Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка Яўгена Глебава


Сяргей Дубавец

(эфір 6.02.2000).

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Сьмерць творцы - заўсёды нагода для таго, каб ацаніць ягоны маштаб, але гэта кепская нагода, каб толькі згадаць творцу, што звычайна і адбываецца ў нашым сёньняшнім культурным кантэксьце. Іншыя сёньня гаспадараць уладальнікі дум. Таму ўсё адбываецца наадварот: ён сыйшоў, а адносна нашае сьвядомасьці - прыйшоў. Мы быццам спахопліваемся і кажам - гэта ж памёр найвялікшы кампазытар нашага часу. І пачынаем нейкім чынам вытлумачваць тую ягоную веліч. І, як правіла, у нас гэта не атрымліваецца.

Пасьля нядаўняе сьмерці Яўгена Глебава давялося нямала чытаць пра яго і сур'ёзных артыкулаў, і ўсялякіх баек. Сур'ёзныя былі насычаныя музычнай тэрміналёгіяй, але дазвалялі падстаўляць замест прозьвішча Глебава і назваў ягоных твораў іншыя прозьвішчы і назвы - сутнасьць не зьмянялася. Байкі былі даволі прымітыўныя, я б сказаў, пралетарскія, быццам узятыя са старажытнага фільма пра Просю Бурлакову, якая прыехала зь сібірскае глухамані і паступіла ў кансэрваторыю, бо мела надзвычайны голас. Аказваецца, Глебаў таксама паступіў у кансэрваторыю, ня ведаючы нотнай граматы. Для пралетарскае сьвядомасьці такога факту дастаткова, каб ацаніць веліч кампазытара.

Зразумела, з усяго гэтага ні асоба творцы, ні спэцыфіка ягонае музыкі не праглядаюцца. Напрыклад, ці беларускі Глебаў кампазытар? І ў чым сіла ягонага ўзьдзеяньня? З гэтых пытаньняў і зарадзілася тэма нашае сёньняшняе перадачы.

А пачнем мы з інтэрвію іншага творцы, які Глебава добра ведаў і нават працаваў, ствараў разам зь ім. Маю на ўвазе паэта Ўладзімера Някляева, які сёньня жыве ў Варшаве і зь якім гаварыў Севярын Квяткоўскі.

(Севярын Квяткоўскі: ) "Пасьля сьмерці Яўгена Глебава засталіся няспраўджаныя праекты. Толькі сам майстра ведаў, што яшчэ хацеў стварыць. Але ёсьць і такое, пра што ня ведае публіка, але ведаюць калегі творцы. Ужо два гады ляжыць на паліцы гатовая электронная вэрсія глебаўскіх твораў - праект зьдзейсьнены ў студыі Васіля Раінчыка. Шмат чаго не пасьпеў завяршыць разам з Глебавым і паэт Уладзімер Някляеў:

(Уладзімер Някляеў: ) "Гэта найбуйнейшы беларускі кампазытар нашага часу. Асоба, вакол якой згуртавалася кола людзей, якія сёньня вызначаюць якасьць музыкі. Ён быў цэльны, ён быў нечаканы, ён быў эмацыйны, ён быў вельмі зацікаўлены ва ўсіх праявах гэтага жыцьця.

Яўген Глебаў ня быў змагаром за Беларушчыну, але ён вельмі любіў Беларусь. І гэта любоў не была кан'юктурнай. Усё, што ён напісаў у садружнасьці зь беларускімі паэтамі, і па творах беларускіх літаратараў (скажам, Васіля Быкава, па ягонай "Альпійскай баладзе"), гэта была шчырая ўнутраная патрэба чалавека, які жыў на гэтай зямлі".

(Севярын Квяткоўскі: ) "Гаворачы пра апошнія гады жыцьця Яўгена Глебава Уладзімер Някляеў зважае на атмасфэру татальнага пэсымізму, якая пануе сярод творчых асобаў, найперш старэйшага пакаленьня. З гледзішча Някляева пэсымізм неапраўданы, зьвязаны галоўным чынам з пагаршэньнем побыту людзей. І Глебаў тут выключэньне".

(Уладзімер Някляеў: ) "Глебаў быў з тых людзей, якія ня ўмеюць пісаць кепска. Яўген Аляксандравіч ніколі не выказваў таго, што, вось, нейкі заняпад, нешта трагічнае адбываецца ў музыцы. Ён радаваўся посьпехам сваіх вучняў, і ня толькі іх, і даводзіў мне: глядзі - штосьці адбываецца, ня ўсё страчана. Яго раздражняла мітусьня. Але, тых людзей, якія мелі талент і ў яго вучыліся, ён ніколі не пакідаў, і працягваў руку дапамогі ў любых выпадках".

(Севярын Квяткоўскі: ) "Амаль усе, з кім Уладзімер Някляеў пісаў песьні, былі вучнямі Яўгена Глебава: Валеры Іваноў, Леанід Захлеўны, Васіль Раінчык".

(Уладзімер Някляеў: ) "На адным зь ягоных юбілеяў падняўся Васіль Раінчык, яму якраз нейкае званьне далі, і кажа: "Яўген Аляксандравіч, дальбог, ня ведаю якую вам падзяку выказаць. Найбольшае, што вы для мяне зрабілі - навучылі не разьмешваць сьмятану ў баршчы".

Глебаў ня быў абдзелены ўвагаю ўладаў. Ён меў узнагароды. Яму прапаноўвалі самыя розныя пасады. Ад пасадаў ён усяляк стараўся адмаўляцца. Ён, па-мойму, апошнім часам ужо не зважаў на ўладу, на палітыку. Ён быў засяроджаны ў самім сабе. Стараўся працаваць у творчасьці, і проста не зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца па-за ёю. Усе размовы, якія пачыналіся з майго боку, ці іншых, пра ўладу, пра палітыку, ім у адказ не прымаліся, завісалі".

(Севярын Квяткоўскі: ) "Амаль усе, да каго я зьвяртаўся - сябры і вучні майстра - казалі, што ў апошнія гады яны амаль ня бачыліся з Глебавым: маўляў, заміналі справы. Тое самае сказаў мне і Ўладзімер Някляеў".

(Уладзімер Някляеў: ) "На жаль, апошні раз мы зь ім бачыліся даўна - на ягоным аўтарскім канцэрце ў дзяржфілярмоніі напрыканцы 1998 году. Калі я чытаў з сцэны вершык, які быў яму прысьвечаны, там былі такія словы. Што вось, Яўген Аляксандравіч, я вам усё абяцаю, што да вас зайду, але ніяк гэта не выпадае, вось-вось гэта станецца... Ён узяў, і крыкнуў з глыбіні залі: "Дык кідай чытаць, сыходзь з сцэны, ды пайшлі!"

Яму вельмі падабаўся верш, якім адкрывалася кніга "Прошча". Здаваўся яму як вельмі дакладны музычны фрагмэнт. Казаў, што тое самае ён бы напісаў у музыцы, каб музыку можна было запісаць ня нотамі, а словамі:

Намацваць рух радка, які ў зачыне -
Як шыць туман, ці аблачыну ткаць.
І ўсё ж, пачаць, хоць на пачатку знаць,
Што слоў напісаных на аблачыне
Ніколі і нікому не чытаць".

(Сяргей Дубавец: ) "Севярын Квяткоўскі распытваў у Ўладзімера Някляева пра кампазытара Яўгена Глебава. Паэт кажа пра тое, што музыка любіў Беларусь.

На маю думку, Глебаў не беларускі кампазытар - у такім сэнсе, як беларускі Лучанок, напрыклад, або Шчаглоў-Куліковіч. Глебаў не беларускі і ў такім самым сэнсе, як Тарывердзіеў не армянскі, а Дога не малдаўскі кампазытар. А менавіта сярод названых месца Глебава ў культурным кантэксьце. Гэта касмапалітычныя кіношныя мэлядысты - абсалютна народныя паводле сваёй даступнасьці і зразумеласьці. Іхная радзіма не вызначаецца геаграфічна або этнічна. Яе, мабыць, трэба шукаць у часе, а не ў прасторы.

І ўжо з гэтага гледзішча было б надзвычай цікава ўявіць сабе дачыненьні такой музыкі з эпохамі, яе патэнцыял старэньня або нестарэньня. Бо ў сёньняшняй інструмэнтоўцы музыка Яўгена Глебава выразна вяртае нас у атмасфэру 60-70-х гадоў.

А яшчэ радзіма Глебава - гэта радыёкропка. Дакладней, кожны беларускі чалавек будзе заўсёды асацыяваць гэтую музыку з уласным дзяцінствам і з домам, у якім заўсёды грала радыёкропка. Так камусьці Глебаў будзе нагадваць 60-я, камусьці 70-я, а камусьці нават і 90-я. Магчыма, у гэтага шэрагу ніколі ня будзе абмежаваньняў, бо Глебаў ніколі не перастане гучаць у беларускім радыё.

Сама асоба Яўгена Глебава ў гэтым ва ўсім - неістотная. Характар творчасьці вызначае і характар адносінаў да творцы. Першы настолькі завоблачны, што, дазволю сабе, можа быць, блюзьнерскую думку, фізычная сьмерць музыкі не адгукаецца ў душы пачуцьцём чалавечае страты. Калі ня ведаў яго асабіста, дык факты ягонае біяграфіі ўспрымаеш як нешта з жыцьця кагосьці іншага. Можна чытаць пра тое, што ён плаціў калясальныя партыйныя складкі, калі быў членам КПСС, або пра тое, што лічыў сябе расейцам (ён смаленец, зямляк Глінкі) і ў Беларусь патрапіў амаль выпадкова - Магілёў аказаўся найбліжэйшым абласным цэнтрам. Але ўсе гэтыя зьвесткі нам пра Глебава-кампазытара нічога не дададуць. Тут тое самае, што многія слухачы, якія зь першых акордаў пазнаюць ягоныя мэдёдыі, ніколі й не падазравалі, што прыдумаў іх нехта Яўген Глебаў. Ня ў гэтым рэч.

Зьміцер Бартосік паспрабаваў агучыць гэты эфэкт узьдзеяньня музыкі словамі, узяўшы гісторыю з уласнага жыцьця".

(Зьміцер Бартосік: ) "Якая ўсё ж няўдзячная праца ў кампазытара. Можа, з усiх творчых прафэсiяў самая неславалюбная. Мяркуйце самi, ня самы лепшы мастак паставiць свой тлусты аўтограф у куце палатна, пiсьменьнiк абесьсмяроцiць сваё прозьвiшча на вокладках тамоў, а якi-небудзь артысьцік адным сваiм тварам так намазоліць вока, што хочаш-ня хочаш а твар ягоны будзеш памятаць да сьмерцi. Кампазытар жа часьцей за ўсё застаецца iнкогнiта. Блукаючы па вечаровых вулiцах, мы можам насьвiстваць ягоную мэлёдыю, едучы начной дарогай за рулём, нам прыемна бывае пачуць з радыёпрыёмнiка нешта такое, што зробiць шлях хутчэйшым. Нават калі чалавек апынуўся ў няволi, яму дастаткова ўзгадаць якiсь цёплы матыў, каб паверыць, што ня ўсё яшчэ страчана. Але ва ўсiх гэтых сытуацыях нас менш за ўсё хвалюе - хто аўтар нашага ўзьнятага жыцьцёвага тонусу. Напэўна, гэта несправядлiва. Зрэшты, цi ня ў гэткiм безыменстве - найвышэйшая ступень шляхетнасьцi майстра ў адносiнах да публiкi. Тым больш, калi створаная iм мэлёдыя здольная iншым разам зьмянiць ня толькi сумны настрой, але й лёс.

Пасьля войска, пабадзяўшыся зь месяц бяз справы, я надумаўся быў усё ж нечым заняцца. Папрацаваў з паўгады на заводзе, зрабiў няўдалую спробу паступiць у тэхнiкум, і вырашыў урэшце не рабiць са свайго адзiнага жыцьця сумнага раману на вытворчую тэматыку, а прынамсi стаць героем прыгоднiцкага дэтэктыву. З гэтай блiскучай iдэяю ў маладой неразумнай галаве я й апынуўся ў шэрагах стажораў патрульна-паставой службы мунiцыпальнай мiлiцыi. Рашэньне было больш чым няўдалае - байцоўскiмi якасьцямi я нiколi не адрозьнiваўся, бiцца толкам таксама ня ўмеў, i ў кiнадэтэктывах заўжды быў на баку злачынцы, а не закону. Аднак мне паверылi, і разам з двума iншымi шукальнiкамi рамантыкi адправiлi на першае заданьне.

Рамантыка заключалася ў наступным - нашай баявой групе давалiся адрасы ўсiх навакольных алкаголiкаў, якiя нiяк не хацелi ехаць на прымусовае лячэньне ў ЛТП, а аддавалi перавагу далейшаму п'янству. Мы хадзiлi па змрочных кварталах i зьбiралi, згодна са сваім сьпiсам, няшчасных геданiстаў. Нашы дзеяньні нагадвалі пра 37-мы год. I маiм спадарожнiкам гэта падабалася. Асаблiва эфэктна ў iх атрымлiвалася грукатаць ботамi па сходах на падыходзе да чарговых дзьвярэй. За якімі, часьцей за ўсё, працягвалася бясконцае беспрасьветнае сьвята.

Далей мы грузiлi сваiх палоньнiкаў у аўтобус i суправаджалi iх да месца лячэньня. ЛТП месьцiўся ў былым вялiкiм кляштары за горадам. Мы ехалi зiмоваю дарогаю. У салёне i за вокнамi панавала гнятлiвая цiшыня. Каб неяк разьвеяць яе, кіроўца ўключыў радыё.

I раптам з радыёпрыёмнiка палiлася прыгожая й шчымлiвая мэлёдыя.

Мэлёдыя - нiбы з забытага, але, адначасова, здавалася, зусiм нядаўна бачанага кiнафiльму. Вiдэшэраг, якi нiяк ня згадваўся, але мiжволi маляваўся, быў далёкi ад таго "кiна", на якое я сам, дабраахвотна асуджаў сябе. Герой нясьпешна ехаў у прыгожай машыне па вечаровых, залiтых агнямi рэклямаў i запоўненых сьвяточна апранутай публiкай вулiцах вялiкага гораду. Побач зь iм сядзела маладая прыгожая бляндынка, што неадрыўна глядзела на свайго кавалера. Куды яны ехалi? Можа, у якую адкрытую рэстарацыю павячэраць, можа ў кампанiю, дзе iм усе будуць, безумоўна, радыя. Герой закурыў i прачыніў вакно, каб летняе паветра перамешвалася з пахам добрага тытуню. Ён i яна маўчалi. Безумоўна, гэта быў фiнал фiльму. Таму што ўсё кепскае ў яго герояў заставалася за кадрам. Наперадзе быў толькi "хэпi энд".

У мяне ж наперадзе паўставалi барочныя вежы й муры кляштару, аплеценыя калючым дротам. Мэлёдыя даўно скончылася, палонныя алкашы ажывiлiся. Я ж цьвёрда вырашыў, што гэта быў мой першы й апошнi рэйд.

Пасьля я доўга й марна намагаўся ўваскрасiць у памяцi тую мэлёдыю. I нiяк яна мне не траплялася. Але нядаўна, едучы ў тэатар на сваёй "AUDI" па вечаровым Менску ў кампанii зь дзяўчынаю, я пачуў з радыёпрыёмнiка тую мэлёдыю йзноў.

Перадавалi канцэрт памяцi беларускага кампазытара Яўгена Глебава. Калi скончылася знаёмая й забытая мэлёдыя, я прыспынiў машыну ля ўзбочыны. Мая спадарожнiца няўцямна пазiрала на мяне. Я закурыў. Сказаўшы: "Жыцьцё - штука, цiкавейшая за кiнематограф. Нават бяз "хэпi энду". I пераказаў ёй гiсторыю пра "Начны дылiжанс". Менавiта так называлася гэтая кампазыцыя. Па-мойму, сяброўка мне не паверыла".

(Сяргей Дубавец: ) "Некалі ў "Вострай Браме" мы адпрацоўвалі такі мэтад разуменьня творцы і твору. Трэба было ўявіць гэта ўсё ў атворы самой Вострай Брамы - найвялікшай сьвятыні беларускае культуры. Уявіце сабе апеты Багдановічам і яшчэ двума дзясяткамі паэтаў сымбаль з выяўленай на фасадзе Пагоняй, гэтай парой засьнежаны, пасярод старое Вільні, якая паступова пагружаецца ў шарую гадзіну. Ці можа ўсё гэта адбывацца пад музыку Глебава?

Гэтая мэлёдыя гучала ў фільме "Дзікае паляваньне караля Стаха". Даводзілася нават чуць меркаваньне, што менавіта музыка і выцягнула фільм. Бо фільм рэжысэра Рубінчыка паводле культавай беларускай кнігі здымаўся недзе ва Ўкраіне і артысты там гралі пераважна небеларускія. Выходзіць, якраз касмапалітычная мэлёдыя Глебава выцягнула твор да таго, каб ён быў прыняты нацыянальна ангажаванай беларускай публікай. Прычым ацанілі якраз твор, я не ягоную нацыянальнасьць.

Праз два гады пасьля фільму гэтая самая мэлёдыя загучала ў якасьці адажыо ў балеце "Маленькі прынц", які быў пастаўлены ў Фінляндыі і прынес Глебаву эўрапейскую славу. Вось дзе трансфармацыі! Парослыя кустоўем балаціны, смуга, барлогі-сядзібы здэградавалае шляхты - атмасфэра Караткевічавага "Паляваньня", якое шмат хто называе беларускай "Сабакай Баскервіляў", і стэрыльная плянэта Экзюпэры, стэрыльны хлопчык са сваімі стэрыльнымі пытаньнямі на стэрыльнай балетнай сцэне... А музыка адна. Як мінімум гэта сьведчыць пра яе ўнівэрсальнасьць, як максымум - пра тое, што яна ня фон, а нешта самастойнае і вышэйшае за той матэрыял, да якога прыкладаецца.

І ўсё адно загадка застаецца. Загадка, якую можна сьмела назваць Загадкай Глебава. Няўжо дастаткова напісаць шчымлівую мэлёдыю для флейты і яна надасца ў расповедзе пра розныя часы, народы, рэаліі і страсьці? І нічога ў ёй самой ад тых часоў і страсьцей ня будзе. А гэта ўжо наша сьвядомасьць будзе асацыяваць тыя рэаліі з гэтай музыкай. Але не яе зь імі. Бо яна возьме, адарвецца як тая амяла, і пераляціць на іншае дрэва, у іншую эпоху і там будзе сваёй. Ідэальны выпадак касмапалітызму ў музыцы, а можа і формула касмапалітызму наогул.

Нездарма Васіль Быкаў, пішучы свайго "Музыку", зьмясьціў яго кудысьці ў далёкі сьвет, каб паказаць, што музыка нараджаецца ў космасе, а не ў сялянскай хаце. Зрэшты розная музыка нараджаецца ў розных месцах. Напрыклад, ня менш рафінаваную і шчымлівую мэлёдыю, напісаную на Коласаў "Мой родны кут, як ты мне мілы", не перанясеш куды-небудзь у Францыю, ды нават у суседнюю Польшчу або Расею. Бо там усё адпаведнае менавіта беларускай душы - яе шырыні і тэмпэратуры. А тут... Розная музыка. Яскравая ілюстрацыя сказанага, дарэчы, - застаўка нашае перадачы з музыкай Сэн-Санса".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG