Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 4 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

4 траўня 1863 году загінуў у баі з рэгулярнымі часткамі расейскага войска Людвіг Нарбут – адзін з кіраўнікоў паўстаньня Каліноўскага ў Беларусі. У часе таго паўстаньня Нарбут першы сфармаваў свой атрад і да самае гібелі пасьпяхова змагаўся з карнікамі. Апошні бой адбыўся пад вёскай Дубічы.

Наступная дата тычыцца так званага галоднага бунту ў Барысаве, які адбыўся ў 1933 годзе. Калі прадуктовыя нормы ў СССР былі зьменшаныя ўдвая, натоўп барысаўскіх жанчын разам зь дзецьмі рушыў да прадуктовых складоў. Некаторыя зь іх былі разрабаваныя. Пасьля гэтага супрацоўнікі НКВД паспрабавалі спыніць жанчын, але ім гэтага не ўдалося. І тады жанчыны рушылі да запалкавай фабрыкі, каб выклікаць на вуліцу сваіх мужчын. У ноч з 3 на 4 красавіка 1933 году каля 1400 барысаўцаў былі арыштаваныя, дзьвесьце зь іх былі расстраляныя адразу, астатніх выслалі ў сталінскія канцлягеры. Ніводзін з высланых дадому не вярнуўся.

Сёньня спаўняецца 25 гадоў з таго моманту, як прыступіла да абавязкаў прэм’ер-міністра першая ў гісторыі Вялікай Брытаніі жанчына на гэтай пасадзе Маргарэт Тэтчэр. Журналісты празвалі яе “жалезнай лэдзі”. У Беларусі з часоў каралевы Боны жанчыны ніколі не займалі першыя дзяржаўныя пасады. А ў суседняй Літве нейкі час на такой пасадзе працавала Казіміра Прунскене.

4 траўня 1819 году ў Менску нарадзіўся Фларыян Міладоўскі – беларускі кампазытар, піяніст і пэдагог. Вучыўся Міладоўскі ў Вільні, Менску, Бэрліне і Вене. Пасьля жыў, пісаў музыку і даваў урокі фартэпіяна ў Вільні, Менску, Слуцку і сваім уласным маёнтку МацкІ на Меншчыне. Перад самым паўстаньнем 1863 году Фларыян Міладоўскі эміграваў у Францыю. У творчым даробку кампазытара апэрэта «Канкурэнты», дзьве імшы, санаты, песьні, мазуркі, палянэзы ды іншыя творы.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 4 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага выдаўца энцыкляпэдыяў Фрыдрыха Бракгаўза; расейскага палітыка, кіраўніка Часовага ўраду Аляксандра Керанскага; немца Фрыца Опэля, які пачаў вытворчасьць аднайменных аўтамабіляў і папулярнага ізраільскага пісьменьніка Амоса Оза, творы якога ніколі не перакладаліся на беларускую мову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG