Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДРАМАТЫЧНЫЯ ШЛЯХІ ДРАМАТУРГА” Ў ВІЛЬНІ І ПЕРШАЯ ДАЧКА АЛЯХНОВІЧА


Тацяна Поклад, Вільня

Францішак Аляхновіч – драматург, празаік, паэт, публіцыст, тэатральны дзеяч, – пакінуў пасьля сябе багатую спадчыну, у тым ліку, як цяпер вядома, 20 драматычных твораў, дасьледаваньне “Беларускі тэатар” (1924).

Тэатразнаўца прафэсар Анатоль Сабалеўскі расказвае:

(Сабалеўскі: ) “Ён увогуле заснавальнік беларускага тэатразнаўства. Ён шмат выступаў у друку, асабліва ў віленскім, у беларускім і нават украінскім. Вось гэта ўсё трэба сабраць, вывучыць і выдаць. Гэта постаць вельмі буйная. Калі ўзяць драматургію, яе бацькамі зьяўляюцца ў 19-м стагодзьдзі – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а ў 20-м – Янка Купала. А Францішка Аляхновіча называлі бацькам новай беларускай драмы”.

На канфэрэнцыю ў памяць Аляхновіча, якую арганізавала суполка “Віленскі Беларускі музэй імя І. Луцкевіча”, сабраліся навукоўцы зь Беларусі, Польшчы, Літвы.

Канцэртную праграму з твораў Ф. Аляхновіча падрыхтавалі віленскія акторы Любоў Цімохава і Юры Шчуцкі і гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч.

У Літоўскім музэі тэатра, фота– і кінамастацтва, дзякуючы падтрымцы бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук, адкрылася выстава ўнікальных дакумэнтаў, прысьвечаных віленскай дзейнасьці Францішка Аляхновіча.

Удзельнікі наведалі магілу Францішка Аляхновіча на Росах – акурат 60 гадоў таму, у 1944 годзе, ён загінуў у Вільні ад кулі падасланага забойцы. Усе абставіны гэтага забойства і да сёньня ня высьветленыя.

У якасьці ганаровых гасьцей прыехалі нашчадкі Францішка Аляхновіча, якія цяпер жывуць у Польшчы – два сыны і дзьве праўнучкі. Адна зь іх, Эмілія Аляхновіч, вывучае гісторыю мастацтва ў Кракаве, – яна марыць перакласьці творы свайго прадзеда на польскую мову.

Сын Франіцшка Аляхновіча ўспамінае:

(Юрка Аляхновіч: ) “Мой бацька быў у гэткім самым ўзросьце, як і Эмілія цяпер, калі зрабіўся беларусам, так што магчыма, і яна заўтра адчуе сябе беларускай”.

Дасьледнікі дзейнасьці Аляхновіча спадзяюцца, што знаёмства зь ягонымі нашчадкамі дапаможа ў вывучэньні яго жыцьця і дзейнасьці.

Пэўнай сэнсацыяй сталіся зьвесткі пра дачку Ф. Аляхновіча, ягонае першае дзіця. Такім чынам, цалкам верагодна, што “Няскончаную драму” Аляхновіч пісаў з уласнага досьведу. “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча” адшукаў магілу першай дачкі Аляхновіча на Бэрнардынскіх могілках.

Людвіка Вітушкава, адна з арганізатараў, сказала для Радыё Свабода:

(Вітушкава: ) “Ёсьць магіла самай першай дачкі Франіцшка Аляхновіча, якая мела імя Людка і памерла зусім маленькай – ёй было 8 месяцаў. Калі я сустракалася ў Польшчы з сынамі Аляхновіча, Казімірам і Юркам, яны распавялі, што ў іх была яшчэ сястра… Гэта было адкрыцьцём, бо пра гэтую маленькую дачку ніхто з дасьледчыкаў ня ведаў.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG