(Карэспандэнт: ) “Спадар міністар, напярэдадні пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу шмат гаварылася пра новую ўсходнюю палітыку аб’яднанай Эўропы і пра ролю ў ёй Варшавы. Наколькі гэтая палітыка ўжо выпрацаваная і што яна прадугледжвае ў справе Беларусі?”
(Цімашэвіч: ) “У найбліжэйшыя дні Эўрапейская камісія павінна прадставіць гэтак званую канцэпцыю “Шырэйшай Эўропы – новага суседзтва”. А ў чэрвені Эўракамісія прэзэнтуе праекты плянаў палітыкі ў дачыненьнях з Украінай і Малдовай. Польшча настойвае, каб Камісія ў аднабаковым парадку выпрацавала таксама плян захадаў у дачыненьні да Беларусі. Я кажу ў аднабаковым парадку, бо з украінскімі і малдоўскімі ўладамі Брусэль выпрацоўвае такія пляны шляхам кансультацыяў. Весьці такія кансультацыі паміж Камісіяй і беларускім урадам няма, на жаль, палітычных магчымасьцяў. Аднак Эўрапейская камісія можа ў аднабаковым парадку падрыхтаваць пэўныя прапановы. На нашую думку, гэта было б вельмі важна для грамадзянаў Беларусі, каб Эўропа прадэманстравала ім сваю зацікаўленасьць і салідарнасьць”.
(Карэспандэнт: ) “Вы казалі пра канцэпцыю новага суседзтва, якую рыхтуе Эўрапейская камісія. А ці зрабіла Польшча нейкія прапановы да гэтай канцэпцыі?”
(Цімашэвіч: ) “Польшча ўжо даслала свае прапановы пэўны час таму, што цікава – разам зь Нямеччынай і Францыяй. У хуткім часе ў Варшаву прыедуць экспэрты Эўрапейскай камісіі ў справах усходняй палітыкі, зь якімі мы будзем падрабязна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Мы ўвесь час пераконваем нашых эўрапейскіх партнэраў, што шмат рэчаў можна зрабіць і без вялікіх выдаткаў. Гэта, напрыклад, стыпэндыі для студэнтаў, падтрымка недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі. Такім чынам я маю надзею, што ўсё гэта прывядзе да таго, што ў прапановах Эўрапейскай камісіі знойдзецца шэраг канкрэтных рэчаў. Абмяжоўвацца агульнымі палітычнымі дэклярацыямі было б памылкай”.
(Карэспандэнт: ) “А як вы, спадар міністар, ацэньваеце апошні дыпляматычны скандал, зьвязаны з выдаленьнем зь Беларусі аташэ польскай амбасады ў Менску?”
(Цімашэвіч: ) “Мы лічым, што беларускія ўлады парушылі правілы стаўленьня да замежных дыпляматаў, вызначаныя ў Венскай канвэнцыі. Як вядома, Менск мае іншую пазыцыю. У такіх абставінах цяжка гаварыць пра нейкае ацяпленьне клімату ў нашых дачыненьнях ці магчымасьці адразу працягваць розныя кантакты, якія апошнім часам мелі мейсца. Трэба таксама памятаць, што ўсё гэта адбываецца ў часе, калі Парляманцкая Асаблея Рады Эўропы ўхваліла надзвычай крытычную заяву што да палітычнай сытуацыі ў Беларусі ды практычна заклікала іншыя краіны да спыненьня кантактаў зь беларускімі ўладамі”.
(Карэспандэнт: ) “Але Польшча звычайна ішла на больш актыўныя кантакты зь беларускімі ўладамі, чым іншыя краіны Эўропы. За гэта Варшаву нярэдка крытыкавалі, напрыклад, прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Што будзе цяпер?”
(Цімашэвіч: ) “Так, добра вядома, што цягам апошніх гадоў Польшча выступала з шэрагам ініцыятываў. Гэтыя ініцыятывы рабіліся ў такі спосаб, каб ня даць нават маленькай нагоды на інтэрпрэтацыю кантактаў зь Беларусьсю, як згоды на палітычную рэчаіснасьць у гэтай краіне. Але адначасова мы хацелі разьвіваць дачыненьні з нашым суседам, заахвочваць яго да пераменаў, палітычных рэформаў. І такія паводзіны беларускіх уладаў нас расчароўваюць. Мы добра ведаем, пра тое, што шмат дзе ў Беларусі робяцца перашкоды, каб людзі не маглі глядзець польскі тэлеканал для замежжа “Палёнія” (TV Polonia), ведаем і пра іншыя захады, якія цяжка назваць прыязнымі. Усё гэта значна ўскладняе Польшчы правядзеньне палітыкі “актыўнага суседзтва” ў дачыненьнях зь Беларусьсю, якую некаторыя сапраўды крытыкуюць”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар міністар, беларускія ўлады апошнім часам неаднаразова заяўлялі пра жаданьне палепшыць дачыненьні з Захадам. Ці адчувальныя гэтыя намеры ў Польшчы?”
(Цімашэвіч: ) “На жаль, далей дэклярацыяў пра жаданьне паляпшэньня дачыненьняў з Заходняй Эўропай, якія мы сапраўды атрымлівалі, беларускія ўлады не пайшлі. А нават наадварот. Цягам апошніх месяцаў мы адзначылі шэраг здарэньняў, якія не пацьвярджаюць гатоўнасьці беларускіх уладаў да палітычнай лібэралізацыі, большай павагі для правоў чалавека і свабоды. Гэта тычыцца падыходу да недзяржаўных арганізацыяў, незалежных навучальных установаў, мэдыяў і гэтак далей”.
(Карэспандэнт: ) “І тым ня менш, Польшча і надалей актыўная ў беларускім пытаньні, настойвае, каб Эўрапейская камісія ўсё ж выпрацавала плян дзеяньняў у дачыненьнях зь Беларусяй. Чаму?”
(Цімашэвіч: ) “Так, бо для нас вельмі важна, каб беларусы маглі атрымаць моцны сыгнал пра тое, што Эўропа не забылася на іх, што мы хочам, каб беларусы перажылі тое, што і мы – дэмакратызацыю, паляпшэньне эканамічнай сытуацыі. Каб беларусы, калі будуць гэтага хацець, мелі больш свабоды, каб іхныя правы шанаваліся. Лічу абсалютна нармальным спадзявацца, што так калісьці і будзе. Пра гэта беларусам трэба казаць, бо калі ня будзе іншых сыгналаў, дык празь дзяржаўнае тэлебачаньне ім можна будзе ўнушыць што заўгодна”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар міністар, ці вы ня лічаце, што Захад дагэтуль мае ілюзіі што да сытуацыі ў Беларусі і намераў беларускіх уладаў?”
(Цімашэвіч: ) “Не, ніякіх ілюзіяў што да палітыкі цяперашніх беларускіх уладаў няма. Але ёсьць вялікае жаданьне паказаць нашу павагу да правоў беларусаў, да беларускага народу. Ня можа быць так, каб беларускае грамадзтва цярпела з-за наступстваў палітыкі сваіх уладаў, зь якой дэмакратычны сьвет ня можа пагадзіцца”.