Эканамічны заняпад у канцэрне “Белнафтахім” найбольш закрануў прадпрыемствы хімічнага комплексу. У прыватнасьці, на чвэрць зьнізіла сёлета вытворчасьць прадукцыі магілёўскае “Хімвалакно”.
Яшчэ горш працавала ў першым квартале гарадзенскае “Хімвалакно”. У сакавіку выраб прадукцыі на гэтым прадпрыемстве склаў толькі палову ад леташняга аб’ёму. Усяго на 80% выканала ўрадавае заданьне яшчэ адно “Хімвалакно” — са Сьветлагорску. Наколькі рытмічна працуе зараз гэтае прадпрыемства? Чаму яно перажывае эканамічны крызыс?
Вось як адказала на гэтыя пытаньні старшыня прафкаму сьветлагорскага вытворчага аб’яднаньня “Хімвалакно” Данута Кічкіна:
(Кічкіна: ) “Працуем празь пень-калоду. І не стаім, але і не працуем на поўную магутнасьць. Так бы мовіць, жыцьцё тут цепліцца. Некаторыя вытворчыя падразьдзяленьні працуюць на 60%, некаторыя — на 70% ад сваіх магутнасьцяў. Пэрыядычна спыняем тыя ці іншыя ўчасткі. Нашыя валокны ляжаць незапатрабаваныя, бо лёгкая прамысловасьць працуе ня так, як нам хацелася б. Яе прадукцыю мала купляюць. Таму ў нас і зьбіраюцца на складзе запасы. Зараз гэта больш чым месячныя запасы. Але гэта не віна нашага прадпрыемства. Чакаем прыезду прэзыдэнта”.
Паводле словаў прафсаюзнай лідэркі, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў пры канцы траўня наведаць сьветлагорскае “Хімвалакно”. Адміністрацыю гэтага хімічнага гіганта, дзе занята амаль 10 тысяч работнікаў, гэты меркаваны візыт, здаецца, больш палохае, чым радуе. Днямі генэральны дырэктар сьветлагорскага прадпрыемства правёў вытворчую нараду, на якой загадаў тэрмінова шукаць пакупнікоў хімічных валокнаў, каб разгрузіць склады.
Трывога ахапіла зараз і адміністрацыю яшчэ аднаго айчыннага хімічнага гіганта — бабруйскай “Белшыны”. 14-тысячны калектыў беларускіх шыньнікаў з 1 па 15 траўня знаходзіцца на вытворчых вакацыях. У сакавіку “Белшына” праваліла ўрадавы плян. Прапрыемства зазнала рэзкі спад вытворчасьці — каля 20%. Чаму? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка генэральнага дырэктара “Белшыны” Віктара Ялака:
(Ялак: ) “Былі на тое прычыны. Усё на гэтым. Выбачайце, да пабачэньня”.
Ня выключана, што нежаданьне спадара Ялака камэнтаваць прычыны вытворчага заняпаду “Белшыны” выкліканае хісткім становішчам, у якое трапіла кіраўніцтва шыннага камбінату.
Рэч у тым, што днямі прэзыдэнт “Белнафтахіму” Іван Бамбіза заявіў аб пэрсанальнай адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў канцэрну за паказчыкі працы. Спадар Бамбіза паабяцаў па выніках паўгодзьдзя наладзіць кадравую чыстку сярод дырэктараў.