Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ВАЛАНЦЁРАМІ Ў КУРАПАТАХ СОЧАЦЬ НЕВЯДОМЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры кааліцыі "Моладзь у абарону Курапатаў" Павал Севярынец, Сяргей Высоцкі й Алесь "Гетман" арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю ў часе якой распавялі пра далейшыя пляны сваёй ініцыятывы. Яна праходзіла каля курапацкага "Крыжа пакутаў". Гаворыць лідэр Маладога фронту Павал Севярынец, які нядаўна выйшаў на волю пасьля 17-ці сутачнага арышту:

(Севярынец: ) "Магчыма, што тыя, хто будуе тут дарогу, і тыя, хто ахоўвае гэтае барбарскае будаўніцтва разьлічвалі, што з надыходам халадэчы, моладзь здыме свой лягер. Мы ня вытрымаем такіх выпрабаваньняў і сыдзем. Але ўчора мы сабраліся – кіраўніцтва Маладога фронту Беларускай партыі свабоды, сябры іншых арганізацыяў, якія бароняць Курапаты.

І ў рамках ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў" вырашылі працягваць безтэрміновую акцыю, і быць тут да таго часу пакуль існуе пагроза крыжам і нацыянальнаму нэкропалю Курапаты. Па шчырасьці, я ня ведаю колькі гэта будзе працягвацца – можа тыдзень, можа месяц, можа болей, але актывісты "Моладзі ў абарону Курапатаў” гатовыя стаяць тут столькі, колькі спатрэбіцца".

Ён таксама дадаў, што пасьля ягонага выхаду на волю актыўнасьць сябраў Маладога фронту, у справе абароны Курапатаў, узмацніцца. Павал Севярынец і лідэр Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі лічаць, што цяпер на базе курапацкага лягеру валанцёраў пачала ўтварацца новая нацыянальна-вызвольная кааліцыя. Павал Севярынец таксама заклікаў людзей чым магчыма дапамагчы абаронцам Курапатаў.

Тымчасам уначы ў Курапатах была заўважаная актыўнасьць прадстаўнікоў спэцслужбаў. У лягеры сёньня начавала 7 валанцёраў, і кожны зь іх назіраў досыць цікавую карціну. Гаворыць старшы валанцёрскага лягеру Алесь "Гетман":

(Гетман: ) "Сёньняшняяя ноч прайшла неспакойна, нэрвова. Усю ноч стаяла надта знаёмая нам цёмнасіняга колеру "Волга". Міліцыянты кажуць, што гэта людзі са “сьмежнай” арганізацыі – гэтак называюць КГБ. Адчувалася, што праслухоўваюцца мабільнікі. Не было такога можа тыдні два. Відаць яны ізноў да чагосьці рыхтуюцца. Будзем глядзець, калі такое паўторыцца заўтра будзем рабіць свае высновы й нешта вырашаць. Таму, што мы заўважылі, што ўлады спачатку рыхтуюцца такім чынам, адсочваюць колькі людзей тут застаюцц на ноч – хто прыходзіць, хто адыходзіць. Ня так гэта ўсё проста".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG