Беларуская прэса розных гадоў 1 сакавіка
“Чырвоная змена”, 1934 год. З Воршы:
“Комсамольская і прафсаюзная арганізацыі 8-га эксплаатацыйнага раёна МББ-чыгункі пад кіраўніцтвам палітаддзела абвясьцілі культбытавы паход. Гэты паход падначален асноўнай задачы — барацьбе за паляпшэньне работы транспарта, за ажыцьцяўленьне ўсіх рашэньняў 17 зьезда ВКП(б) і 15 зьезда КП(б)Б у гэтай галіне. У час культпахода намечана правесьці конкурс на культурны барак і культурную рабочую кватэру. Вызначаны 16 прэмій за лепшае культурнае ўтрыманьне баракаў. РайАРСам выдзелена 20 пасьцельных камплектаў для лепшых ударнікаў”.
“Звязда”, 1964 год:
“Некалі ў парку пасёлка Лунна Гродзенскага раёна была рыбная сажалка. Яе не расчышчалі, і яна зарасла. Камсамольцы Лунскай сярэдняй школы вырашылі адрадзіць былы вадаём. 450 вучняў старэйшых клясаў у вольны ад вучобы час мінулым летам дружна ўзяліся за рыдлёўкі. Амаль кожны вечар і ў нядзелю ім дапамагалі жыхары пасёлка. А неўзабаве на дапамогу прыйшлі і мэханізатары. І сажалка была адноўлена. Пасярэдзіне вадаёма пакінут астравок, на якім вучні абсталявалі геаграфічную пляцоўку. Цяпер, узімку, на сажалцы каток. А з надыходам вясны тут будзе працаваць лодачная станцыя, можна будзе купацца. У сажалку будуць пушчаны маляўкі розных рыб”.
“Вечерний Минск”, 1974 год. Работніца ВТА “Інтэграл” Е.Ярмолік далучае свой голас да пратэстаў у адрас чылійскай хунты:
“Тысячы і тысячы людзей загінулі. Тысячы патрыётаў пакутуюць у турмах і канцлягерах. Найбольш чэсныя, найбольш адданыя абаронцы радзімы, патрыёты. Крывёю пакрыта зямля Чылі. Аднак ім усё мала, гэтым катам у вайсковых мундырах. Патрыёты Чылі! Нашыя сэрцы з вамі! Нашыя галасы гучаць у падтрымку слаўнай справы, якую вы распачалі, якую вы працягнеце. Сёньня мы гнеўна патрабуем: “Свабоду Генэральнаму сакратару Камуністычнай партыі Чылі! Свабоду ўсім чылійскім дэмакратам!”