Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АВАНГАРД ПАД ЗАБАРОНАЙ


Сьвятлана Курс, Менск

Акцыя самых вядомых пэрформэраў Беларусі мелася прайсьці з 20 да 27 сакавіка пад назовам “Другое пранікненьне ў Тахелес”. Але ў нядзелю дырэкцыя Палацу мастацтваў перагледзела дамоўленасьць. Распавядае адзін з удзельнікаў акцыі, пэрформэр Ільля Сін:

(Сін: ) “Адбыўся пэрформанс тэатру “In-Zest” ва ўнутраным дворыку — Іназемцаў кідаўся сьнежкамі, зараджанымі фарбаю. Пэрформанс Зьмітра Вішнёва і “Спэцбрыгады афрыканскіх братоў” прайшоў у залі Палацу мастацтваў — з характэрнымі для гэтага спадара разьбіваньнем шасьці дзясяткаў яек і некалькіх пляшак шампанскага”.

Паводле словаў пэрформэраў, кіданьне яйкамі й фарбаванымі сьнежкамі дырэктар Палацу мастацтваў Віктар Куляшоў расцаніў як дробнае хуліганства і забараніў працяг акцыяў. У інтэрвію Свабодзе намесьніца спадара Куляшова па маркетынгу распавяла, што Палацу мастацтва не нанесена ніякіх пашкоджаньняў, але малаверагодна, каб дырэкцыя пагадзілася выдзяліць пэрформэрам памяшканьне на пяць гадзінаў у нядзелю, як тыя разьлічваюць. Дырэкцыя апасаецца, што “мастакі здольныя на яшчэ больш эпатажныя акцыі”. Аднак сам спадар Куляшоў заявіў у інтэрвію Свабодзе, што ён нічога не забараняў, а толькі папрасіў арганізатараў “кантраляваць наплыў людзей”. Спадар Куляшоў дазволіў “выкананьне камэрнай музыкі” й “чытаньне паэзіі” на закрыцьці акцыі.

Тахелес — гэта славутая калёнія мастакоў у Бэрліне, у якім летась маладая мастачка абставіла самагубства як пэрформанс. “Тахелес — нагэтулькі незвычайнае месца, што жыцьцё і сьмерць там набываюць пачварна-прыўкрасныя формы”, — пісала газэта “Tagesspiel”. Мастак Алесь ДзюРодзін прабавіў там паўгады і прадставіў у Палацы мастацтваў вобразы, навеяныя Тахелесам. Сэрыя пэрформансаў мусіла ілюстраваць выставу, ствараючы антураж мастацкай калёніі.

Паэт, выкладчык замежнае літаратуры БДУ, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч камэнтуе падзею:

(Хадановіч: ) “Незалежна ад таго, як мы гэта эстэтычна ацэньваем, не падтрымаць такія акцыі — значыць падтрымаць “савок”. У нас ніколі не было дадаізму, сюррэалізму, у нас быў чэзлы і на ідэалёгіі замяшаны футурызм. Думаю, гэта сукупнасьць зьяваў 10–20-х гадоў мінулага стагодзьдзя з папраўкай на відэа, пэрформанс, інсталяцыю. Пасьпяхова гэтым займаліся ў кожнай краіне.

У акцыі меліся браць удзел найбольш слынныя авангардныя праекты: плястычны тэатар “In-Zest” Іназемцава, паэты Віктар Жыбуль, Джэці, Віка Трэнас, Вольга Гапеева, Вальжына Морт ды Кацярына Шкода, авангардныя рок-гурты й музыкі. Варта зацеміць, што авангардныя фэсты чакана сутыкаюцца з рознага кшталту забаронамі. Летась такім чынам сышоў у андэграўнд фэстываль “НЕФАРМАТ”. Літаратуразнаўца Натальля Чэрнікава пісала тады: “Традыцыйнае, патрыярхальнае грамадзтва ўвесь час наступае на тыя самыя старыя, іржавыя граблі: забараняе пэрформансы як адзін з праяваў унутранай волі, якая для традыцыйнай грамады ёсьць сынонімам распусты”.

У адным зь незалежных творчых зьвязаў карэспандэнту Свабоды заявілі: калі б мастакі кідаліся яйкамі ў нашым офісе, мы б выгналі іх яшчэ хутчэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG