленыя сьцьвярджалі, што ня ведаюць ні пра якія работы на тэрыторыі мэмарыялу.
Раней галоўны інжынэр праекту казаў, што калі абаронцы Курапатаў будуць супраць, то будаўнікі адмовяцца ад пракладкі праз курапацкую пляцоўку трубы вадасьцёку. Тым ня менш, яны дагэтуль ня толькі не вывезьлі з Курапатаў трубы, але й падрыхтавалі іх для пракладкі й нават выкапалі для іх спэцыяльную траншэю. Яе сваімі сіламі засыпалі сябры КХП БНФ і пасадзілі ў гэтым месцы кветкі. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:
(Папкоў: ) “Яны хлусяць увесь час і ўвесь час рыхтуюцца. Мы думаем, што ў іх такая мэта: завезьці пліты і хуценька за 2–3 гадзіны ўсё скончыць. Хочуць зрабіць гэтую злую справу. Таму мы будзем адсочваць і не даваць ім гэта рабіць”.
Актывісты КХП БНФ будуць штодня прыходзіць у Курапаты, каб перашкодзіць любым працам на тэрыторыі мэмарыялу.