Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “На сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ чарговы раз разглядаецца “беларускае пытаньне”. Асаблівасьць цяперашняга абмеркаваньня ў тым, што на мінулай сэсіі Нацыянальны сход Беларусі быў прызнаны паўнавартасным сябрам Парлямэнцкай Асамблеі. Падаецца, што ў некаторых дэпутатаў Асамблеі, у прыватнасьці, у кіраўніка адмысловай групы па Беларусі спадарыні Уты Цапф былі пэўныя ілюзіі, што з дапамогаю крокаў насустрач афіцыйнаму Менску можна зрушыць працэс дэмакратызацыі Беларусі, пачаць плённы дыялёг паміж АБСЭ і кіраўніцтвам краіны. Цяпер высьветлілася, што гэтыя спадзевы былі марныя, і ілюзіі зьніклі.

Як бы вы ацанілі сам факт абмеркаваньня “беларускага пытаньня” на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Ротэрдаме, прыняцьцё адмысловай рэзалюцыі, яе зьмест?”

(Вінцук Вячорка: ) “Трэба прызнаць, што вельмі хутка пасьля прыняцьця на Венскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ рашэньня аб прызнаньні Нацыянальнага сходу, яго ініцыятары пачалі разумець, што ў выпадку зь Беларусьсю нешта не працуе. Пасьля гэтага рашэньня ў Беларусь зноў прыехала дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Нямеччыны, Швэцыі і Вялікабрытаніі.

Наведаўшы Менск і Гомель, яны выказвалі пра тое, што крокаў у адказ афіцыйны Менск так і не зрабіў. Маюцца на ўвазе крокі ў адказ на два вельмі важныя крокі АБСЭ: прызнаньне Нацыянальнага сходу і аднаўленьне працы офісу АБСЭ ў Менску на беларускіх умовах і з абмежаваным мандатам.

Паказальна, што менавіта Ута Цапф была ініцыятаркай праекту рэзалюцыі ў справе Беларусі. Прычым гэты праект быў пададзены па-за чаргою. Яго не было ў папярэднім пляне Ртэрдамскай сэсіі. Тое, што гэты праект быў ініцыяваны, апэратыўна распрацаваны, яго разгледзеў Камітэт у палітычных пытаньнях, потым быў прыняты на сэсіі большасьцю (за — 68, супраць — 18) ёсьць сьведчаньнем расчараваньня эўрапейскіх парлямэнтароў палітыкай Менску, іхнага імкненьня нейкім чынам, я б асьмеліўся сказаць, выпраўляць гэтую сытуацыю, якая ўзьнікла пасьля рашэньня Венскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў лютым”.

(Карбалевіч: ) “А як бы вы ацанілі зьмест рэзалюцыі па Беларусі, спадар Вячорка?”

(Вячорка: ) “Безумоўна, як і ўсе дакумэнты АБСЭ, гэтая рэзалюцыя, на маю думку, дастаткова мяккая. Сёньня АБСЭ — гэта адзіная структура на эўразійскім кантынэнце, у якой саўдзельнічаюць краіны стабільнай дэмакратыі, такія, скажам, як Вялікабрытанія ці Швэцыя, з аднаго боку, і такія, мякка кажучы, не зусім дэмакратычныя краіны як Азэрбайджан альбо Таджыкістан, альбо нават Туркмэністан, з другога боку. Таму кожны дакумэнт, які выходзіць з АБСЭ, мае моцны прысмак кампрамісу.

На маю думку, прыкметай кампрамісу зьяўляецца тое, што тут няма ўмоваў. То бок, там няма такіх тэзысаў, што калі вы ня выканаеце нашых патрабаваньняў, то мы зробім у адказ тое і тое.

Але сам пералік крытычных заўвагаў і патрабаваньняў паказвае, што парлямэнтары адэкватна разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Вельмі важны пункт 13 рэзалюцыі. У ім сказана, што “праводзіны надалей выбараў ці рэфэрэндумаў паводле патрабаваньняў цяперашняга заканадаўства пра выбары, неадпаведнага нормам АБСЭ, будзе крокам назад у наладжваньні стасункаў паміж Беларусьсю і АБСЭ”. То бок, калі крок назад, то гэта азначае, што могуць быць адмененыя некаторыя рашэньні, якія рабіліся АБСЭ насустрач афіцыйнаму Менску.

Вельмі важна, што тут гучыць слова “рэфэрэндумы”. Па сутнасьці, першы раз у міжнародным дакумэнце ёсьць папярэджаньне Лукашэнку наконт праводзінаў рэфэрэндуму, чаго б гэты рэфэрэндум не датычыў”.

(Аляксей Кароль: ) “Сам факт прыняцьця гэтай рэзалюцыі і яе зьмест можна лічыць гістарычнай падзеяй з пункту гледжаньня беларускіх нацыянальных інтарэсаў, інтарэсаў разьвіцьця дэмакратычных працэсаў у краіне. Гэтая падзея будзе мець свае наступствы ў працягу палітыкі эўрапейскіх структураў адносна Беларусі. І гэта будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Таму што грамадзкія працэсы ў Беларусі моцна залежаць ад вонкавых імпульсаў. Пра гэта сьведчыць і гістарычная традыцыя.

Яшчэ я б адзначыў, што рэзалюцыя сьведчыць аб зьнікненьні ілюзіяў у многіх эўрапейскіх дэпутатаў наконт наладжваньня дыялёгу зь беларускім палітычным рэжымам, аб чым тут ужо гаварылася. Чым хутчэй зьнікаюць ілюзіі, тым больш магчымасьцяў для рэалістычнай ацэнкі сытуацыі і рэалістычнай палітыкі ў напрамку дэмакратычнага разьвіцьця. Тыя ілюзіі, якія існавалі адносна рэжыму Лукашэнкі, грунтаваліся на ўяўленьнях аб стандартах дэмакратычнага грамадзтва. Яны ня ўлічвалі асаблівасьцей, лёгікі разьвіцьця аўтарытарнага рэжыму, які імкнецца стаць таталітарным.

У беларускіх экспэртаў не было ілюзіяў, наконт магчымасьці такога дыялёгу. Бо дзеяньні рэжыму сьведчаць аб тым, што ён спрабуе замацавацца, захавацца. Аб гэтым сьведчаць апошнія падзеі: адмова ў рэгістрацыі амэрыканскай арганізацыі IREX, ліквідацыя карэспандэнцкага пункту НТВ, закрыцьцё “БДГ” ды іншае. Рэжым гатовы да новых сілавых дзеяньняў.

Важна адзначыць яшчэ адзін момант у згаданай рэзалюцыі. АБСЭ вярнулася да вядомых чатырох умоваў дэмакратызацыі Беларусі, аб якіх апошнім часам ня ўзгадвалася ў зьвязку з тымі ілюзіямі наконт дыялёгу. Яшчэ трэба адзначыць збліжэньне пазыцыі Эўропы і ЗША ў “беларускім пытаньні”.

(Карбалевіч: ) “29 траўня падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Менск Ута Цапф з энтузіязмам паведаміла, што афіцыйныя асобы Беларусі заявілі на перамовах з дэлегацыяй Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аб гатоўнасьці ўнесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс. Апошнія падзеі ў Беларусі, адмова афіцыйнай дэлегацыі Нацыянальнага сходу ўдзельнічаць у круглым стале ў Ратэрдаме па праблемах зьмены ў беларускае выбарчае заканадаўства ня сьведчаць аб жаданьні афіцыйнага Менску ісьці на саступкі ў гэтым пытаньні. А між іншым, у рэзалюцыі ПА АБСЭ праблеме зьменаў у Выбарчы кодэкс надаецца вельмі значная ўвага. Падаецца, што гэтае пытаньне становіцца галоўным у дачыненьнях паміж Беларусьсю і АБСЭ, Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?”

(Вячорка: ) “Сапраўды, у рэзалюцыі стасоўна Беларусі, як і ў тэматыцы круглага стала, які тут адбыўся, галоўным пытаньнем былі зьмены ў выбарчым заканадаўстве. І цэнтральным пунктам ухвалы стаў пункт, прысьвечаны Выбарчаму кодэксу. Гэта пункт 11. У ім робіцца акцэнт на тое, на што робяць акцэнт і дэмакратычныя сілы Беларусі: склад камісіяў; абмежаваньне альбо ўхіленьне датэрміновага галасаваньня; паўнавартасны статус назіральнікаў, якія павінныя мець магчымасьць быць прысутнымі і эфэктыўна назіраць за ўсімі стадыямі электаральнага працэсу.

Ва ўхвале адлюстраваныя ўсе іншыя праблемы, якія б я назваў кантэкстам выбараў. Гэта значыць: інфармацыйная свабода, палітычныя свабоды, адсутнасьць страху ў грамадзянаў, рэальны доступ усіх тых, хто думае інакш, да дзяржаўных мас-мэдыяў. Тут сказана аб усіх фактах перасьледаў прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў.

Лукашэнка разумее, што для яго гэта можа быць апошняй бітвай. Таму ён будзе вельмі моцна ўпірацца супраць гэтых зьменаў. Таму тым больш важная салідарная пазыцыя міжнароднай супольнасьці. На вялікі жаль, поўнай салідарнай пазыцыі, кола дэмакратычнага аднадумства не існуе. І хутчэй за ўсё, яго ня будзе. Пазыцыя Расеі на гэтай сэсіі абсалютна дысануе з настроямі і меркаваньнямі стабільных дэмакратыяў”.

(Кароль: ) “Зразумела, чаму ўлады супраціўляюцца любым зьменам у Выбарчы кодэкс. Бо наймалейшая яго дэмакратызацыя пагражае асновам улады. І з сваёй пазыцыі рэжым ня сыдзе. Таму стасункі афіцыйнай улады з АБСЭ, безумоўна, пагоршацца. Можна чацаць, што ўлады не працягнуць мандату офісу АБСЭ ў Менску.

Што тычыцца пазыцыі Расеі, то яна ўжо мяняецца, але спакваля. І галоўны абаронца Лукашэнкі Селязьнёў, хутчэй за ўсё, ня будзе пасьля сьнежаньскіх выбараў сьпікерам Дзярждумы Расеі. Такім чынам, з гэтай рэзалюцыі фармуецца агульная пазыцыя дэмакратычнага Захаду і дэмакратычнага сусьвету да Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Чаго можна чакаць у дачыненьнях афцыйнага Менску і АБСЭ, іншых эўрапейскіх арганізацыяў у недалёкай пэрспэктыве, асабліва ў зьвязку з плянаваным рэфэрэндумам?”

(Вячорка: ) “Что тычыццца дачыненьняў Менску з АБСЭ і яго Парлямэнцкай Асамблеяй, то пэўныя крокі беларускі рэжым ужо зрабіў. Насуперак папярэдне дадзеным абяцаньням, афіцыйная дэлегацыя не прысутнічала на круглым стале, прысьвечаным праблеме зьменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі і ўвогуле пакінула Ратэрдам. На круглым стале не прысутнічалі нават дыпляматычныя чыноўнікі, такія як прадстаўнік Беларусі ў Вене Гайсёнак. Гэта ня проста крок, гэта дэмарш, гэта крок абразьлівы для інстытутаў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, гэта скандал. Так што афіцыйны Менск прадэманстраваў, якой лініі ў дачыненьнях з АБСЭ ён будзе трымацца.

Калі казаць пра менскую праекцыю гэтага дэмаршу, то я пагаджаюся са спадаром Каралём — можна чакаць новых крокаў дзеля абмежаваньня прысутнасьці дэмакратычнага Захаду, дэмакратычнай Эўропы ў Беларусі”.

(Кароль: ) “Разьвіцьцё дачыненьняў паміж Беларусьсю і Захадам адбывалася толькі дзякуючы крокам эўрапейскіх структураў. Менск ніколі не дэманстраваў сапраўдных крокаў дзеля дыялёгу. Усе ягоныя крокі былі толькі хітрыкамі дзеля ўласнай выгоды. Прынцып рэжыму — самазахаваньне ў самаізаляцыі”.

(Карбалевіч: ) “За апошнія гады склалася такая заканамернасьць, што напярэдадні буйных палітычных кампаніяў дачыненьні паміж Беларусьсю і Захадам пагаршаліся. Няма ніякіх падставаў чакаць, што цяпер гэтая заканамернасьць не спрацуе. Асабліва на фоне ўзмацненьня курсу на самаізаляцыю, які вынікае з апошніх выступаў кіраўніка дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG