Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДАВА ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО ПРАЎДА ПРА СЬМЕРЦЬ ЯЕ МУЖА СТАНЕ ВЯДОМАЙ


Уладзімер Глод, Менск

У студзені 2002 году сям’я Генадзя Карпенкі — жонка Людміла, дачка Тацяна і сын Дзьмітры зьехалі ў Нямеччыну. Рашэньне пра пераезд было прынятае, як гаворыць Людміла Карпенка, пасьля восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў : сям’я пабаялася далей заставацца на радзіме. Цяпер Карпенкі жывуць у нямецкім горадзе Эсьлінген. На маё пытаньне, ці прыстасаваліся яны ўжо да новай краіны, як ім там жывецца, Людміла Карпенка адказвае:

(Карпенка: ) “Па-рознаму, канечне. Я не баюся за дзяцей, спакойна хаджу па вуліцах, свабодна размаўляю, і па тэлефоне без засьцярогаў, і ў кватэры, зусім ня так, як было ў Беларусі. Абываталя тут, мабыць, усё задаволіла бы. Тых грошай, якія нам даюць, для жыцьця дастаткова: дзеці атрымліваюць стыпэндыю, я — дапамогу”.

Але, прызнаецца спадарыня Карпенка, ёй вельмі не хапае радзімы. Неўзабавае пасьля сьмерці мужа Людміла стварыла і ўзначаліла Міжнародны фонд імя Генадзя Карпенкі. Арганізацыя аб’яднала жанчын-ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У розных рэгіёнах Беларусі яны правялі больш за пяцьдзясят сустрэчаў. Цяпер, калі непасрэднай сувязі зь Беларусьсю няма, Людміла Карпенка спрабуе фонд захаваць.

У Нямеччыне сярод сваіх сяброў спадарыня Карпенка найпер называе былога кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка:

(Карпенка: ) “Ён здаровы, энэргічны, вельмі шмат езьдзіць, і, канечне, многа дапамагае. І сям’і Захаранкі таксама дапамагае. Я вельмі часта зьвяртаюся да яго, кансультуюся. Дзякуючы яму, я летась зьезьдзіла ў Страсбур. У мяне было туды запаршэньне, калі былі слуханьні ў справе зьніклых і забітых у Беларусі. Мне далі толькі пяць хвілінаў, але я спрабавала, як магла, даказаць, што сьмерць Генадзя Карпенкі — гэта забойства, а не выпадковасьць”.

Спадарыня Карпенка гаворыць, што да гэтага часу ня мае мэдычнага заключэньня аб сьмерці мужа, хаця двойчы зьвярталася ў паталягаанатамічнае бюро. А ўсе яе звароты ў праваахоўчыя органы Беларусі з просьбай завесьці адпаведную крымінальную справу ні чым станоўчым ня скончыліся. Але Людміла Карпенка верыць у тое, што настане час, калі таямніца сьмерці яе мужа будзе раскрытая:

(Карпенка: ) “Думаю, што, можа, калі пачнецца хоць нейкае расьсьледаваньне, людзі пачнуць гаварыць. І справа дойдзе і да Карпенкі. Я проста спадзяюся на гэта”.

За два гады жыцьця ў Нямеччыне Карпенкаў стала на аднаго больш, у сына Дзьмітрыя нарадзілася дачка. Цяпер у Людмілы Карпенкі тры ўнучкі.

***

Даведка Свабоды: Нагадаем, што Генадзь Карпенка быў віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, адным зь лідэраў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Пасьля канстытуцыйнага рафэрэндуму 1996 году і разгону Вярхоўнага Савету Карпенка ўзначальваў Нацыянальны выканаўчы камітэт – “ценевы ўрад” апазыцыі. Ён быў адным з найбольш аўтарытэтных лідэраў апазыцыі, разглядаўся як кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах. Памёр у 1999 годзе на 50-м годзе жыцьця пры загадкавых абставінах. Сям’я Генадзя Карпенкі лічыць, што палітык быў забіты. Жонка і дзеці Карпенкі зьехалі ў Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG