Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ УСЯСЬВЕТНАГА ЗГУРТАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ ГАБРЭЯЎ ЗЬЯЖДЖАЕ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Якаў Гутман кажа, што застаецца грамадзянінам Беларусі, але будзе мець сталае жыхарства ў Нью-Ёрку да тае пары, пакуль ня зьменіцца цяперашняе палітычнае кіраўніцтва краіны. Вось што ён паведаміў у разьвітальным інтэрвію Радыё Свабода:

(Гутман: ) “Я зьяжджаю туды, бо вырашаць нейкія габрэйскія пытаньні, седзячы ў Менску, сёньня немагчыма, вырашаць пытаньне зьмены палітычнага рэжыму немагчыма. Я ня згодны з гэтым рэжымам, бо гэты рэжым праводзіць дзяржаўную антысэміцкую палітыку. Я насамрэч хачу папрасіць прабачэньня ў беларускага народу, бо мы зрабілі свой унёсак у тое, што сёньня ёсьць у Беларусі, бо была магчымасьць спыніць і зацугляць. Я тут зрабіў усё, што мог, і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб гэты народ жыў ня горш за іншыя”.

Паводле спадара Гутмана, у Нью-Ёрку стала дзейнічае беларуская габрэйская суполка, празь якую ён намерваецца зьвяртацца да ўраду ЗША з просьбай абараніць спадчыну свайго народу ў Беларусі.

Нагадаю, што Якаў Гутман адзін зь нямногіх, хто актыўна выступаў супраць разбурэньня будынку былой менскай сынагогі, габрэйскіх могілак у шмат якіх гарадах Беларусі, пратэставаў супраць выданьня антысэміцкай літаратуры. Спадар Гутман кажа, што звыклай зьявай апошніх гадоў становіцца неабходнасьць для людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй пакідаць Беларусь. Вось як гэткае становішча камэнтуе намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Такая актыўнасьць прыводзіць да таго, што ў людзей пачынаюцца праблемы зь дзяржаўнымі структурамі. І у краіне цяпер адноўленая, як у савецкі час, атмасфэра страху за сваё жыцьцё, за сваё здароўе, за сваю будучыню — і ўсё гэта зьвязана з палітычным строем. Гэта вельмі жахліва й небясьпечна для Беларусі, для людзей, якія тут застаюцца, бо зьяжджаюць найперш лепшыя, і Беларусь ад гэтага страчвае свой чалавечы патэнцыял”.

У вымушанай эміграцыі застаюцца паэт Славамір Адамовіч, палітык Зянон Пазьняк, амаль да апошніх сваіх дзён заставаўся Васіль Быкаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, штогод зь Беларусі на сталае месца жыхарства за мяжу выяжджаюць каля сямідзесяці адных толькі навукоўцаў. Агульная ж колькасьць эміграцыі штогоду складае дзясяткі тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG