Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водар вільготнага травеня.


Леанід Дранько-Майсюк, Менск

Самалёт нізка пралятае над Лісабонам, і ў адным з дамоў у адчыненым акне пасьпяваю заўважыць суламітную жанчыну. Жанчына тут жа зьнікла.

Калі сказаў, што жанчына больш прывабная, калі зьнікае, то на гэта швэдзкая пісьменьніца Інга-Ліна Ліндквіст прамовіла: "Паэт больш прывабны, калі зьнікае". Акцэнт быў зроблены на слове "паэт". Атрымалася ня проста ўдакладненьне маёй сьвядомай прыметнай думкі, але прыемная мне заўвага і відавочная прапанова — гаварыць не пра жанчын, а пра паэтаў.

Але гаварыць пра паэтаў у Лісабоне — усё адно што за астраномію беларускіх "зайчыкаў" купляць дзёньнік Хрыстафора Калюмба — занятак яркі і безвыніковы, бо Лісабон — не Парыж. У каравэльным Лісабоне і ў 2000 годзе льга хіба што паважна гутарыць пра паэзію каталіцкай экспансіі. Чаму? Ды мусіць таму, што ў каравэльным Лісабоне будынкі нагадваюць папскі флёт — перад адплыцьцём у невядомы, і таму больш новы, чым усім вядомы Новы Сьвет.

І ўсё ж мы пачалі сваю лісабонскую сустрэчу з гаворкі пра паэтаў. Нават пайшлі ў заклад на сымбалічную жменьку эўра. Дзеля жарту ўмовіліся, што тут, у Лісабоне, Інга раскажа пра Фэрнанду Пэсоа, а там, у Парыжы, куды мы прыбудзем заўтра, я распавяду пра Гіёма Апалінэра. Выйграе той, хто ў сваёй вуснай аповесьці будзе найбольш банальны.

Менавіта банальны — такая абавязковая струна зьвінела ў нашай дзівацкай умове. Словам, Інга павінна была расказваць пра тое, пра што ведаю я, а я — пра што ведае Інга.

І вось я слухаю пра Фэрнанду Пэсоа. Пра сьціплага, ветлівага, маўклівага няўдачніка, які любіў акультызм, ня ведаў жаночай пяшчоты, і, здаецца, ня прагнуў яе. Баяўся звар'яцець, апантана вывучаў праблему славы, любіў павучаць сяброў: "Новы дзень тады новы, калі прыносіць новыя думкі". Быў шчыра ўпэўнены, што хрысьціянства паспрыяла заняпаду заходняй культуры. Доўга і пакутліва ішоў з ангельскай мовы ў родную, партугальскую.

А яшчэ, паводле Інгі, вялікі партугалец неверагодна мала за 47 гадоў свайго жыцьця друкаваўся. У выніку пакінуў па сабе вялізную гурбу рукапісаў. Зь нейкай асаблівай музычнай цеплынёю Інга паведаміла пра схільнасьць Пэсоа да гетэраніміі — то бок пра хваравітае імкненьне паэта да бясконцых псэўданімаў. Нібыта ён не любіў уласнага імя, нібыта ўся мэта вершаванай творчасьці яму бачылася ў тым, каб адно падпісваць свае тэксты выдуманымі прозьвішчамі.

Я таксама даведаўся пра абулію Пэсоа, пра ягоную, так і хочацца сказаць — беларускую — нерашучасьць. Дазнаўся пра тое, што віно для яго было адзінай магчымасьцю разгаварыцца, што ён гэтак жа ўпарта абжываў новыя імёны-псэўданімы, як некалі Партугалія абжывала новыя заакіянскія землі.

Пэсоа, мусіць, так і ня выпусьціў бы ніводнае кнігі, каб аднойчы зусім выпадкова, маючы адно клопат схавацца ад спорнага дажджу, не зайшоў у кінатэатар, дзе ўбачыў карціну Алівэйры "Дору, цяжкая праца на рацэ". Фільм уразіў. Аднак жа ня зьместам — уразіў як завершаны адрасаваны публіцы прадукт мастацтва. І Пэсоа захацелася ўбачыць, адчуць сваю публіку, адрасаваць ёй кнігу, завершаны знак уласнага мастацтва.

Абулія прыглушылася, і колькі тыдняў запар зь неабдымнай рукапіснай блытаніны паэт вызваляў раней створаныя вершы, якія і склалі ягоны адзіны прыжыцьцёвы зборнік.

Сваю банальную аповесьць Інга завяршыла гэтак: "Пэсоа марыў пра незвычайнага генія, чакаў зьяўленьня звыш Камоэньша. Датклівы і празьмерна рамантычны, ён зайздросьціў Луішу Камоэньшу — салдату, дуэлянту, выгнаньніку. Зайздросьціў творцу, які ня ведаў, што такое абулія".

Інга змоўкла, а я ўбачыў пэўную блізкасьць Фэрнанду Пэсоа з Максімам Багдановічам. У Багдановіча таксама ж — пакутлівы шлях да роднае мовы і таксама — адзіная прыжыцьцёвая кніга. Ёсьць агульнае і з Францішкам Багушэвічам — усё тая ж любоў да псэўданімаў.

***
Партугальская сьвечка нашага падарожжа задаволена патухла, і мы апынуліся ў Парыжы. Я ня мог надыхацца апэльсінавым паветрам вакзала Монпарнас, на які мы прыехалі, і ўсё ніяк ня мог наталіцца бясконцым дзіцячым адчуваньнем — нарэшце зноў убачу тое, што бачыў і што неаднойчы за апошнія восем гадоў зноў хацеў убачыць.

З бульвара Ва-Жырар я патэлефанаваў у Менск Васілю і Вользе, пасьля пазваніў у Гельсынкі Някляеву.

А тымчасам дапытлівая Інга маўкліва патрабавала маёй вуснай аповесьці пра Апалінэра. Інга прагнула пачуць пра тое, пра што ведала сама. Яна хацела казку пра караля, які змайстраваў сабе карону з эмігранцкай гаркоты і аддаў на гэта болей сіл, чым на саму творчасьць.

Інга спадзявалася, што я назаву Апалінэра жартаўніком, імправізатарам, штукаром, дон жуанам, рамэа, рыцарам, жаўнерам, акопнікам, пакутнікам, мэтэкам, італаславянінам, непраўдзівым французам, вязьнем, выдумлякам, завадатарам, весялуном, багемнікам, таўстуном, урэшце — містыфікатарам.

Інга жадала празрыстага, як тонкі лёд і крыху цынічнага ў сваёй дакладнасьці адкрыцьця , якое, ёй так уяўлялася, было асноўным у сутарэньні Апалінэравага жыцьцяпісу.

Я ведаў, што зьмест гэтага адкрыцьця любы францускі і ня толькі францускі літаратурны пачатковец здолеў бы імгненна напісаць чорнай крэйдай (мусіць, і такая ёсьць) на чорнай дошцы. Спытаеце: чаму чорным па чорным? А каб ня кожны прачытаў.

Іншы раз трэба шанаваць генія, які шмат навыдумляў чароўных глупстваў і ап'янены гульнёй у нечаканае, часам парушаў этычную мяжу, строячы кепікі са сваёй маці — маўляў, яна пабывала ў ватыканскіх альковах, у выніку чаго і зьявіўся на сьвет Божы ён, Гіём, сын папы Рымскага.

Дык вось, Інга чакала, але я не жадаў гаварыць пра тое, пра што яна ведала, і ўвогуле не хацеў быць пераможна банальным. Я хацеў прайграць Інзе, бо я той, хто жанчынам прайграе. Я наогул люблю, калі жанчыны мяне перамагаюць.

Каб не маўчаць, вырашыў абысьціся жартам. У першы свой парыскі прыезд, вядома ж, думаючы і пра Апалінэра, кінуў у Сену 15 капеек. Перад тым, як назаўсёды зьнікнуць у вадзе, манэта па-зімоваму скупа бліснула і навяла на раптоўную думку: Парыжу пагражае нашэсьце базарнай славяншчыны. Інга разгадала мой выкрут і настояла на выкананьні нашай умовы.

І тады я запрасіў Інгу ў сквэр адваката Ларана Праша, у той самы завушнічна-маленькі зацішак, што каля абацтва Сэн-Жэрмэн дэ Прэ, куды я кожны дзень на працягу двух тыдняў хадзіў у 1992 годзе, каб глядзець на бронзавы бюст Апалінэра работы Пікасо і пісаць сваю "Стомленасьць Парыжам". Па дарозе пераказваў асобныя эпізоды гэтай прозы.

Інга маёй прозы ня ведала, і выходзіла так, што я парушаў нашу ўмову, бо апавядаў пра невядомае. Болей таго — спрабаваў угадаць непакладзеныя на паперу запісы Апалінэра. Напрыклад: "Жанчына стварае водар вільготнага травеня". Угадваць незанатаванае значна цікавей, чым распавядаць пра ляноту паэта або ягоную сялянскую працавітасьць, баязьлівасьць або няхай сабе і рыцарскую мужнасьць.

Падыходзячы да сквэра сказаў і пра тое, як тады, дзевяць гадоў назад, у самы дзень ад'езду, чыста літаратурна ўявіў, а пасьля й напісаў пра гэта, што аднойчы бронзавы Апалінэр прападзе, зьнікне. Інга засьмяялася: "Ты прыдумаў вельмі дакладную ілюстрацыю да аповесьці "Сьмерць паэта". "Магчыма", — адказаў я, пазнаючы абацтва Сэн-Жэрмэн дэ Прэ.

Мы абышлі сьвяты мур, вось ён, і завушнічны сквэрык. Я зірнуў, і на мяне абрынуўся нязвыклы, невядомы дагэтуль холад. Нібыта маю душу прыціснула вялізным ледзяным каменем. Бронзавага Апалінэра не было. Бюст сапраўды зьнік. Застаўся адно пастамэнт.

У сваёй парыскай прозе я напрарочыў: скульптуры ня будзе. І вось яе няма. Я адчуў сябе задаволеным, маё прароцтва спраўдзілася. І разам з тым адчуў сябе і вінаватым. Можа ўсё ж ня варта было гуляцца ў прадказаньні — і гэты сквэрык па-ранейшаму быў бы аздоблены плястычнай прысутнасьцю паэта.

Зьдзіўленьне, скутае раптоўнаю трывогаю, апанавала мяне. Каб хоць як супакоіцца, пакінуў Інгу ля пустога пастамэнта, а сам прайшоўся па вуліцы Апалінэра — яна ж зусім побач. Па той самай вулічцы, якую ў свой час назваў манумэнтальнай мініятурай. У даўжыню (дакладна памятаю, бо мераў) яна ўсяго 38 крокаў. І тады гэта ўбачылася архітэктурным выяўленьнем 38 гадоў, якія паэт пражыў.

Я зноў прамераў яе ўсю, ад пачатку да канца, але гэтым разам налічыў адно 30 крокаў. Вуліца нібыта паменела, сьціснулася, нібыта ладная частка яе зьнікла разам зь бюстам. І ўсё ж — дзе ён, гэты бюст?

У абацтве нам паведамілі, што скульптуру ўкралі. І здарылася гэта летась. Мусіць, адначасова паквапіліся на ўсё — і на тое, што гэта работа Пікасо, і на тое, што гэта выява Апалінэра, і магчыма на тое, што яна ня з гіпсу, а ўсё ж зь медзі.

Мне пашанцавала. Я не хацеў быць пераможна-банальным, і ня стаў ім. Невядомыя злодзеі дапамаглі. І таму фінал майго вуснага апавяданьня атрымаўся па-сапраўднаму нязвыклым.

Швэдзкая пісьменьніца Інга-Ліна Ліндквіст выйграла заклад. Аднак жа яна не хацела карыстацца выйграным. Калі мы ішлі па Мосьце Мастацтваў, Інга зірнула на Луўр і кінула свой выйгрыш у Сену. Кінуць эўра ў Сену, зірнуўшы на Луўр, — хіба што гэтак можна стварыць водар вільготнага травеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG