Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны сюжэт нашага часу.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньня гутарка ў "Вострай Браме" пойдзе непасрэдна пра кантэкст. Звычайна на пабытовым узроўні яго называюць жыцьцём. Як жыцьцё? Жыцьцё стала лепшым або горшым... Няма жыцьця. Асабіста мяне заўсёды дзівіла, што мільёны людзей нарадзіліся і пражылі ўсё сваё адзінае жыцьцё ў Савецкім Саюзе. Уявіце сабе, што яны ні разу нікуды ня выехалі, ня зьведалі, што ў сьвеце існуе нейкая альтэрнатыва. Кашмар, на першы погляд, калі б усё залежала толькі ад вонкавых абставінаў. А гэта ж і было самое жыцьцё. Аднак галоўнае, што характарызуе жыцьцё - гэта ўсё ж не спажывецкі кошык, а ўзаемаадносіны людзей. Скажам, у Амэрыцы і ў Беларусі людзі ідуць па вуліцы насустрач вам з розным выразам твару. Па-рознаму людзі зьвяртаюцца адзін да аднога, з рознай інтанацыяй, рознымі словамі, розная ў дачыненьнях энэргетыка. Можа быць болей ці меней асьцярожнасьці пры звароце да незнаёмца, болей ці меней страху і гатовасьці парыраваць, болей ці меней хамства. Вось гэта мы і называем жыцьцём. Чыньнікаў вельмі шмат. Напрыклад, вельмі важна, што публіка прымае за арыенцір, з чаго складае сваё уяўленьне пра лепшае жыцьцё. Я жыву горш, ён лепш. А з чаго я зрабіў такую выснову? З параўнаньня заробкаў ці з таго, што ён шчасьлівейшы, вальнейшы і г.д. Каб перадаць самую атмасфэру жыцьця, патрэбная літаратура, для якой важныя ня столькі антураж і інтэр'ер, колькі гэты самы вобраз узаемадачыненьняў. Пра згаданую вышэй савецкую эпоху напісана і пішацца шмат, а вось твораў пра наш час і наша жыцьцё, якія служылі б менавіта гэтаму - перадачы вобраза жыцьця і кантэксту, твораў, зь якіх і праз тысячу гадоў можна было б скласьці ўяўленьне пра нас - не сустракаў. Між тым, жывем мы ўжо інакш, ужо ня так, як дваццаць гадоў назад. Гэта і падштурхнула мяне да ідэі стварыць накід літаратурнага сюжэту нашага часу. Нейкую паказальную схему ўзаемадачыненьняў. Яна зусім не павінна быць па-газэтнаму сьпісаная з жыцьця. Калі чэхаўскі герой ускліквае "Господа, я отдам все своі фракі крестьянам" - гэта зусім ня значыць, што так яно і было насамрэч. Але дзякуючы гэтай фразе перад намі жыва паўстае рэальная на той час атмасфэра часу, маральныя арыенціры, той самы ўзровень насьцярожанасьці ў гутарцы зь іншым. Вось чаму мой сёньняшні сюжэт будзе насіць характар, можа быць, і не дакумэнтальны, але імаверны, у якім мусіць адлюстравацца ўсё нашае сёньняшняе жыцьцё.

Такім чынам, літаратурны сюжэт нашага часу. Натуральна, у ім прысутнічаюць яна і ён. Вечная гісторыя. Яна ў нас будзе дзяўчынай разьвітаю, начытанаю, яна цэніць веды і разьбіраецца ў музыцы, нават крыху грае на гітары. Яе някепска выхоўвалі. Яна дапытвалася ў бабулі, хто былі ейныя продкі. Яна ўмее гаварыць па-беларуску і ня бачыць у гэтым заганы. Можа быць, нават наадварот. Цяпер ён. Ён пасьпяховы прадпрымальнік, абароцісты і цынічны. Ён можа наступіць на чыйсьці лёс і пайсьці далей, не зьвяртаючы ўвагі на ахвяру. Веды для яго - нешта лішняе, музыка - толькі тая, што круціць радыё FM у ягонай машыне. Гэта ня значыць, што ён не будуе сабе дом і ня будзе любіць сваіх дзяцей. Але дрэва садзіць і тым больш пісаць кнігу ён ня будзе дакладна. Як вы разумееце ён - распаўсюджаны сёньня ў Беларусі тып. Яна таксама - ня рэдкасьць. Але каторы з гэтых тыпаў дамінуе - рытарычнае пытаньне.

Найбольш мяне цікавіць наша гераіня. Яна сапраўды цікавы чалавек. Але жыцьцё вакол яе поўнае дробнага бытавога хамства. Магчыма, яна б перажывала, калі б сутыкалася з гэтым як з выключэньнем. А калі штодня па дваццаць разоў сустракаеш то грубае слова, то недружалюбны погляд, то нематываваную адмову - гэта становіцца фонам. Пачынаеш прымаць гэта як дадзенасьць. Спачатку яшчэ ўсьвядомлена - сабе даражэй, а пасьля - ня думаючы. Праўда, тут важна падзяліць. Калі б нашай гераіні было гадоў сорак, у яе было б тое спачатку, тое сабе даражэй. Бо яна бачыла часы, калі зьмяняліся грамадзкія стэрэатыпы. Словам, яна ведае іншае жыцьцё. А калі ёй 15 ці нават 18? Яна ўжо стала дарослай у гэтым жыцьці і ведае толькі яго. І нам цікавая менавіта яна, для якой толькі скончылася дзяцінства. Яе цэняць сяброўкі, хлопцы называюць добрай дзяўчынай, але жыве яна пасярод хамства - сустракаецца зь ім на ўсіх узроўнях - пачынаючы з кіраўніцтва краіны і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і сканчаючы азлобленай суседкай у двары. Свой багаж добрых якасьцяў яна трымае ў запасе і для блізкіх людзей. А навокал пануе стандарт "новага рускага" - назавем яго так. Ён татальны і таксама прысутнічае на ўсіх узроўнях. Багаты хам - вось ня надта сымпатычны для большасьці нашае моладзі, але адзіны грамадзкі стандарт. Паспрабуйце выйсьці на вуліцу ў прыстойным строі і ў гальштуку - вы адразу ўбачыце ў вачах сустрэчных адпаведную ідэнтыфікацыю - не з навукоўцам і не з чыноўнікам, а менавіта з новым рускім.

Калі параўноўваць Беларусь зь іншымі краінамі, наш пануючы стандарт выглядае яшчэ больш выразна. Да прыкладу, у Расеі ёсьць яшчэ прэстыж прафэсіянала - журналіста, кампутаршчыка, чалавека, зьвязанага з космасам і г.д. У нас ні для чаго гэтага месца няма. Інтэлектуальныя прафэсіі ўспрымаюцца як сфэра абслугі. Розум ня цэніцца ў прынцыпе. Дакладней, на прыватным узроўні цэніцца, а на ўзроўні сукупнай грамадзкай арыентацыі - не.

Аднак, час сказаць некалькі словаў і пра яго - нашага пэрсанажа. Ён цалкам зьліты з гэтым жыцьцём і супадае зь ім паводле ўсіх парамэтраў. Можа быць, ён - і ёсьць гэтае жыцьцё, тады як яна, дазволю сабе такі раптоўны сымбалізм, гэта ёсьць Беларусь, увасабленьне гэтай краіны. Але яна, несучы ў сабе ўсё тое багацьце, якое толькі можна ўбачыць у пазачасавых каштоўнасьцях нашай краіны, прымае гэтае жыцьцё такім, якое яно ёсьць у выглядзе яго, пэрсанажа. Яшчэ больш спрасьціўшы свае сымбалі, я мог бы ўвогуле казаць пра Беларусь і Лукашэнку, з чыёй лёгкай рукі і аформіліся сёньняшнія арыенціры грамадзтва. Але мне больш цікавыя адчуваньні маёй гераіні. У тым ліку і таму, што празь ейную сытуацыю я лепш разумею сытуацыю Беларусі. Дык вось, яна сустракаецца зь ім, знаёміцца і прымае ягоную прапанову жыць разам.

Уласна ў гэтым і ёсьць канфлікт майго літаратурнага сюжэту. Яна пачынае жыць зь ім разам і нішто ў ёй не пратэстуе, пра яе нават нельга сказаць, што яна зьмірылася. Яна прымае сытуацыю як норму. Іншага проста ня можа быць. Дваццаць разоў на дзень выслухоўваць хамства, быць унутрана гатовай да недружалюбнасьці і прапускаць міма вушэй грубае слова - гэта такая ж праца для яе, як імкнуцца не адказваць на хамства хамствам, на грубасьць грубасьцю. Але гэта праца душы. І схаваная яна глыбока ў душы. Яна неўсьвядомленая. Тым ня менш канфлікт ёсьць - прычым сур'ёзны канфлікт. Калі нармальны чалавек пачынае жыць сярод пігмееў, выдаючы сябе за пігмея.

Справа не ў ідэалёгіі, не ў эканамічных мадэлях, не ў міжнароднай палітыцы. Справа ў сьветаадчуваньні людзей. Зьмены, якія адбыліся ў беларускім кантэксьце за гады ахаменьня грамадзтва, настолькі глыбокія, што іх не пабачыш няўзброеным вокам. Асабіста мяне непраціўленства маёй гераіні ўражвае вельмі моцна. Я перакананы, што яна выхавае нармальных дзяцей і захавае ў сабе лепшыя якасьці чалавека. Але яна падобная да прадстаўніцы нацыянальнай меншасьці, якая шчыра імкнецца інтэгравацца ў іншамоўнае жыцьцё, якому няма альтэрнатывы, і пры гэтым хоча пакінуць адзнакі паходжаньня. Толькі ў нашым выпадку гаворка ідзе не пра нацыянальныя прыкметы, а пра маральныя. Маральны чалавек сёньня ў Беларусі пачуваецца меншасьцю.

Канфлікт у тым, што жыцьцё не стаіць на месцы. І новарускія арыенціры у сілу сваёй драпежнасьці, рана ці позна пачнуць напаўзаць на патаемную сфэру маральнага чалавека. Раптам будзе заяўлена пра якую-небудзь варожасьць высакалобых, як гэта ўжо бывала ў савецкай гісторыі. І тады... Тады наша гераіня працягне свой чысты палёт у лябірынтах бруду, якія асацыююцца для яе з жыцьцём.

Для Бларусі, не рэлігійнай і не нацыянальнай маральныя арыенціры наўпрост зьвязваюцца з начальствам. Я памятаю жанчын, якія з гонарам казалі, што ў нас кіраўнік дзяржавы - прафэсар і інтэлігент, маючы на ўвазе Станіслава Шушкевіча. І я памятаю Лукашэнкавы словы пра тое, што Мілошавіч - добры чалавек, але прафэсар, і гэтым маўляў усё сказана. Я магу згадаць яшчэ мноства сьведчаньняў найвышэйшага дзяржаўнага хамства. Аднак зьмяніць гэта можа толькі зьмена ўлады.

Так ці інакш, а Лукашэнкава пяцігодка падарыла Беларусі гэты вось неардынарны літаратурны сюжэт. Калі яна мусіць жыць паводле маральных законаў яго. Яна - Беларусь, яго - Лукашэнкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG