Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сэнс стварэньня Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі з Масквы і дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталь Сіліцкі зь Менску

(Валер Карбалевіч: ) “Новая інтэграцыйная ініцыятыва, зь якой выступілі кіраўнікі Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны, як звычайна, прэтэндуе на гістарычнасьць, на інтэграцыйны прарыў. Яе зьяўленньне — гэта найперш прызнаньне таго, што эканамічнае аб’яднаньне на постсавецкай прасторы ніяк не атрымліваецца. Створана ўжо шмат арганізацыяў з аднолькавымі мэтамі: СНД, ЭўрАзЭС, ГУУАМ, Саюз Беларусі й Расеі.

І вось на сустэчы кіраўнікоў чатырох дзяржаваў у Маскве аб’яўлена аб намеры стварэньня яшчэ аднаго міждзяржаўнага саюзу: Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі. Навошта ствараць новыя арганізацыі, калі існуюць старыя? Чым Арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі будзе адрозьнівацца ад сваіх папярэднікаў? Чаму яна павінна запрацаваць, калі ранейшыя структуры эканамічнай інтэграцыі не працуюць?”

(Андрэй Піянткоўскі: ) “Вы абсалютна правільна падкрэсьліваеце, што гэта ўжо дзясятая ці дваццатая спроба стварыць арганізацыю. Ужо нават ніхто і не сьмяецца над гэтымі практыкаваньнямі. Можа толькі зь лёгкай іроніяй заўважылі, што чарговы -цаты раз абвесьцілі аб інтэграцыйным прарыве. Мабыць, удзельнікам гэтага шоў (а інакш яго назваць нельга), спадарам прэзыдэнтам для чагосьці патрэбна, для ўнутрыпалітычных піарных мэтаў, падтрымліваць ілюзію псэўдаінтэграцыйнага працэсу”.

(Віталь Сіліцкі: ) “У мяне ёсьць стоадсоткавая ўпэўненасьць, што ня лепшая і ня больш эфэктыўная, чым папярэднікі, новая арганізацыя ня будзе. Тут я цалкам згодны са спадаром Піянткоўскім. Таму нейкага асаблівага рэзону ствараць гэтую новую арганізацыю няма.

Але ў Расеі некаторы час назад абвешчаная “дактрына Пуціна”. Адзін зь яе тэзысаў прадугледжвае стварэньне кола добрасуседзтва вакол Расеі. Па-іншаму гэта можна назваць стварэньнем дзяржаваў-сатэлітаў. І 23 лютага, у дзень, які сымбалічны для Расеі, Пуцін і пачаў рэалізацыю сваёй дактрыны.

У рэальнасьці ідзе інтэнсіўны бег на месцы. Сапраўдны прагрэс у эканамічным супрацоўніцтве магчымы ня столькі ў межах шматбаковых эканамічных аб’яднаньняў, колькі ў двухбаковых пагадненьнях паміж асобнымі краінамі”.

(Карбалевіч: ) “Які міжнародны досьвед у функцыянаваньні інтэграцыйных аб’яднаньняў? Чаму адны рэгіянальныя эканамічныя арганізацыі пасьпяхова разьвіваюцца, а іншыя не? Якія тут існуюць заканамернасьці?”

(Піянткоўскі: ) “Калі казаць аб станоўчых прыкладах, аб якіх вы ўзгадалі, то, канечне, вы і ўсе мы маем на ўвазе ў першую чаргу прыклад Эўразьвязу. Але давайце ўзгадаем яго гісторыю, з чаго ён пачынаўся. Яшчэ ў першай палове 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя ўзьнікла сьціплая дамова аб вуглі й сталі паміж Нямеччынай, Францыяй і краінамі Бэнілюксу. Кіраўнікі гэтых дзяржаваў ставілі перад сабою канкрэтныя эканамічныя задачы. Яны разумелі, што адным махам, аб’яўленьнем адзінства нельга дасягнуць сумяшчальнасьці вельмі разнастайных эканомік. Таму яны ішлі вельмі пасьлядоўна.

Ва ўсіх жа інтэграцыйных практыкаваньнях на постсавецкай прасторы першую ролю адыгрывалі палітычныя і, я б сказаў, дэмагагічныя мэты, апэляцыя да настальгіі выбарцаў, народаў па сумесным жыцьці ў Савецкім Саюзе. І асабліва гэта тычыцца ўсіх беларуска-расейскіх практыкаваньняў. І вось новая іныцыятыва азначае, што Пуцін зноў адступіў пад націскам такога лукашэнкаўскага псэўдаінтэграцыянізму”.

(Сіліцкі: ) “Існуе больш шчыльнае рэгіянальнае аб’яднаньне ў выглядзе Эўразьвязу і менш шчыльныя: АСЕАН, НАФТА. Іх эфэктыўнасьць залежыць ад таго, наколькі мэты, якія ставяцца перад арганізацыяй, адпавядаюць іх гатоўнасьці да інтэграцыі, наколькі значнае эканамічнае і палітычнае падабенства краінаў, якія аб’ядноўваюцца. У нашым выпадку такога падабенства не назіраецца.

Хоць усе згаданыя краіны выйшлі з аднаго савецкага шынэля, усё ж паміж імі назіраюцца значныя адрозьненьні эканамічных структураў, палітычных рэжымаў і іншае. Таксама істотныя адрозьненьні існуюць паміж усімі краінамі СНД. Таму заўсёды будуць супярэчнасьці паміж элітамі, лідэрамі, і таму ім цяжка аб’яднацца”.

(Карбалевіч: ) “Ці не здаецца вам, што асноўны сэнс гэтай інтэграцыйнай ініцыятывы больш арыентаваны на ўмацаваньне ўнутрыпалітычных пазыцыяў кіраўнікоў дзяржаваў, чым на рэальнае эканамічнае аб’яднаньне? Такая патрэба ёсьць і ў прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, і ў беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. І асабліва ў гэтым зацікаўлены прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, таму што Расея ўступае ў двухэтапную выбарчую кампанію. Магчыма, гэта проста піараўская акцыя?”

(Піянткоўскі: ) “Мне бліжэй за ўсё сытуацыя ў маёй краіне. Вы маеце рацыю, мы глыбока ўвайшлі ў гэтую двухэтапную кампанію. Я ўжо казаў раней аб гэтым палітычным бартэры, які вынайшаў Лукашэнка: пустыя размовы аб аб’яднаньні ў абмен на эканамічную і палітычную падтрымку. Пуціна гэта раздражняла з самага пачатку.

Але ў Лукашэнкі існуе вельмі моцнае лобі ў Маскве. І гэтыя людзі ўпэўнілі Пуціна, што ідэя аб’яднаньня зь Беларусьсю і больш шырокага аб’яднаньня папулярная сярод выбарцаў. Хоць гэта зусім ня так. Усе гэтыя пустыя гульні дыскрэдытавалі ідэю, папулярную дзесяць гадоў назад. Тым ня менш, людзі, якія кіруюць выбарчай кампаніяй Пуціна, вырашылі, і, відаць, пераканалі прэзыдэнта, што трэба гуляць у гэтыя інтэграцыйныя гульні, ва ўсякім разе на пэрыяд выбарчай кампаніі.

А што тычыцца Лукашэнкі, дык яго хлебам не кармі, дай пагуляць у гэтую гульню. Гэта сутнасьць ягонай палітычнай стратэгіі. У Кучмы таксама вельмі складанае становішча. Ён спрабуе разыгрываць зараз расейскую карту. Хоць мне здаецца, што гэта таксама дастаткова беспэрспэктыўна ва Ўкраіне”.

(Сіліцкі: ) “Па-першае, паасобку і Кучму, і Лукашэнку, і Назарбаеву Пуцін патрэбны. Для Кучмы існуе праблема выжываньня пасьля сыходу з пасады прэзыдэнта Ўкраіны. У Лукашэнкі існуе праблема працягу свайго палітычнага жыцьця. А для Назарбаева важнае захаваньне таго палітычнага рэжыму, які ён стварыў.

Пуцін жа стаў закладнікам той велізарнай палітычнай падтрымкі, якую ён атрымаў і замацаваў на працягу трох гадоў. І расейскі прэзыдэнт хоча яе захаваць. І стварэньне новага эканамічнага аб’яднаньня ў Маскве сапраўды мае найперш палітычны сэнс для Пуціна. Таму ён будзе цэлы год гуляць у інтэграцыйныя перадвыбарчыя гульні.

Зразумела, існуюць тут і эканамічныя інтэрэсы для Расеі ў Беларусі, Украіне і Казахстане. І Пуцін іх абараняе. Але рэалізаваць гэтыя інтэрэсы можна толькі на аснове двухбаковых стасункаў. А вось спробы вырашыць эканамічныя праблемы агулам нічога, акрамя палітычнага піару не прынясе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, новую інтэграцыйную ініцыятыву кіраўнікоў чатырох краінаў нельга зразумець без уліку палітычных складнікаў. Пакуль што гэта дэклярацыя аб добрых намерах і больш нічога. Усё сьведчыць аб тым, што ініцыятарам стварэньня Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі была Расея.

Можна адзначыць, што апошні час Масква выступае ініцыятарам інтэграцыйных ініцыятываў у СНД, якія маюць больш зьнешні, піараўскі эфэкт, чым нейкі рэальны зьмест. Спачатку былі нядаўнія сустрэчы ў Кіеве, зараз у Маскве. Мабыць, сапраўды на першы плян тут выходзіць расейская перадвыбарчая кампанія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG