Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. ЛУКАШЭНКА КАЖА ПРА ПЕРШАСНУЮ РОЛЮ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ВАЛЮТЫ


Юры Сьвірко, Менск

Аляксандар Лукашэнка адзначыў посьпехі банкаўскай сыстэмы краіны ўва ўмацаваньні беларускага рубля. “Трэба адкрыта і шчыра прызнаць, што апошнім часам нацыянальная валюта стала сапраўды нацыянальнай, яна стабілізавалася”, — заявіў спадар Лукашэнка й дадаў: “Больш за тое, упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы мы ўмацавалі сваю валюту ў дачыненьні да ўсясьветнай валюты — даляра”.

Варта зазначыць, што курс беларускага рубля адносна даляра быў амаль нязьменным, але адбывалася гэта на тле падзеньня амэрыканскай валюты на фінансавых рынках. Адносна расейскага рубля Нацбанк Беларусі прагназаваў дэвальвацыю да 5% толькі за першы квартал.

Адкрываючы нараду, Аляксандар Лукашэнка нічога не сказаў пра пераход на расейскія рублі, які паводле міждзяржаўнай дамовы мусіць адбыцца ўсяго празь дзевяць месяцаў — 1 студзеня 2005 году. Наадварот, ён заявіў, што “неабходна вельмі моцна прыбавіць у эканоміцы”, найперш павялічыць на 10% валавы ўнутраны прадукт, і “першасная роля ў гэтым адводзіцца нацыянальнай валюце”, падкрэсьліў спадар Лукашэнка.

(Лукашэнка: ) “Мы павінны ў гэтай сфэры праводзіць, натуральна, вельмі ўзважаную палітыку, акуратную, асьцярожную. Сапраўды, фінансавая сфэра — гэта такая сфэра, якая ня церпіць ніякіх дылетанцкіх падыходаў. Дый часы ў нас мінулі, калі мы нешта вырашалі наскокам, нейкімі рэвалюцыйнымі дзеяньнямі й гэтак далей”.

Варта нагадаць, што прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што ўрад гатовы пайсьці на ўвядзеньне расейскага рубля толькі пасьля выкананьня пакету пагадненьняў, у першую чаргу наконт адзіных тарыфаў на энэрганосьбіты. “Як можна казаць пра ўвядзеньне расейскага рубля, маючы розныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня?” — паўтарыў спадар Сідорскі пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер у Беларусі ў нармальным рэжыме працуюць 30 банкаў, і 25 зь іх маюць замежны капітал, прычым шэсьць банкаў цалкам замежныя. Летась аўстрыйская група “Райфайзэн” стала найбуйнейшым акцыянэрам беларускага “Прыярбанку”, увогуле сума інвэстыцыяў у банкі Беларусі склала летась 40 мільёнаў даляраў.

За тры гады ўласны капітал банкаў павялічыўся больш як удвая — да 800 мільёнаў эўра, — а тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля зьменшыліся амаль утрая. Калі ў 2001 годзе інфляцыя склала 34% за год, дык летась — толькі 12%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG