У адным з папярэдніх выпускаў "Вострае Брамы" гутарка ішла пра тое, што аб'ядноўвае беларусаў у адну нацыю. Сярод адказаў нашых экспэртаў быў і такі - крыўда. Крыўда - ці не галоўная тэма беларускай літаратуры. Крыўда на сьвет цэлы, як пісаў Купала. У чым яго крыўда? - спытваў Максім Гарэцкі. Паводле частотнасьці ўжываньня ў беларускай літаратуры слова "крыўда" супадае са словам "шчасьце". Крыўда і Праўда сталі цэнтральнай апазыцыяй беларускага пісьменства і выпеставанае ў ім нацыянальнае ідэі. Нас спрадвеку прыгняталі акупанты-заваёўнікі, у нас найгоршае ў сьвеце начальства, у нас то тое ня ўродзіць, то гэта... Словам, крыўдаваць ёсьць на што і на каго. Але гэта ў літаратуры і ў нацыянальнай ідэі. А як у жыцьці? Ці крыўдуюць беларусы і на што? Апытаньне на гэтую тэму зрабіў Севярын Квяткоўскі.
(Севярын Квяткоўскі: ) "Ці можа хто сам сябе назваць крыўдлівым чалавекам? Часам цэлыя народы называюць крыўдлівымі, ставячы паміж словамі «крыўда» і «помста» знак роўнасьці. У такіх выпадках прыводзяць у прыклад традыцыю вэндэты. У чым прырода крыўды? У адчуваньні вінаватасьці іншых, ці ў нежаданьні адказваць за сябе, за сваё «я»? Злачынца мусіць быць пакараным, але ці можа крыўдзіцца невінаваты?
Я пытаўся ў мінакоў, што для іх значыць крыўда, што найбольш выклікае гэтае пачуцьцё. Часьцяком людзі адказвалі, што стараюцца пераводзіць гэтае пачуцьцё у іншыя якасьці. Як, напрыклад, гэтая маладая кабета, якая працуе журналісткай:
- Я часьцей ня крыўджуся увогуле. Мяне выводзіць зь сябе чужая безадказнасьць. Я магу раззлавацца, але крыўдлівасьць мне не ўласьцівая. Былі выпадкі, калі я сядзела і плакала. Так рабілі тысячы людзей, напрыклад 15 траўня 1995 году... Часьцей, канешне, крыўдзісься на тых людзей, якія табе бліжэй. Я часьцей крыўджуся на свайго дзіцёнка, калі ён ня слухаецца.
Вось меркаваньне іншай кабеты:
- Неуверенность, сомненія, а на кого я должна обіжаться – только на себя.
Бард Андрэй Мельнікаў распавёў пра расчараваньне ў сябрах, у людзях, у якіх ён верыў:
- Калі здраджваюць людзі, якіх я лічу сваемі. Для мяне найбольш паказальнай была сітуацыя, калі я быў за кратамі.
Андрэй распавёў пра тое, што доўгі час ён казаў сукамэрнікам пра салідарнасьць беларускіх нацыяналістаў, але так і не дачакаўся падтрымкі. У той жа час ён прывёў у прыклад некаторых прадстаўнікоў сучаснай беларускай апазыцыі:
- Хутчэй я бачу там людзей, якія пакрыўджаныя гэтым рэжымам, і ім усё роўна пад якімі сьцягамі зь ім змагацца.
А гэта меркаваньне кабеты-супрацоўніцы адной зь дзяржаўных структураў:
- Обман, несправедливость, недооценка людей – постоянно сталкиваешся, в нашей республике особенно. Особенно в государственных учреждениях.
Хлопец-студэнт, наадварот, сьцьвярджае, што у прыватным жыцьці амаль ніколі ня зьведвае адчуваньня крыўды. Найчасьцей яно ўзьнікае ў зьвязку з сытуацыяй у краіне:
- Да часто крыўджуся. Да я думаю, сейчас так многие делают по поводу того, что сейчас твориться в стране у нас в Беларуси.
Канкрэтызаваць сытуацыю ў краіне хлопец адмовіўся, паколькі лічыць, што «і так усё ўсім зразумела». А вось сталы спадар, які стаяў побач, лічыць, што сытуацыя папраўляльная:
- Я лично ні на што не крыўджусь, патаму что моя судьба в моих руках. Родители живы, дети бодры-здоровы, жена мне нравится... Хотелось бы жить лучше, хотя я на свою жизнь не жалуюсь...
Малады спадар з кветкамі ў руках:
- Женщины бросают – обиднее всего.
Хлопец-эвангеліст, які спрабуе зацікавіць мінакоў сваёю верай:
- Несобранность, неуважение других людей, сетую на людей, которые мне мешают идти быстро.
Кумпанія вясёлых першакурсьнікаў. Два хлопцы і дзяўчына. Пытаньне пра крыўды падалося ім досыць складаным:
- Зависит от ситуации: не получилось что-нибудь, не удалось, всё – обида. На обстоятельства, сам на себя, может еще на кого-то...
- За апошні момант мяне нішто ня крыўдзіла. На маёй памяці зараз няма. Калі доўга ўспамінаць, можа і ўспомню, але зараз – вельмі цяжка.
- Да не особо – нету времени у меня кривдится.
(С.Дубавец: ) З вулічнага апытаньня, якое правёў Севярын Квяткоўскі, ніяк не вынікае, што беларусы нясуць сваю крыўду на сьвет цэлы. Наадварот, зьяўляецца адчуваньне, што асноўны прывадны матыў нашай літаратуры і нацыянальнай ідэі пра крыўду і праўду не знаходзіць падтрымкі ў будзённасьці. Сяржук Сокалаў-Воюш наогул лічыць, што беларуская крыўда - гэта прыдумка пісьменьнікаў.
(С.Сокалаў-Воюш)
Зразумела, чаму літаратуры спатрэбілася прыдумляць крыўду. Бо крыўда мусіла правакаваць у чытача жаданьне праўды. Магчыма, недзе напачатку стагодзьдзя гэта спрацоўвала, але пазьней... Ці ня стала крыўда адной з прычынаў падзеньня папулярнасьці нацыянальнае ідэі, літаратуры і мовы ў народзе? Мы пагаворым пра гэта пазьней, а пакуль паспрабуем пашырыць абсяг назіраньня, паўспамінаць розныя выпадкі з уласнага жыцьця. Гэтым заняўся Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Часьцяком езьдзячы зь Вiльнi ў Менск i назад, я станаўлюся сьведкам бясконцых гамонак сваiх суайчыньнiкаў пра iхныя крыўды. Крыўдзяцца на мытнiкаў, сваiх i лiтоўскiх, на прэзыдэнта, на апазыцыю, на калгаснае начальства, на тых, хто падымае кошты, хто плоцiць мiзэрныя заробкi i на тых, хто сам зарабляе добрыя грошы. Спробы павесьцi гаворку ў рацыянальным рэчышчы, напрыклад, параўнаць нашую сытуацыю зь лiтоўскай або
ўкраiнскай, ня маюць посьпеху. "Лiтва яна ж маленькая", - адказваюць. "А Ўкраiна?" "Дык яна ж вялiкая..." Карацей, выйсьця няма. I яго не шукаюць. Маiм выпадковым субяседнiкам
лягчэй пачувацца пакрыўджанымi самотнiкамi.
Цi не таму беларусы супрацьпастаўляюць "мы i Эўропа"? Бо мы пакрыўджаныя. Бо мы ня зь iмi. Гэта ў iх - спарадкаваныя законы i побыт, поўныя кiшэнi i талеркi, здаровыя зубы i
валасы. Гэта ў iх - ашчадна дагледжаныя помнiкi i музэi, чыстыя лясы i горы, модныя адзеньне й парфума. У iх, нашчадкаў нямецкiх i iтальянскiх фашыстаў, ангельскiх i францускiх
калянiзатараў, нават ў былых вугорскiх i чэскiх "таварышаў". А мы ня зь iмi. У нас ставяць новыя помнiкi Ленiну i носяць чырвоныя зоры. Iншыя ж па ранейшаму з надрывам скандуюць
"Беларусь у Эўропу...", хоць што такое Эўропа i якОй мусiць быць у ёй Беларусь, нiхто пакуль не сказаў. Крыўда - пачуцьцё iрацыянальнае.
Матыў крыўды, пранесены намi праз ХХ стагодзьдзе, стаў адным з найбольш магутных фактараў фармаваньня нацыi. Крыўда адрозьнiла беларуса ад iншых. На пачатку прычына была нiбы ясная: пан-паляк, жандар-маскаль i гандляр-жыд, смакталi крывю з паняволенага неадукаванага, "сьляпога, быццам крот", беларуса.
Пасьля нiбыта таксама ясна: нямецкi фашызм, маскоўскi бальшавiзм "не пускаюць зь ярма". I крыўда ўжо гатовая была саступiць месца аптымiзму "новай гiстарычнай супольнасьцi"...
Аднак на гэтым павароце гiсторыi беларусаў высадзiлi з машыны й пакiнулi пры дарозе адных. Беларусы разгубiлiся i пачалi крыўдаваць наноў. Вось толькi трэба знайсьцi аб'екты тае
крыўды сёньня. Ёсьць свая дзяржава i няма паноў. А не жывецца...
Усе эўрапейцы падзяляюцца гiстарычна напалам - на крыўдзiцеляў i пакрыўджаных. Першыя - гэта гiшпанцы, французы, немцы, швэды i гэтак далей. Другiя: iрляндцы, грэкi, чэхi, баўгары ды iншыя. Аднак i тыя, i другiя пасьля ўзаемнага каяньня й братаньня ўтварылi адзiную прастору адзiнай Эўропы. Бо гэта рацыянальна. Капiтуляцыi Напалеона цi Гiтлера
пераўтварылiся ў мiжнародныя шумныя маскарады. I толькi Югаславiя засталася за дзьвярыма Эўропы, стаўшы ў позу пакрыўджаных.
Эўропа гатовая была вiтаць i нас. Прыяжджалi, каялiся, дапамагалi чым маглi. Швэйцарскi прэзыдэнт прыяжджаў, гiшпанскi кароль слаў тэлеграмы, паслоў панаехала, на таварах
пачалi рабiць маркiроўкi па-беларуску...
Уявiм сабе рэч, неўяўляльную сёньня: Iталiя выбачаецца перад Беларусяй за саўдзел iтальянскiх жаўнераў у акупацыi нашага краю. Па-першае, многiя пра гэта ўжо ня ведаюць, у
прыватнасьцi, пра славутых iхных марадзёраў. Па-другое, дазнаюцца, што ў Беларусi загiнулi тысячы iтальянцаў. Па-трэцяе, згадаюцца беларусы, што вызвалялi Iталiю i палеглi пад Монтэ-Касiна. Гэтак наша ўласная памяць стане часткаю памяцi Эўропы. Але чаму перад намi ўсё ж нiхто не выбачаецца?
Таму што мы не гатовыя нi прымаць выбачэньняў, нi браць на сябе адказнасьць. За саўдзел у савецкiх акупацыях нашых вайскоўцаў, за маўчаньне нашае iнтэлiгенцыi, за вынiшчаную
пальшчызну й жыдоўства. Беларусы не гатовыя браць адказнасьць нават за сваю ўласную будучыню. Супраць лiквiдацыi беларускае дзяржаўнасьцi, паводле апытаньня агенцтва "БелаПАН", нават у Менску менш трацiны людзей. А дзьве трацiны гатовыя ўжо жыць у
Расеi. Бо, на iх думку, Беларусь нiкому больш не патрэбная. Крыўда паралiзуе рацыю".
(С.Дубавец: ) Сваю думку пра крыўду беларусаў мае літаратар і палітычны дзеяч Анатоль Сідарэвіч. Ён мяркуе, што гэтая крыўда ня выказаная. Беларусы ня ведаюць, скуль бяруцца іхныя беды.
(А.Сідарэвіч)
Магчыма, з-за таго, што беларусы ня ведаюць свае крыўды, яна й стала галоўным знакам нацыянальнае ідэі і літаратуры. Усё наша нацыянальнае адраджэньне мае ў сабе гэты матыў - пакрыўджанасьці, у першую чаргу, калі заходзіць гаворка пра беларускую мову. Гэты плач ці нават хныканьне абавязкова прысутнічалі на ўсіх зьездах пісьменьнікаў апошніх гадоў. Пры гэтым не зьвярталася ўвагі на тое, што такім чынам выяўляецца слабасьць, бездапаможнасьць і тое, што паэт Ігар Бабкоў назваў маргіналізацыяй літаратуры.
(І.Бабкоў)
Нарэшце яшчэ адзін удзельнік нашае перадачы літаратар Адам Глёбус мяркуе, што прыйшоў час у апазыцыі Крыўда - Праўда паказваць ня першую, а другую.
(А.Глёбус)
У словах Адама Глёбуса пра тое, што ня крыўду трэба паказваць, а праўду, мне бачыцца і выразны палітычны кантэкст таго, што адбываецца сёньня ў Беларусі. Менавіта пакрыўджанасьць беларусаў увасобілася ў іхным волевыяўленьні на першых прэзыдэнцкіх выбарах. Чалавек, якога яны абралі з-за крыўды на Кебіча і іншых тагачасных начальнікаў, скардзіўся, што яго абстралялі ў машыне, што яму абарвалі гузікі, што ён адпомсьціць карупцыянэрам, плакаў, калі яму казалі крыўдныя словы, пасьля садзіў у турму ўласных паплечнікаў і тых, хто калісьці зь ім ня так абышоўся. Сёньняшняе фізычнае катаваньне сямідзесяцігадовага старшыні калгаса, пяцідзесяцігадовае банкіркі ці саракагадовага палітычнага апанэнта ня маюць ніякага іншага рацыянальнага вытлумачэньня, апроч асабістай крыўды Лукашэнкі. Лукашэнка і крыўда сталі сынонімамі. Гэта пацьвярджаецца і тым, што Лукашэнка і Праўда складаюць трывалую антанімічную пару. Бадай не бывае дня, каб гэты чалавек ня схлусіў. Менавіта ППРБ стаў той крыўдай, якую нясуць беларусы сёньня на сьвет цэлы.
Першай рэакцыяй інтэлігенцыі на дзеяньні і выказваньні прэзыдэнта таксама была глыбокая крыўда. Беларусы ўскрыўдавалі на ўласную крыўду і некалькі гадоў толькі пра тое і гаварылі. Але ад таго нічога не зьмянялася, наадварот, рабілася толькі горш. І вось сёньня ўжо амаль не чуваць звыклых словаў крыўды з вуснаў духоўных лідэраў нацыі. Наадварот, яны выкрываюць хлусьню і заяўляюць пра вызваленьне ад крыўды. Паказальныя апошнія публічныя выказваньні пра патрэбу выпрацоўкі новай нацыянальнай ідэі. Старая не задавальняе. Магчыма, мы назіраем тую эвалюцыйную зьяву, калі адбываецца зьмена галоўнага матыву нашай нацыянальнай ідэі і нашай літаратуры, калі ў іх замест крыўды ўвасобіцца праўда.