Кіраўніка ва ўнівэрсытэце Скарыны ня было амаль пяць месяцаў. Былы рэктар, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Селькін добраахвотна падаў заяву на звальненьне яшчэ ў верасьні мінулага году. Здарылася гэта пасьля шэрагу арыштаў за хабарніцтва. Сярод арыштаваных аказаўся першы прарэктар Кармазін, дэкан біялягічнага факультэту Талкачоў, юрысконсульт Міжэвіч.
Арышты працягваюцца да апошняга часу. Ужо ў лютым за кратамі апынуўся дэкан юрыдычнага факультэту Юры Ключнікаў — таксама за хабарніцтва. Усяго ў ізалятары цяпер шасьцёра супрацоўнікаў унівэрсытэту. Спадчына новаму прызначэнцу дасталася няпростая.
Доктар хімічных навук, прафэсар Аляксандар Рагачоў у 1972 годзе скончыў факультэт фізыкі Скарынінскага ўнівэрсытэту. Ён адмысловец у галіне фізычнай хіміі. Выпадкова гэта ці не, але прафэсар Рагачоў зьяўляўся навуковым кансультантам доктарскай дысэртацыі цяперашняга прэм’ер-міністра краіны Сяргея Сідорскага. Прафэсар Рагачоў да віншаваньняў у сувязі з прызначэньнем на пасаду рэктара ставіцца даволі стрымана. Звычайна адказвае, што не віншаваць трэба, а ў большай ступені спачуваць.
Арышты ва ўнівэрсытэце Скарыны ўжо засланілі былыя гучныя справы пра хабарніцтва ў мэдычным інстытуце. Нават студэнты ўнівэрсытэту, ня кажучы ўжо пра асяродак выкладчыкаў, бяз боязі разважаюць пра сытуацыю з хабарніцтвам:
(Студэнт: ) “Я паступаў бяз грошай. Я курсы ўнівэрсытэцкія завочна скончыў. Бачна, хто паступаў за грошы. Веды ў іх слабаватыя. Адразу нават бачна: для таго, каб паступіць, слабаватыя веды”.
(Студэнтка: ) “Пэўна, заробкі невялікія, таму і хабар бяруць”.
(Студэнтка: ) “Традыцыя ня вельмі добрая. Сквапныя!”
(Студэнтка: ) “Яны сквапныя, а людзі піхаюць”.
Прадстаўленьне новага рэктара Аляксандра Рагачова калектыву ўнівэрсытэту імя Скарыны прызначанае на будучы аўторак, 24 лютага.