Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЁТАР ПРАКАПОВІЧ НЕ ВЫКЛЮЧАЕ ПЕРАНОСУ ТЭРМІНАЎ УВЯДЗЕНЬНЯ РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ


Юлія Шарова, Менск

Паводле Пятра Пракаповіча, у пляне стварэньня адзінай эканамічнай прасторы больш за 60 мерапрыемстваў. Што да фінансавай сфэры, то там неабходныя захады збольшага выконваюцца. Разам з тым, у іншых галінах эканомікі, якія не ўваходзяць у межы кампэтэнцыі Нацбанку, праблемаў болей. Таму пераносы тэрміну ўвядзеньня расейскага рубля не выключаюцца.

(Пракаповіч: ) “Так, пытаньне можа разглядацца пра адтэрміноўку ўвядзеньня адзінай валюты. Таму й вельмі важна, каб сёньня было падпісанае пагадненьне. Каб усе ведалі, што застаецца вельмі мала часу на выкананьне ўсіх захадаў у справе стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. Каб потым не было нейкіх нечаканасьцяў, і нехта будзе казаць, што мы прынялі рашэньне, а не ўвялі. Мы можам ня ўвесьці расейскі рубель толькі ў тым выпадку, калі ня будуць выкананыя ўсе дамоўленасьці паміж дзьвюма краінамі”.

Пасьля пераходу на расейскі рубель, кажа спадар Пракаповіч, Нацбанк страціць толькі дзьве свае функцыі — права эмісіі расейскіх рублёў і самастойнае правядзеньне курсаўтваральнай палітыкі. Усе астатнія функцыі цэнтрабанку краіны захаваюцца. Таксама ён сказаў, што магчымасьць пакінуць расейскі рубель ў якасьці адзінай валюты і пасьля 2008 году пакуль не абмяркоўвалася. Разам з тым, не выключаецца, што да таго часу да валютнага саюзу двох далучацца Ўкраіна ды Казахстан, і тады пытаньне пра адзіную валюту будзе вырашацца ўжо ў межах “чацьверкі”.

Што да ўвядзеньня праз тыдзень расейскага рубля ў безнаяўнае абарачэньне на тэрыторыі Беларусі, то, як сьцьвярджае Пётра Пракаповіч, беларуская банкаўская сыстэма да гэтага гатовая.

(Пракаповіч: ) “Лічым, што гэта выгадна для нашых прадпрыемстваў. Тут няма ніякіх нэгатыўных момантаў. Адзіны нэгатыўны момант можа быць для Нацыянальнага банку: нам, магчыма, спатрэбіцца траціць свае рэзэрвы на падтрыманьне курсу нацыянальнай валюты. Нам можа спатрэбіцца прыкладна 50 мільёнаў даляраў. Гэта сума нязначная, мы яе заўсёды маем у рэзэрвах, таму тут пытаньняў няма”.

Нязьменнай пакуль застаецца дата жорсткай прывязкі беларускага рубля да расейскага — гэта павінна адбыцца з 1 студзеня 2004 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG