Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ХВАРЭЮЦЬ НА ГРЫП


Ганна Соусь, Менск

Намёт абаронцаў Курапатаў цяпер нагадвае вайсковы шпіталь, амаль усе валанцёры хворыя на грып, некаторыя нават не падымаюцца з ложкаў. На стале ляжаць лімоны й таблеткі “Антыгрыпакапс”. Але, нягледзячы на хваробу, актывісты не губляюць аптымізму. Гаворыць Алесь Гетман:

(Гетман: ) “Мяне трохі ўжо адпусьціла, учора вельмі дрэнна сябе адчуваў. Лесьнікі пакуль не зьяўляліся, сёньня будзем ім ізноў тэлефанаваць і даведвацца, што здарылася, бо няма ўжо чым паліць буржуйку, а на вуліцы пахаладала”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто вас наведвае? Тая падтрымка, якая раней ішла, — ці ёсьць яна зараз?”

(Гетман: ) “Да нас прыходзяць шараговыя людзі, а зь вядомых асобаў нікога няма...”

Але надоечы валанцёрам перадалі грошы на ўтрыманьне лягеру сябры беларускай суполкі “Скарына” ў Празе. Алесь Гетман працягвае:

(Гетман: ) “Вялікі дзякуй сябрам беларускай суполкі “Скарына”. Калі перадаюцца сродкі, то відавочна, што ідзе й маральная падтрымка. Вялікі вам дзякуй!”

Наступны мой суразмоўца Мікіта Сасем прыяжджае ў Курапаты з Баранавічаў. Тры гадзіны электрычкай ды яшчэ адна гадзіна аўтобусам ці тралейбусам да ўрочышча — і ён у лягеры абаронцаў Курапатаў. Мікіта Сасем правёў ва ўрочышчы ўжо больш за тры месяцы.

Як і большасьць валанцёраў, Мікіта ня любіць гучных словаў і публічных прамоваў пра гістарычную памяць й маральны абавязак, ён аддае перавагу справе — проста бароніць Курапаты. І цяпер, калі ў грамадзтве вядзецца дыскусія пра тое, якім мусіць быць мэмарыял у Курапатах, я вырашыла пацікавіцца меркаваньнем саміх валанцёраў. Гаворыць Мікіта Сасем:

(Сасем: ) “Я думаю, што асноўны мэмарыял тут ужо ёсьць. Гэтыя крыжы, што тут стаяць, — гэта ўжо мэмарыял. Можна пабудаваць толькі агароджу, паставіць мэмарыяльны знак. Каб было напісана, што тут такое, калі людзей расстрэльвалі. А яшчэ лепш, каб была напісаная ўся гісторыя гэтага месца, уключна з тымі падзеямі, якія зараз адбываюцца”.

Працягваючы думку Сасема, Алесь Гетман зазначыў, што ўжо ёсьць канцэпцыя мэмарыялізацыі ўрочышча, якую распрацавалі актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”.

(Гетман: ) “Гэтая канцэпцыя абмяркоўваецца на ўправе БНФ кожную пятніцу зараз. Была прапанова Беларускага Камітэту міру, мы пра яе ведаем. Гэтая канцэпцыя непрымальная для нас. Я ведаю пра яе. Гэта тое самае, што пачаць будаўніцтва дарогі праз Курапаты — такая ёсьць канцэпцыя, наколькі я ведаю. Так ужо ж прынятае рашэньне, каб пакінуць ужо ўсталяваныя крыжы. Гэта й ёсьць сама частка гісторыі. Мы ж хочам захаваць нашу гісторыю — дык давайце ня будзем вагацца наконт таго, каб зрабіць вялікія пабудовы, як у Хатыні, а давайце захаваем тое, што ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG