Сёньня а 7-й раніцы з пасёлку перасяленцаў Трылесіна, самага буйнога ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне, ад’ехаў аўтобус. Зь вянкамі ды харчовымі кайстрамі перасяленцы з забруджаных мясьцінаў Краснапольскага раёну накіраваліся ў свае адселеныя і пахаваныя вёскі — Высокі Барок, Какойск, Шалухоўку.
(Спадар: ) “Во паедзем туды на могілкі зьезьдзім”.
(Спадарыня: ) “Ахвота пабачыць сваіх сваякоў, суседзяў, блізкіх людзей”.
(Спадарыня: ) “Туды ўсе прыяжджаюць, хто высяліўся. Усе прыяжджаюць туды, на радзіму”.
Перасяленцы жывуць у Трылесіна больш за 13 гадоў. Гавораць, што трохі акліматызаваліся тут, аднак так і не прызвычаіліся зусім. І штогод на Радаўніцу цягне наведаць тыя месцы, дзе стаялі родныя хаты.
(Спадар: ) “Тамака дзіка зараз. Тама ўсё ўжо пазгарнулі…”
(Спадар: ) “І вёскі няма. Рые бульдозэр траншэю здаравенную, і ўсё туды загортвае, і закапвае”.
(Спадар: ) “Там ужо нічога няма. Адзін сад стаіць. Толькі адно расстройства…”
У адселенай “зоне”, дзе бур’ян ды руіны пабудоў, найбольш упарадкаванымі выглядаюць якраз могілкі. Прыбраныя пахаваньні, пафарбаваныя агароджы, новыя вянкі ды штучныя кветкі.
Каб выканаць традыцыю продкаў і на Радаўніцу пакласьці на магілы крэўных чырвонае велікоднае яйка, у краснапольскую “зону” прыяжджаюць здалёк, нават з Расеі.
(Спадар: ) “Зьбіраюцца амаль усе з усіх мясьцінаў, куды пераехалі. Усё прыяжджаюць на Радаўніцу. Прыбіраем усё, фарбуем. Потым памінаем ды выпіваем”.
На Радаўніцу чакаюць сваіх аднавяскоўцаў пустэльнікі, якія адмовіліся выяжджаць з зоны. Вось як Пётар Каваленка зь Вепрына Чэрыкаўскага раёну.
(Каваленка: ) “Цэльныя могілкі людзей. Во, праезьдзе па Вепрыну. Ну, тут прыкладна… — ага, мая хата стаяла. Во, пастаіць на гэтым месцы, паглядзіць на гэты бур’ян, ды паехаў далей”.
У “зоне” гавораць, што з кожным годам на Радаўніцу прыяжджае ўсё меней людзей. Аднак гэта не ад таго, што пазабыліся на родныя мясьціны і магілы. Тут ёсьць грашовая праблема, тым больш, што ад сёньняшняга дня падвысіліся кошты на міжгародныя перавозкі. Каб даехаць, напрыклад, ад Трылесіна да краснапольскай “зоны”, кожнаму пасажыру аўтобуса трэба заплаціціь 15 тысячаў рублёў — для селяніна дорага.
(Спадарыня: ) “Маўляў, прыяжджайце, мы дадзім вам аўтобус за 268 тысячаў рублёў. А калі прыехала выпісваць, то мне ўжо загнулі 300. А дзе ж я буду іх браць? Вось якія палугі робяць для чарнобыльцаў!”
Трылесінскія жанчыны распавядаюць, што вельмі ахвотна едуць на Радаўніцу ў “зону” разам са сваімі бацькамі дзеці. Падлеткі просяць дарослых паказаць ім пахаваньні дзядоў і мясьціны, дзе яны жылі.
(Спадарыня: ) “Тады дзеці яшчэ былі малыя. І, канечне, калі мы езьдзім туды на Радаўніцу, яны пытаюцца: “Маці, а гэта тут мы жылі, так?” Кажу ў адказ: “Ну, жылі”.
Сваіх нябожчыкаў перасяленцы па-ранейшаму хаваюць не на мясцовых могілках, а вязуць на радзіму, у “зону”. Выконваюць запавет старых, якіх “чарнобыль” прымусіў кінуць свае хаты, вёскі і звыклае жыцьцё. Перасяленцы гавораць, што колькі б гадоў не мінула з Чарнобыльскай катастрофы, раны на сэрцы ўсё роўна застануцца.
(Спадарыня: ) “Не яшчэ, яны не зарубцаваліся, і ніколі не зарубцуюцца. Не”.