Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАНІЦАЙ У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ СУТЫЧКА ВАЛАНЦЁРАЎ З РАБОЧЫМІ Й МІЛІЦЫЯЙ


Любоў Лунёва, Менск

Раніцай некалькі самазвалаў пад'ехалі да таго месца, дзе ўсталяваныя крыжы, і пачалі засыпаць іх пяском. Рабочыя не рэагавалі на пратэсты абаронцаў. Тады у кабіны паляцелі камяні. Рабочыя былі вымушаныя спыніць працу. Намесьнік галоўнага інжынэра выклікаў міліцыю. Міліцыянты прапанавалі рабочым напісаць заявы, каб былі падставы для затрыманьня валанцёраў. Аднак ніводны рабочы на гэта не пагадзіўся.

Старшыня Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі лічыць, што сёньня Курапаты паўсталі перад небясьпекай зьнішчэньня:

(Высоцкі: ) "Бачыце, якая сур'ёзная сытуацыя. Падчас размовы яны прызналіся, што плянуюць насыпаць да самога лесу. Будуць засыпаць вось гэтую пляцоўку, дзе знаходзіцца палатка, усе крыжы, знак са сьцягам. Пра гэта мы даведаліся толькі сёньня. Ніхто нам пра гэта раней не паведамляў, больш за тое, нам казалі зусім іншае".

Некалькі крыжоў засыпаныя пяском амаль дарэшты. Калі заўтра будаўнікі зноў пачнуць сыпаць пясок, некалькі крыжоў апынуцца цалкам пад насыпам дарогі.

Заўтра — 200 дзён з пачатку абароны Курапатаў. Валанцёры заклікаюць грамадзкасьць бараніць нацыянальны нэкропаль да канца будаўніцтва дарогі.

(Высоцкі: ) "Будзем зьвяртацца да іншых палітычных арганізацыяў. Да тых, хто можа быць нашым саюзьнікам, да грамадзкасьці, каб актывізаваць намаганьні. Насамрэч, зацішшам улады скарысталіся для чарговага наступу. Давайце ўжо дагледзім Курапаты. Паспрабуем зрабіць тое, што здолеем. Ня так многа часу засталося. Мы ня ведаем, колькі дзясяткаў забітых людзей можа ляжаць пад кожным мэтрам. Натуральна, у нас няма ніякай упэўненасьці ў тым, што сёньня ўвечары, уначы, альбо заўтра раніцай улады не давядуць сваю справу да канца і не засыплюць крыжы канчаткова".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG