Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што зьнялі міністраў інфармацыі і адукацыі Міхаіла Падгайнага і Пятра Брыгадзіна?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Віталь Цыганкоў: ) “Сёньня сваім указам Аляксандар Лукашэнка ажыцьцявіў сур’ёзныя кадравыя перастаноўкі. Міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны вызвалены з пасады ў сувязі зь пераходам на іншую працу. Міністрам адукацыі замест Пятра Брыгадзіна прызначаны Аляксандар Радзькоў, былы рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. За што зьнялі Падгайнага? Ці за тое, што ён недастаткова зацята змагаўся са свабоднай прэсай ці наадварот — за тое, што гэтае змаганьне найперш з “БДГ” было відавочна няўклюдным і атрымала ў грамадзтве і сьвеце такі непажаданы для ўлады рэзананс?”

(Сьвятлана Калінкіна: ) “Я пэсымістычна настроеная на гэты конт. Лічу, што Падгайнага зьнялі сапраўды за тое, што ён “няўклюдна”, як вы кажаце, змагаўся зь незалежнай прэсай, і ня здолеў зрабіць гэта аднамомантна, хутка, без нэгатыўнага міжнароднага рэзанансу. Усё ж такі Міністэрства інфармацыі досыць няўдала і няўмела змагалася і з “БДГ”, і цяпер з газэтай “День”, “Салідарнасьцю” ды іншымі незалежнымі выданьнямі. Мне здаецца, адстаўка Падгайнага зьвязаная менавіта з гэтым”.

(Цыганкоў: ) “Нагадаю, яшчэ ў сакавіку на нарадзе ў пытаньнях ідэалёгіі Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі, што дзяржаўныя СМІ страчваюць аўдыторыю, тады як колькасьць недзяржаўных мэдыяў расьце. Відавочна, гэта было пэўным сыгналам, пасьля чаго Падгайны пачаў зацята змагацца з прэсай. Некаторыя лічылі, што ўжо тады ягоныя дні на пасадзе былі вылічаныя”.

(Калінкіна: ) “Я так не лічу. Я думаю, Падгайнаму даваўся час, шанец, карт-блянш, каб ён праявіў усё, што можа зрабіць на гэтай пасадзе. Гэта досыць часта ўжываная мэтодыка, калі чыноўніку гавораць пра верагоднасьць адстаўкі, і чакаюць ад яго асаблівага імпэту. Падгайны гэты імпэт выявіў, як мы бачылі. Аднак пастаўленай перад ім мэты не дасягнуў”.

(Цыганкоў: ) “У выніку замест Падгайнага прызначаны Ўладзімер Русакевіч, які быў паслом Беларусі ў Кітаі. Калісьці ён працаваў віцэ-прэм’ерам у сацыяльных пытаньнях, яшчэ раней быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Дэпутатам таго самага скліканьня быў і Лявон Баршчэўскі. Спадар Баршчэўскі, вашае ўражаньне, ці будзе Русакевіч больш жорсткім міністрам за Падгайнага, якую палітыку ён можа праводзіць на такой пасадзе?”

(Лявон Баршчэўскі: ) “Хутчэй за ўсё, гэта будзе проста звычайны выканаўца тых загадаў, якія аддае адміністрацыя прэзыдэнта. Каб заслужыць сабе пэнсію дзяржаўнага службоўца, ня больш за тое”.

(Цыганкоў: ) “Зразумела, што стратэгтічна палітыку вызначае кіраўнік дзяржавы. Аднак ён ня можа за ўсімі прасачыць, і шмат чаго вырашаюць прадстаўнікі намэнклятуры, міністры ды іншыя. На вашую думку, ці шмат залежыць цяпер ад міністра? Ці ён толькі выканаўца вышэйшай волі?”

(Баршчэўскі: ) “Вельмі мала сёньня залежыць ад міністра. Сытуацыя з Падгайным і Брыгадзіным відавочна паказвае, што рэальна кіруе дом на Карла Маркса, 38, рэальна кіруе Ўрал Рамдракавіч Латыпаў, выконваючы распараджэньні прэзыдэнта. Менавіта Латыпаў цяпер міністар на ўсе пасады. Русакевіч — ня той чалавек, які будзе нешта самастойна рабіць. Ён будзе можа яшчэ і горшым міністрам за Падгайнага. Хаця як чалавек ён безумоўна лепшы. Ён сьвядомы беларус, гэта я магу дакладна сказаць, але ў гэтай сытуацыі аб яго вытруць ногі — і потым адправяць ужо з гэтай службы канчаткова”.

(Цыганкоў: ) “Сьвятлана, якіх вы чакаеце пераменаў у стаўленьні да “БДГ” у сувязі з прызначэньнем новага міністра?”

(Калінкіна: ) “Шчыра кажучы, я згодная зь Лявонам Баршчэўскім. Я ня думаю, што ў сытуацыі з “БДГ” галоўную скрыпку адыграла Міністэрства інфармацыі. Гэта было ўсё адрэжысавана ў будынку на Карла Маркса. Таму ад прыходу ў міністэрства Русакевіча я нічога добрага не чакаю.

Ён быў паслом у Кітаі, гэта ня самая дэмакратычная краіна, асабліва што да СМІ. Ён будзе выконваць, што яму загадаюць”.

(Цыганкоў: ) “Вернемся да іншага прызначэньня. Міністрам адукацыі замест Пятра Брыгадзіна прызначаны Аляксандар Радзькоў, былы рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Спадар Баршчэўскі, што-небудзь зараз вы маеце сказаць пра гэтага чалавека, чаго ад яго варта чакаць?”

(Баршчэўскі: ) “Тут таксама справа зусім ня ў тым, хто Радзькоў і хто Брыгадзін. Брыгадзін як гісторык, які дасьледаваў гісторыю станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці і Брыгадзін-міністар, які сваімі рукамі зьнішчаў беларускамоўную адукацыю і, ў прыватнасьці, ліцэй — усё гэта аказалася, можа сумяшчацца ў адным чалавеку.

Я ведаю, Радзькоў неблагі матэматык (хаця і не сьвяціла), але які ён будзе чыноўнік? Зноў-такі гэта будзе выканаўца загадаў з дому на Карла Маркса. Тым больш калі чалавек прыехаў з правінцыі з усімі гэтымі комплексамі. Бо Брыгадзін усё ж мянчук, ён прыйшоў у міністэрства пасьля БДУ і Акадэміі кіраваньня. Так што, мяркую, сытуацыя будзе пагаршацца.

У афіцыным паведамленьні мне рэзанула вока, як Лукашэнка сказаў, што адукацыя — гэта ня тое месца, дзе апазыцыя будзе віць свае гнёзды. Гэта ўжо, зразумела, інструкцыя, і ў прыватнасьці для ліцэю мы нічога добрага не чакаем”.

(Цыганкоў: ) “Напэўна, Лукашэнка невыпадкова так заявіў, бо апошнія месяцы шмат гавораць пра ўвядзеньне новай ідэалёгіі ў ВНУ. Можа, менавіта з гэтай мэтай прызначаецца новы міністар, які ня мае такога аўтарытэту і акадэмічнай вядомасьці, якія ў свой час меў Брыгадзін”.

(Баршчэўскі: ) “Безумоўна, гэта зьняцьце ўсіх перашкод на шляху далейшай ідэалягізацыя і палітызацыі навучальнага працэсу. Здаецца, прэзыдэнт пачаў забывацца, што напісана ў ягонай Канстытуцыі. Апазыцыя таксама мае сваіх дзяцей, і мае права іх вучыць, як яна хоча, бо ўсе плацяць падаткі. І калі такія выказваньні гучаць падчас прызначэньня новага міністра, нічога добрага ад гэтага чакаць не даводзіццца”.

(Калінкіна: ) “Хачу нагадаць, што прадстаўнікоў з Магілёва (нікому не вядомых тут у Менску) прэзыдэнт прызначаў на пасады для выконваньня самай бруднай працы. Іх для гэтага і прызначаюць. Я хацела б памыліцца, але і ад гэтага прызначэньня нічога добрага не чакаю. У нас ёсьць шмат вельмі паважаных людзей, і калі бы Лукашэнка хацеў нейкую згоду ўнесьці ў сфэру адукацыі, ён бы прызначыў кагосьці зь іх. А прыход Радзькова — магчыма, добрага навукоўца, аднак чалавека, які ня можа стаць такой кампраміснай фінгурай, я не лічу добрым знакам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG