“Чырвоная змены”, 1933 год. Рэдакцыйны артыкул “Работаць поўных 420 хвілін”:
“У нашай краіне будуючагася соцыялізма існуе самы кароткі рабочы дзень — 7 гадзін. Мы гэтага дабіліся дзякуючы таму што краіна дасягнула вялізных посьпехаў на фронце соцыялістычнага будаўніцтва, на фронце палепшаньня і павышэньня матар’яльнага дабрабыта рабочага кляса. Задача камсамольцаў мабілізаваць сваю камсамольскую энэргію, змагацца за тое, каб кожны рабочы, камсамолец працаваў у свайго станка, машыны поўных 420 хвілін”.
“Звязда”, 1993 год:
“Учора прэм’ер Вячаслаў Кебіч сустрэўся зь непасрэднымі ўдзельнікамі апэрацыі па зьнішчэньню гаўляйтэра Беларусі Кубэ Аленай Мазанік і Марыяй Восіпавай. Старшыня Савету Міністраў прынёс на гэтую сустрэчу кнігу Ю.Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, у якой Кубэ паказваецца прыхільнікам нацыянальнага разьвіцьця беларусаў. “Я глыбока перакананы, што гэта быў кат, — заявіў прэм’ер, — і не разумею, як такая кніга магла прайсьці праз выдавецтва “Беларусь”. Марыя Восіпава паведаміла, што Кубэ зьбіраўся ў верасьні 1943 году пачаць апэрацыю па зьнішчэньню 2 мільёнаў беларусаў. А Алена Мазанік нядаўна атрымала ліст ад жонкі Кубэ са здымкам яго чатырох сыноў”.
“Советская Белоруссия”, 1993 год:
“Ад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь”: “Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з глыбокім жалем паведамляюць, што 20 верасьня 1993 году ў 21 гадзіну 10 хвілінаў у Горадні выстралам зь пісталету забіты народны дэпутат Рэспублікі Беларусь, старшыня Гарадзенскага абласнога Савету народны дэпутат Дзьмітры Канстанцінавіч Арцыменя”.