Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

19 лютага ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Вукола. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, “Імя Вукола блізкае па вымаўленьню да мітычнага панятку ваўкалака. Гэтая сугучнасьць і нарадзіла павер’е, быццам Вукола ратуе чалавека ад ператварэньня ў ваўка”.

Гістарычныя даты.

19 лютага 1473 году нарадзіўся Мікалай Капернік, які стварыў тэорыю геліяцэнтрычнай мадэлі сьвету, гэта значыць, што зямля стала круціцца вакол сонца, а не наадварот, як было дагэтуль. У нашых краях Каперніка ведалі з 16 ст. Ягоныя пагляды адлюстраваныя ў філязофскіх працах нашых тагачасных вучоных – Нарбута і Доўгірда. Яны трактавалі тэорыю Каперніка як слушную. Між іншым, насуперак папскай буле пра “Індэкс забароненых кніг“, у які былі ўключаныя і Капернікавы працы.

19 лютага 1743 году нарадзіўся італьянскі кампазытар Луіджы Бакерыні. За жыцьцё ён напісаў каля 30 сымфоніяў, інструмэнтальныя санаты, ансамблі ды іншае. За ягонае блізкае сяброўства зь іншым кампазытарам – Гайднам – сучасьнікі жартам называлі Бакерыні жонкай Гайдна.

19 лютага 1767 году нарадзіўся Юзаф Пешка, слынны жывапісец, прадстаўнік клясыцызму. Жыў Пешка ў Горадні, Менску і Вільні, часта наведваўся ў Магілёў, Нясьвіж, Сьмілавічы, Дукору. Асабліва каштоўныя для вывучэньня гісторыі беларускай архітэктуры пэйзажы Пешкі, віды беларускіх гарадоў. Па-першае, зь іх лёгка паўстае атмасфэра тагачаснага жыцьця, па-другое, большасьці помнікаў, якія адлюстраваў мастак, даўно няма ў рэчаіснасьці.

19 лютага 1908 году нарадзіўся беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч. Ён найлепей вядомы як аўтар вершаў для дзяцей. А яшчэ вядомы сваім сынам – Станіславам Шушкевічам, кіраўніком Беларусі, за якім краіна набыла незалежнасьць.

Наступная сёньняшняя дата зьвязаная з папярэднім абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі. 19 лютага 1918 году ў Менску выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду стварыў Народны сакратарыят -- часовы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Пазьней народны сакратарыят быў перайменаваны ў Раду БНР. Узначальваў тагачасны сакратарыят Язэп Варонка, які, паводле сучаснай тэрміналёгіі, стаў першым прэм'ер-міністрам Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG