Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ РАЁННЫ СУД АПРАЎДАЎ ВЯЧАСЛАВА СІЎЧЫКА ЗА КУРАПАТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня пасьля трохдзённага разьбіральніцтва судзьдзя Аляксандар Тачкар спыніў адміністрацыйную справу на Вячаслава Сіўчыка. Падставай для апраўданьня сталіся дзьве відэастужкі. Першую перадалі ў суд супрацоўнікі праваахоўчых органаў, другую — апэратар расейскага тэлеканала TV6 Уладзімер Андронаў.

Відэастужкі абверглі сьведчаньне начальніка заслаўскай міліцыі Віктара Васілеўскага. Раней судзьдзя Генадзь Руноў, грунтуючыся на сьведчаньнях менавіта гэтага міліцыянта, пакараў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца дзесяцьцю, а Хведара Жывалеўскага — сям'ю суткамі арышту.

Вячаслаў Сіўчык мае намер прыцягнуць да адказнасьці маёра Васілеўскага за ілжывыя сьведчаньні ў судзе:

(Сіўчык: ) "Пасьля такога рашэньня суду ўзьнікае пэўная сытуацыя, бо менавіта са сьведчаньняў спадара Васілеўскага вынікае, што я зьдзейсьніў правапарушэньне паводле 167 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. Мяне абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Васілеўскі дадаў сьпіс з 11 чалавек і казаў, што іхныя прозьвішчы былі высьветленыя ў РАУСе.

Таму я лічу, што трэба падаваць скаргі на рашэньні судоў і на дзеяньні маёра Васілеўскага, які нахабна хлусіў у судзе. Я буду намагацца прыцягнуць да адказнасьці, як гэта магчыма, спадара Васілеўскага. Тым больш, што менавіта пасьля ягонага бліскучага выступу ў судзе Павал Севярынец атрымаў 10 сутак арышту".

Цімафей Сугака зь Беларускай Партыі Свабоды за абарону Курапатаў пакараны штрафам 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў).

(Сугака: ) "Я працаваў спачытку на будаўнічым рынку ва Ўруччы, а потым і ў Ждановічах. Калі начальства даведалася пра тое, што я бараніў Курапаты, мяне звольнілі. Цяпер вось далі 20 мінімалак. Цікава, што раней Хведару Жывалеўскаму далі 7 сутак арышту, а мы ж былі затрыманыя разам за тое, што стаялі на каленях. Невядома чаму суд вырашыў даць мне больш мяккае пакараньне. У мяне няма такіх грошай. Спадзяюся, што мне дапамогуць".

А ў справе Валерыя Буйвала прысуд яшчэ не абвешчаны. Заўтра цягам дня ў двух судах — Савецкім гарадзкім і Менскім раённым — будуць судзіць 12 затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Гэта юнакі й дзяўчаты з Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і моладзевага руху "Зубр".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG