Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЁСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ ХІМІЧНАЯ ЗБРОЯ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Так, у Старых Дарогах ёсьць хімічная частка. Яна знаходзіцца дакладна на ўскрайку гораду, але ня думаю, што там захоўваецца забароненая хімічная зброя”, — гэтак пракамэнтаваў артыкул “Хімічны Олек” у польскім часопісе “Wprost” вядомы ў Беларусі журналіст, уладальнік газэты “Прыватны дэтэктыў “ Аляксандар Усеня. Сам ён нарадзіўся ў Старых Дарогах, часта там бывае там і перакананы, што польскія калегі маюць мала падставаў, каб заяўляць пра “арсэнал хімічнай зброі”.

(Усеня: ) “Мне вядома, што сапраўды ў Старых Дарогах ёсьць хімічная частка, яна дакладна за кілямэтар ад гораду, разам з аўтамабільнай часткай. Але што там у іх можа быць дзе на палігоне, я ж ня ведаю. І ніхто пра гэта ня ведае. Аднак ніколі, колькі я там пражыў, такога ня чуў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядомыя вам выпадкі, што нехта зь людзей захварэў ад атручэньня?”

(Усеня: ) “Не, мне пра такое зусім невядома. Я ўвогуле думаю, што гэтыя зьвесткі непраўдзівыя”, — паведаміў журналіст Аляксандар Усеня, які родам са Старадароскага раёну і часта там бывае.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі таксама сумняецца, што польскія журналісты сапраўды патрапілі на сховішча забароненай хімічнай зброі. У сярэдзіне 1990-х гадоў, калі Павал Казлоўскі быў міністрам абароны, такой зброі ў беларускім войску, сьцьвярджае ён з упэўненасьцю, не было. Паводле былога мінстра, у беларускім войску было і цяпер ёсьць да дзесяці асобных невялікіх частак супрацьхімічнай абароны, задача якіх — трэніраваць вайскоўцаў абараняцца ад хімічнага нападу.

(Казлоўскі: ) “Каб малады салдат прызвычаіўся нацягваць супрацьгаз, у адмысловых палатках праводзілі вучэньні, выкарыстоўвалі газ хлёрпікрын. Але гэта не забароненая зброя, а невялікі запас для манэўраў”.

Павал Казлоўскі ня думае, што ў цяперашняй Беларусі быў зроблены запас хімічнай зброі. “Гэта цяжка зрабіць і ўтрымліваць незаўважна, ды нікому і непатрэбна. Нават улічваючы дыктатарскі характар рэжыму, ня думаю, што на гэта пайшлі”, — лічыць Павал Казлоўскі.

Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Леанід Захаранка назваў артыкул у польскім часопісе “выдумкай, якая на сумленьні нядобрасумленных журналістаў”. Таксама Леанід Захаранка ня выключыў, што артыкул быў “замоўлены ў палітычных мэтах”. Паводле праэсавага сакратара Міністэрства абароны, аўтары артыкулу “Хімічны Олек” зрабілі шмат фактычных памылак.

У прыватнасьці, Леанід Захаранка зьвярнуў увагу на заяву, што замежныя інспэкцыі нібыта кантралявалі толькі месцы, вызначаныя беларускім бокам, напрыклад, наваполацкі “Палімір”. “Гэта няпраўда. Інспэктары заўсёды самі вызначаюць месца праверкі, а наваполацкі “Палімір” ўвогуле не вайсковы, а грамадзянскі аб’ект, да нас ён ня мае ніякага дачыненьня”, — заявіў Леанід Захаранка. Ён прызнаў, што пад Старымі Дарогамі ёсьць вайсковая хімічная частка, але вызначыў яе мэту гэтак:

(Захаранка: ) “Гэта, дарэчы, тая частка, якая першай была кінутая на барацьбу з Чарнобылем. Такім чынам, у іх мэты зусім адваротныя — барацьба з рознай атрутай”.

У КГБ Беларусі не змаглі адразу патлумачыць, ці служыў калі ў вайсковых частках КГБ нейкі Павал Шэгуноў, пра якога згадваюць польскія журналісты. “Мы зможам гэта ўдакладніць цягам аднаго дня”, — сказаў мне прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG