Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІЯ МЭДЫІ ЗНОЎ ЗЬВЯРТАЮЦЬ УВАГУ НА КАНФІСКАЦЫІ НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ МЯЖЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варашава

Напрыканцы мінулага году, у часе беларуска-польскага эканамічнага форуму “Добрасуседзтва-2003”, пра праблему неабгрунтаваных канфіскацыяў тавараў на беларускіх мытнях гучна заявіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк.

(Паўляк: ) “Апошнім часам мы атрымліваем даволі шмат сыгналаў аб дрэнным стаўленьні беларускіх мытнікаў да нашых экспарцёраў і перавозчыкаў. Для іх сапраўдны кашмар – гэтая канфіскацыя тавараў, якая адбываецца зь вельмі нязначных прычынаў і у спосаб, які не распаўсюджаны нідзе ў сьвеце. Таму некаторыя польскія транспартныя фірмы і экспарцёры сталі абмінаць Беларусь”.

Тое, пра што сказаў амбасадар Тадэвуш Паўляк, толькі больш канкрэтна, пазьней апісалі польскія сродкі масавай інфармацыі. Часопіс “Forum” пісаў, што беларускія мытнікі маюць загад канфіскоўваць замежных тавараў як мага больш. Пры гэтым, як адзначалася ў тыднёвіку, мытныя службы Беларусі звычайна не падаюць аніякіх тлумачэньняў сваіх захадаў, дамагчыся справядлівага рашэньня ў беларускіх судах пацярпелыя замежнікі папросту ня маюць шанцаў.

Усё гэта на ўласнай скуры адчуў Адам Быглеўскі – кіраўнік буйной транспартнай фірмы “Adampol” зь Беластоку. Вось што ён сказаў у інтэрвію польскаму тэлеканалу TVN24.

(Быглеўскі: ) “Мы перавозілі дзесяць джыпаў “Фольксвагэн”з Галяндыі ў Расею. Паколькі гэтыя джыпы замаўляліся для выкарыстаньня у цяжкіх умовах, дык яны мелі ў камплекце адмысловыя дадатковыя колы. Беларускія мытнікі, аднак, паведамілі, што гэтыя колы – кантрабандныя і заявілі, што тавар будзе канфіскаваны. Мы адмовіліся аддаваць аўтамабілі, але пасьля трох месяцаў жыцьця на памежным пераходзе, кіроўцаў сілай змусілі ехаць у Горадню і разгрузіць тавар. Потым у Горадні быў прызначаны суд у гэтай справе. Прыехалі, у тым ліку і адвакаты з Галяндыі, але судовае паседжаньне было праведзеная на гадзіну раней, чым нам паведамілі. Калі мы запыталіся ў прадстаўніцы суду, які вырак, яна паведаміла, ну дык як звычайна – канфіскацыя!”

Адаму Быглеўскаму так і не патлумачылі, якая была прычына канфіскацыі аўтамабіляў, што каштавалі агулам паўмільёна эўра. “Адзін з мытнікаў неафіцыйна мне сказаў яшчэ на пачатку, маўляў, кінь ты змагацца за гэтыя джыпы, бо ўжо даўно вырашана, хто ў Беларусі іх атрымае”, – адзначыў прадпрымальнік.

Паводле спадара Быглеўскага, усе ягоныя грузавікі цяпер будуць езьдзіць у Расею іншымі шляхамі, толькі не празь Беларусь.

Польскія кіроўцы кажуць, што, акрамя канфіскацыяў, беларускія мытнікі папросту абкрадаюць замежныя грузавікі.

(Кіроўца: ) “Здаралася, што ў часе агляду тавараў некаторыя рэчы зьнікалі. Беларускія мытнікі папросту бралі сабе, напрыклад, скрынку касмэтыкі. Бяруць звычайна больш дарагія рэчы”.

Польскія журналісты з тэлеканалу TVN24, якія зрабілі ў гэтай справе адмысловы рэпартаж, паспрабавалі даведацца, як ў Беларусі ў камісійных крамах прадаюцца канфіскаваныя тавары, але зь імі адмовіліся размаўляць. Паводле рэпарцёраў, гэтыя крамы прадаюць таксама частку тавараў, якія мытнікі канфіскоўваюць увогуле без аніякіх дакумэнтаў.

Падлікі расейскіх экспэртаў, на якія спасылаліся журналісты TVN24, сьведчаць пра тое, што летась беларускія мытнікі маглі канфіскаваць на межах краіны тавараў на суму ад 75 да 400 мільёнаў даляраў ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG