Перамовы аб пабудове мэблевага заводу ў вёсцы Фарынава Полацкага раёну швэдзкая кампанія "Swedwood" вяла амаль пяць гадоў. Плянавалася, што ў вытворчасьць будзе ўкладзена каля 25 мільёнаў даляраў і зьявяцца 700 працоўных месцаў.
Але ўчора Рада дырэктараў "Swedwood" прыняла рашэньне скасаваць праект. У наступны панядзелак прэзыдэнт кампаніі павінны даслаць адпаведны афіцыйны ліст прэм'ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Гаворыць прадстаўнік "Swedwood" у Беларусі Стэфан Калеціч:
(Калеціч: ) "Прычына вельмі простая. Інвэстыцыйная лінія для гэтага праекту адчыненая зь 15 красавіка 2001 году, пасьля візыту ўладальніка "IKEA" Інгвара Кампрада і перамоваў з урадам. Яму паабяцалі, што інвэстыцыйнае пагадненьне будзе падпісанае цягам месяца. Але перамовы ўсё зацягваліся. Нарэшце, сёлета ў сакавіку мы дамовіліся пра абсалютна канчатковы тэкст пагадненьня і з таго часу чакалі падпісаньня. 28 траўня Рада дырэктараў "Swedwood" вырашыла чакаць яшчэ тры месяцы, але ня больш. Беларускі бок своечасова праінфармавалі пра гэты крайні тэрмін. Гэта ня быў ультыматум – проста "Swedwood" ня можа болей чакаць, гэтыя грошы трэба ўкладваць у іншы праект".
28 жніўня, напярэдадні крайняга тэрміну, замест чаканага падпісаньня кантракту швэды атрымалі ліст зь Міністэрства эканомікі, у якім перамовы адкладаліся яшчэ на тыдзень. Стэфан Калеціч кажа, што цяпер праект, хутчэй за ўсё, будзе перанесены ў Расею.
У прэсавым цэнтры Міністэрства эканомікі пакуль адмовіліся камэнтаваць інфармацыю аб сыходзе швэдзкіх інвэстараў, спаслаўшыся на адсутнасьць афіцыйнага паведамленьня. Гаворыць кіраўніца прэсавага цэнтру Натальля Пацэйка:
(Пацэйка: ) "Патэлефануйце ў панядзелак. Давайце будзем размаўляць па сутнасьці. То бок ёсьць дакумэнт – мы яго камэнтуем. Пакуль няма дакумэнтаў, няма чаго проста камэнтаваць".
А вось як ацэньвае скасаваньне швэдзкага праекту супрацоўніца Навуковага інстытуту эканамічных дасьледаваньняў Мінэканомікі Ларыса Хмуровіч:
(Хмуровіч: ) "Беларуская эканоміка зноў згубіла замежныя інвэстыцыі, якія маглі б паспрыяць дрэваапрацоўчай той жа прамысловасьці, і ўвогуле прамысловасьці. Гэта было б і стварэньне новых рабочых месцаў. Але тут ёсьць яшчэ адзін момант: швэдзкі канцэрн "IKEA" – гэта прадпрыемства, якое ведаюць ва ўсім сьвеце. І Беларусь зноў згубіла моцнага, вядомага ва ўсім сьвеце партнэра".
Супраць плянаў "IKEA" катэгарычна выступаў беларускі дзяржаўны канцэрн "Беллеспаперапрам". Кіраўнкі канцэрну прапанавалі, каб швэды ўклалі грошы ў прадпрыемствы "Беллеспаперампраму," замест таго каб будаваць новае на месцы збанкрутавалага бэтоннага заводу. Эканамістка Ларыса Хмуровіч лічыць такую прапанову нявыгаднай для інвэстараў:
(Хмуровіч: ) "Вытворчыя магутнасьці, якімі валодаюць нашыя прадпрыемствы, маюць амаль 80 адсоткаў фізычнага й маральнага зносу. І чым укладаць значныя грошы ў іх мадэрнізацыю, выгадней пабудаваць новыя магутнасьці, у якіх будзе патэнцыял разьвіцьця яшчэ на некалькі гадоў наперад".
Лічыць супрацоўніца Навуковага інстытута эканамічных дасьледаваньняў Мінэканомікі Ларыса Хмуровіч.