Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск. 1960-я. Эсэ пра дзяцінства


Сяргей Дубавец, Вільня

Вядома, што калекцыянаваць можна ўсё – ад паштовых марак, кактусаў і анэкдотаў да высакародных учынкаў і чужых душаў. Я зьбіраю рознакаляровыя шкельцы, зь якіх складаецца мазаіка Беларускага сусьвету. Такіх шкельцаў мільёны, таму майму занятку няма й ня можа быць канца. Варта прымружыць адно вока, а да другога прыкласьці шкельца, і...

Вось – апошні набытак. Я пераношуся ў пачатак шасьцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ў Бабруйск, у пясочніцу пасярод закрытага сталінскага двара, дзе ставіцца свая п’еса чалавечых жарсьцяў. Яшчэ адзін цэлы і цэльны сьвет. Гэтае шкельца я выпрасіў у Віталя Каракорскага.

Хацеў быў прадставіць яго дэбютантам “Вострае Брамы”, але гэта было б не зусім слушна. Віталь Каракорскі – добра вядомы ў Літве журналіст і аналітык, ягоныя праграмы на нацыянальнай тэлевізіі глядзяць і ўплывовыя палітыкі, і паспалітая публіка. Вядомы ён яшчэ з тых часоў, калі генэрал Усхопчык на танках захапіў віленскую тэлевежу і ў Літве на дзевяць месяцаў усталявалася дваяўладзьдзе. Віталь тады рабіў паўпадпольныя радыёперадачы з паддашку віленскага Палацу спорту.

Больш за 10 гадоў прамінула з тае пары. Амаль столькі, колькі Віталь абяцаў мне напісаць эсэ пра ягоны родны Бабруйск – падараваць сваё шкельца ў маю калекцыю. Верагодна, і праўда, абяцанага трэба было добра пачакаць. І вось час прыйшоў. Бабруйск Каракорскага ў нашай радыёвэрсіі.

(Віталь Каракорскі: ) “Трэба ўвесь час падымаць галаву, і паволі, крок за крокам, падаваць назад, каб пабачыць, як вялізны комін сканчаецца ды пачынаецца бясконцы блакіт. Выпадае ня кожным разам, таму што баліць шыя ды перашкаджае пясочніца. Можна, зразумела, узяць трохі ўбок, але гэта будзе ня тое, як кажа Юлька, нецікава.

Крок, яшчэ крок. Дзе ты, пясочніца?

А ў ёй якраз Юлька, Марацік, Слаўка. Крыху далей, у альтанцы, Шпак і Вікторчык, і гэта небясьпечна, таму што яны старэйшыя, і ад іх ды яшчэ больш старэйшых братоў Маславых заўсёды ідзе пагроза.

Пясочніца ці альтанка, ці нават павеці – гэта нецікава, бо яны належаць усім. А вось комін у небе – толькі твой, і таму ты нікому, нават Мараціку, пра яго ніколі ня скажаш.

***

Мне пашанцавала: дом, у якім я нарадзіўся, меў клясычны, гермэтычны, як той казаў, двор. Нават зь дзьвюма брамамі, якія ўвечары зачыняліся. (Праз пэўны час іх зьнялі.) Нават два ўваходы былі ў кожным пад’езьдзе – парадны і працоўны, гэтак званы чорны. (Праз пэўны час парадныя дзьверы таксама зьніклі, іх замуравалі.)

Дом быў, як дарослыя казалі, сталінскі, то бок кватэры ў ім былі аграмадныя, столі высачэзныя, у калідоры я катаўся на ровары і гуляў у футбол з Марацікам. На кухні па сьвятах уся сям’я зьбіралася, нават калі хто з дванаццаці бабуліных братоў з радзінаю зь Піцеру прыяжджаў.

Праўда, у большасьці гэткіх кватэраў жыла не адна, як у нас, а прынамсі дзьве сям’і, але сам дом ня быў у тым вінаваты. Дом быў добры. Дом належаў да швейнае фабрыкі імя Фэлікса Эдмундавіча Дзяржынскага.

***

Ёсьць такі стары савецкі анэкдот. Едзе на замежныя гастролі філярманічны аркестар. Як заўсёды, разам з музыкамі – мастацтвазнаўца ў цывільным, то бок супрацоўнік КГБ. Першая скрыпка ў Парыжы атрымлівае магчымасьць паіграць на інструмэнце самога Паганіні.

– А што ў гэтым асаблівага? – пытаецца кагэбэшнік у дырыжора.

– Ну як тут растлумачыць, – адказвае той, – гэта як табе зь пісталета Дзяржынскага пастраляць.

***

Швейная фабрыка імя Дзяржынскага была побач з домам, праз квартал. Але які гэта быў квартал! Яго плошчу займаў Дом афіцэраў. “Афік” – як казаў Марацік. Уніфармаваных людзей сапраўды тут было шмат, як і ўвогуле па ўсім горадзе. Але й асаблівасьцяў у Дома афіцэраў было столькі, што пра пэўныя зь іх варта ўспомніць. Спартовая заля, напрыклад, у якой спаборнічалі штангісты. (Уражаньне было такое, што гэтыя волаты выступаюць штодня.) Кавярня – там быў вельмі смачны ліманад “Крушон” – больш нідзе яго ня бачыў, толькі там.

А самае галоўнае – у “Афіку” было кіно. Ранішні сэанс – 10 капеек. І фільмы былі асаблівыя – толькі замежныя. Быццам хтосьці, так бы мовіць, наверсе вырашыў, што вайскоўцам глядзець савецкія агіткі нецікава. Менавіта тут я пабачыў усіх Фантамасаў, Дэфюнэсаў, Сафіларэнаў і ўвогуле – праўду пра іх “шалёны, шалёны, шалёны сьвет”. Ну і пра Чынгачгукаў з Гойкаміцічамі разам, зразумела.

Кінатэатраў у горадзе было няшмат. “Таварыш” – у цэнтры, “Пралетарскі” – бліжэй да чыгункі, ды яшчэ “Мір” – у гарадзкім садзе. Апошні быў мадэрновы, зь дзьвюма залямі, зялёнай і блакітнай. І гэткім чынам глядач меў магчымасьць выбару, які фільм яму глядзець – блакітны індыйскі ці зялёны савецкі.

Потым у гэтак званых спальных раёнах пабудавалі яшчэ адзін кінатэатар – “Перамога”, але я там бадай што й ня быў, бо раёны гэтыя – бадай што й ня горад ужо, прынамсі, іншы горад”.

(С.Дубавец: ) “Лаўлю сябе на думцы, што многае тут успрымаецца як тыповае. І кожны, чые дзіцячыя гады прыпалі на эпоху разьвітага сацыялізму, дзе б у Беларусі ён ні жыў, згадвае антураж таго часу падобна. Тыя самыя гучалі песьні, тыя самыя панавалі кінагероі й нават дачыненьні, што складаліся паміж насельнікамі дваравых пясочніцаў, былі тыповыя.

Кажу пра гэта таму, што сёньняшнім дзецям ужо ня выпадзе спазнаць такога “единообразия” супольных успамінаў, бо няма такой аднастайнасьці ў жыцьці. Гэта і добра, бо сьвет стаў шматколерным, але ёсьць тут і свае страты. Савецкая аднастайнасьць збліжала і дагэтуль збліжае людзей, іхную памяць. Колішнія насельнікі дваравых пясочніц пазнаюць адзін аднога з такімі самымі брацкімі пачуцьцямі, як і колішнія насельнікі ГУЛАГу...

Аднак пры ўсёй аднастайнасьці колішняга жыцьця, у нашых успамінах мы абавязкова дабіраемся да таго моманту, калі тыповае сканчаецца і ў кожнага пачынаецца свая гісторыя. У сытуацыі Віталя Каракорскага першае скрыжаваньне – нацыянальны момант. Рэч у тым, што гадаваўся ён яшчэ ў тым Бабруйску, які быў прызнаным у Беларусі цэнтрам жыдоўства, чаго цяпер ужо няма. Віталь Каракорскі працягвае:

(Віталь Каракорскі: )
“Канал, дзе немцы загубілі Розу
Л., як патушаную папіросу...

Ёсіф Бродзкі.

Калі ўжо ідзецца пра назвы, трэба затрымацца, бо тапаніміка майго гораду, як кажуць у іншым месьце, у Адэсе, гэта штосьці адмысловае. Мой дом, Дом афіцэраў, фабрыка Дзяржынскага пасьлядоўна стаяць на вуліцы Сацыялістычнай. Калі першыя суседзі зьехалі ў Амэрыку, і раптам ад іх – з таго сьвету! – прыйшоў ліст, дык выпала на капэрце пабачыць: Socialisticheskaja Street. “Толькі б на іхных стрытах сацыялізму не было”, – сказаў, як памятаю, у той момант Слаўка. Але калі гэта яшчэ будзе!..

...Дарэчы, слова street вельмі адпавядае майму гораду, бо пабудаваны ён, як той Мангэтан у Новым Ёрку. Калі Сацыялка – так яе тут скарочана і з пэўнай ласкаю называюць – гэта стрыт, дык вось вам назвы нашых іншых стрытаў, гэта значыць, раўналежных Сацыялцы вуліц: Савецкая, Кастрычніцкая, Энгельса, Урыцкага, Тухачэўскага і гэтак далей.

А вось назвы авэню, то бок вуліц пэрпэндыкулярных стрытам: Пралетарская, Інтэрнацыянальная, Камсамольская, Камуністычная, Карла Маркса, Карла Лібкнэхта, Розы Люксэмбург...

Калі ў Амэрыцы пасадзілі на электрычны зэдлік ці то мафіёзі ці то камуністаў італьянцаў, дык у горадзе маім знайшліся адпаведныя вуліцы: Сака (асобна) і Ванцэці (асобна).

А вуліца МОПРа? Міжнароднае арганізацыі дапамогі працоўным на гэтым сьвеце, напэўна, шмат дзесяцігодзьдзяў як няма, а вуліца – вось яна, МОПРа, і калі суха – МОПРа, і калі мокра – МОПРа. Але гэта ўсё, мабыць, назвы трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Значна пазьней надышоў час, як сёньня кажуць, клянаваньня: ёсьць Камсамольская – дык будзе 50-годзьдзя ВЛКСМ, ёсьць Кастрычніцкая – дык на табе 50-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але ўсё гэта ў тых самых спальных раёнах, у іншым горадзе.

Асаблівая тэма – па ленінскіх мясьцінах. Ільліч, кажуць, горад мой праяжджаў па чыгунцы ў эміграцыю і на станцыі схадзіў у буфэт па піва. Таму апроч Ленінскае вуліцы ёсьць яшчэ і вуліца Леніна (былая Максіма Горкага), і плошча Леніна, і санаторый імя Леніна, і машынабудаўнічы завод імя Леніна, і шэсьць (магчыма больш, але я памятаю шэсьць) помнікаў правадыру сусьветнага пралетарыяту.

Толькі вось за пралетарскага пісьменьніка Горкага крыху крыўдна – ведаў бы, што вуліцу адбяруць, не пісаў бы, напэўна, свой нарыс "Уладзімер Ільліч Ленін", за які Марацік у шостай клясе атрымаў тройку, хоць і чытаў, а я – “пятак”, не чытаўшы.

***

Яшчэ адзін анэкдот. Маленькі хлопчык пытаецца ў маці:

– Мама, а хто такі Карл Маркс?

–Карл Маркс – гэта быў такі эканаміст.

– Як наш дзядзька Ізя?

– Ну што ты, наш дзядзька Ізя – галоўны эканаміст.

***

Комін, той самы, ад качагаркі, можна бачыць і праз вакенца на кухні. Ня цалкам, часткова, да чацьвертага паверху. А там, на чацьвертым паверсе, побач з комінам – гаўбец, і на ім стаіць малады Чарток і паліць. А потым стаіць стары Чарток і паліць. Яны вось так, па чарзе, менавіта паляць – таму што яны – польскія. Так кажа бабуля.

А дзед нічога ня кажа – ён гэтых Чартокаў ня любіць. Асабліва старога. Таму што ён добры кравец, але сышоў з фабрыкі Дзяржынскага. Ён не кравец нават, а кройшчык. І ён мае патэнт. (Празь дзесяць гадоў дзед адвядзе мяне да старога Чартока, і той зробіць – і вельмі добра зробіць – першы і апошні ў маім жыцьці замоўлены касьцюм.) Дзед лічыць Чартока дробным уласьнікам, а гэта чамусьці нядобра.

Дзед працуе на фабрыцы Дзяржынскага галоўным бугальтарам. Толькі па яго ў наш двор час ад часу прыяжджае аўтамабіль. Я нават марку гэтае машыны ведаю – “Опэль”. Яна трафэйная. На ёй мой дзед прыехаў з вайны і падараваў роднаму калектыву дзяржынцаў.

Яшчэ ў нашым двары ёсьць дзьве свае машыны: інвалідка адваката Альтшулера і цяжкавік “Газ” дзядзькі Толі з арыстакратычным прозьвішчам Маркізаў – гэта Славікаў бацька. Маркізавы жывуць таксама на чацьвертым паверсе, толькі ў нашым другім пад’езьдзе, пад імі – мы, а ў першым – пад Чартокамі – жыве адвакат Альтшулер. Ён кульгае. Ён такі з вайны прыйшоў. Дзед мой таксама ваяваў і, дзякуй богу, ня ўсё аддаў родным дзяржынцам. Трафэйныя компас ды бінокаль – мае самыя лепшыя цацкі. У бінокаль я гляджу на першы паверх першага пад’езду. Вось у вакенцы Марацік. Мы зь ім сёньня ідзем да ягоных сваякоў. Яны жывуць побач з рынкам, гэта далёка за фабрыкай, амаль што напрыканцы Сацыялкі.

Ідзем мы ня самі, з Марацікавай мамай. Яна таксама польская, і сваякі побач з рынкам таксама. Стрыечнага брата Мараціка завуць Ян. Бацька ягоны кепска размаўляе па-расейску, таму з Марацікавай мамай – Цыляй – яны гавораць на ідыш”.

(С.Дубавец: ) “Сёньняшні віленскі журналіст Віталь Каракорскі працуе ў горадзе пераблытаных нацыянальнасьцяў і моваў. Літоўцы, беларусы, палякі, жыды, расейцы, татары... сустракаюцца міжсобку штодня, даўно ўжо не зважаючы на гэтую нацыянальную адрознасьць. Штосьці зусім іншае я памятаю з часоў дзяцінства, пра якія кажа Віталь Каракорскі.

У Беларусі ў эпоху разьвітага сацылізму нацыянальнасьць заўсёды неяк неафіцыйна, але падкрэсьлівалася. Можа таму, што панаваў стандарт новай і пры тым фантомнай гістарычнай супольнасьці – савецкага народу, а не стандарт тытульнае нацыі, як гэта ёсьць у сёньняшняй Літве.

Жыдоўства ва ўспамінах Віталя Каракорскага мне хочацца параўнаць зь беларушчынай. Згадваю, да прыкладу, што ў беларускамоўных партыйных газэтах беларускамоўныя журналісты калі й сустракаліся, дык былі белымі варонамі сярод сваіх расейскамоўных калег. Беларушчына была дэкарацыйнымі шатамі нашага савецкага жыцьця. А жыдоўства, наадварот, было непублічным і сьпялілася ў сем’ях. Віталь Каракорскі працягвае:

(Віталь Каракорскі: ) “Анэкдот: па-над канторай рэзьніка (чалавека, які робіць абразаньне) вісіць шыльда, а на ёй намаляваны гадзіньнік. “Чаму гадзіньнік?” – пытаюцца ў рэзьніка. “А што вы хацелі каб там было намалявана?” – адказвае той.

***

Пра паходжаньне сваё, як той казаў, неарыйскае я даведаўся зноў-такі праз Мараціка. Старэйшыя за нас Шпак і Вікторчык менавіта яго з нашай пясочнай кампаніі выбралі на ролю жыдзёнка. Не мяне, не стопрацэнтовую Юльку, ня чорненькага Славіка, а чамусьці бландзіністага Мараціка. Магчыма таму, што ягоная матка Цыля праз адчыненае вакенца першага паверху часьцей за іншых матак і бабуляў клікала яго дахаты: “Марацік, дамоў”.

Што цікава, значна пазьней высьветлілася, што Шпак і Вікторчык – таксама, так бы мовіць... Карацей, паўжыдкі. Абодва жывуць цяпер у Ізраілі, у Ашдодзе. Вікторчык нават прозьвішча зьмяніў, ён цяпер бэн Авігдор. А на той час цярпеў ад іх Марацік, і ад братоў Маславых цярпеў таксама.

Калі аднойчы я гэтую гісторыю распавёў бабулі, яна мне паведаміла, што я таксама... І ня толькі я, але й бацькі мае, і дзяды, і яна сама, і ўсе яе дванаццаць братоў. І значная частка жыхароў нашага дому. І гэтак далей. А яшчэ яна сказала, што па-расейску слова “жыд” гучыць крыўдна, а па-польску ці па-беларуску – не.

(Потым я зразумеў, што калі хто і зьберагаў жыдоўскую традыцыю ў нашай сям’і, дык гэта менавіта бабуля. Яна ніколі нічога не рабіла па суботах. Яна мела асобны нож для каўбасы і адмысловае начыньне для мяса і для малака. Яна невядома якім чынам даведвалася пра блізкія жыдоўскія сьвяты. Яна давала мне паводле жыдоўскае традыцыі грошы на хануку. Праўда, і бяз ханукі яна мне грошы давала. Але гэта потым.)

А вось пра тое, што Палац культуры, дзе я займаўся ў музычнай школе, – гэта перабудаваная сынагога, я даведаўся ад дзеда. На той час мяне гэта ўжо не зьдзівіла. На ўласныя вочы я бачыў, як касьцёл ператварылі ў будаўнічы трэст, а праваслаўную царкву – у басэйн.

***

Анэкдот. Чым адрозьніваецца француз ад беларуса? Першы п’е коньяк, а другі – як конь.

***

Чарговы раз, калі браты Маславы казалі Мараціку: “Мы – рускія, а ты – жыд”, Слаўка раптам устаў у нашай пясочніцы ў поўны рост і абвясьціў: “А я – беларус!” Пра тое, што пэўныя беларусы дзесьці зусім побач існуюць, я ўжо ведаў, бо ведаў, што ёсьць такая мова – беларуская. А калі ёсьць мова, дык павінны быць і людзі, якія на ёй размаўляюць. (Пра лёс латыні, напрыклад, я на той час яшчэ нічога ня ведаў.)

А пра тое, што ёсьць мова такая, беларуская, я даведаўся зноў жа ад дзеда. Ён выпісваў адзіную гарадзкую газэту “Камуніст”. Я на той час якраз навучыўся чытаць, і мяне зацікавіла, чаму літара “і” ў слове “камуніст” напісаная нязвыкла. “Гэта па-беларуску”, – адказаў дзед.

Потым на каробцы з цукеркамі я прачытаў: “Кандытарская фабрыка “Чырвоны харчавік”. І сёньня я ня здольны зразумець, чаму гэты харчавік – чырвоны. Што зь ім здарылася? Ці яму сорамна за тое, што ён менавіта харчавік? Ці цукерак зь лікёрам наеўся столькі, што пачырванеў? Вось дзядзька Толік, калі ня езьдзіў на сваім “Газе”, дык быў чырвоны, лаяўся, біў жонку, і Слаўку таксама біў. А калі ня быў чырвоны, дык вельмі добры быў дзядзька, дазваляў нават у кабіне пасядзець і руль пакруціць. Вось адвакат Альтшулер ніколі не дазваляў круціць руль сваёй “інвалідкі”.

А потым раптам памёр дзядзька Толік Маркізаў. І гэта былі першыя на маёй памяці хаўтуры ў нашым двары. І неўзабаве зьехалі з дому Слаўка з маткай. А потым і Цыля з Марацікам атрымалі кватэру на вуліцы Горкага (пасьля Леніна) у гэтак званым хрушчоўскім доме.

А ўсьлед і мае бацькі зьехалі, таму што мама чакала для мяне браціка.

І толькі Юлька засталася. Але ўжо не ў пясочніцы, а ў альтанцы з братамі Маславымі і са Шпакам зь Вікторчыкам. Шкада яе, Юльку, што будзе рабіць яна адна, бяз нас, з гэтымі антысэмітамі?

А мы, Марат Залатароў, Станіслаў Маркізаў і я – яшчэ сустрэнемся ў гэтым жыцьці, яшчэ пойдзем па Сацыялцы ажно ад Бярэзіны да самай чыгункі. І Марат, пабачыўшы шыльду на краме – “Лакамка” – скажа: “Глядзі ж ты, па-беларуску напісана”, а Слаўка яму: “Не, гэта па-расейску, толькі з памылкай”.

Але гэта ўсё будзе на іншых старонках, і горад будзе іншы, і мы самі. А зараз я апошні раз, задзёршы галаву, гляджу на комін, зь якога хутка пойдзе дым, бо скончылася лета і чырванее восень”.

(С.Дубавец: ) “Бабруйск, Сацыялка, пасочніца... Эсэ пра дзяцінства. Яшчэ адно шкельца ў мазаіку Беларускага сусьвету.

Сьвет дзяцінства і сьвет жыдоўства, сьвет кагэбэшнікаў і сьвет беларускай правінцыі, сьвет Каракорскага і мой, твой, ягоны, ейны сьвет... Іх мільёны, але што істотна, кожны зь іх сапраўды сьвет, бо ў кожным ёсьць поўная гама чалавечых пачуцьцяў і дачыненьняў, у кожным па-свойму прысутнічаюць гістарычныя пэрсанажы і падзеі, ёсьць і свая Афрыка, і свая Амэрыка...

Таму называючы кожны зь іх словам “сьвет”, мы не фальшывім. Яны завершаныя і розныя. Да прыкладу, самы блізкі сябрук Віталя Каракорскага з суседняе кватэры пра тое самае распавёў бы зусім па-іншаму. І гэта быў бы ўжо іншы сьвет, іншае шкельца.

Такім чынам яны памнажаюцца – экспанаты майго збору. Сёньняшні набытак – Бабруйск, 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Калі, як той казаў, дрэвы былі вялікія, сонца ярчэйшае і ніхто нават уявіць ня мог, што яго чакае наперадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG