(Зьміцер Падбярэскі: ) “У рамках падрыхтоўкі да 10-гадовага юбілею з дня ўтварэньня групы “NRM”, які будзе адзначацца сёлета ў лістападзе, музыканты калектыву наладзілі незвычайную акцыю. На ўласным сайце яны правялі апытаньне сваіх слухачоў з мэтай высьветліць, якія песьні калектыву карыстаюцца найбольшай папулярнасьцю. Вынікам гэтай акцыі зьявіўся зборнік, які музыканты так і назвалі: “Справаздача”. Да пятнаццаці шырока вядомых песень дададзеныя яшчэ чатыры, прычым дзьве зь іх — зусім новыя. А паколькі з нагоды юбілею нам давядзецца напэўна сустракацца з музыкамі ўвосень асобна, сёньня хацелася бы пагутарыць менавіта пра гэты зборнік, тым больш што падобным чынам зборнага альбому ў Беларусі яшчэ ніхто не складаў, а сам рэпэртуар, шчыра кажучы, крыху зьдзіўляе. Таму асноўнаю тэмай сёньняшняй гутаркі будуць дачыненьні музыкаў і іх фанатаў.
Я вітаю ў студыі Беларускай Свабоды Лявона Вольскага і Піта Паўлава. І адразу пытаньне, як кажуць, у лоб: вы падпарадкаваліся выбару прыхільнікаў, але падчас канцэрту 8 лютага яўна адчувалася, што выбар гэты й вас саміх азадачыў”.
(Лявон Вольскі: ) “У нас была поўная дэмакратыя, мы нічога не фальсыфікавалі, мы ўхіліліся ад аўтарытарных захадаў, і гэта абсалютна адлюстроўвае меркаваньні такіх адданых фанатаў. Але… Гэта рэальны стан рэчаў”.
(Піт Паўлаў: ) “Вольскі ўсё сваё жыцьцё існуе ў такім выдуманым ім сьвеце, яму здаецца, што існуе нейкая такая аб’ектыўнасьць, такая ўсясьветная дэмакратыя… Усё гэта, канечне, поўнае глупства! І вось гэтая складанка высьветліла тое, што дэмакратыі ніякай няма сапраўднай, што трэба ўсё ж такі рэдагаваць. Безумоўна, мы зрабілі альбом вельмі пасрэдных песень, куды нечакана трапілі некалькі лепшых.
Тут якраз даволі моцна праявіўся аўтарытарны характар самога Вольскага, звышнедэмакратычны. Калі калектыў хацеў абмеркаваць недасканаласьці гэтай складанкі (а гэта адбывалася падчас рэпэтыцыі), ён проста ўрубіў комбік на ўсю максымальную гучнасьць, колькі мог, і пачаў іграць нейкія акорды ідыятычныя. Абмеркаваньня не адбылося. І гэты выбар, як слушна заўважыў Лявон, усё ж такі сапраўдны выбар тых, хто запаўняў гэтыя анкеты”.
(Падбярэскі: ) “Мне цікава высьветліць вось які аспэкт. У той жа песьні “Маё пакаленьне” ці ў новай “Рок-н-рол не ўратуе” вы гаворыце пра вельмі сур’ёзныя рэчы. Ці няма адчуваньня, што вашая аўдыторыя, якая, мне здаецца, істотна памаладзела, якраз гэтай сур’ёзнасьці не жадае ўспрымаць?”
(Вольскі: ) “Праўда тое, што нашая аўдыторыя ня толькі істотна памаладзела, але і істотна пасталела, як было відаць на канцэрце. Такі ўзрост, як ад 15 і да 22 гадоў, ён звычайна і вызначаў асноўную аўдыторыю “NRM” і ў грамадзкім сэнсе, і ў музычным. Гэта самая актыўная аўдыторыя. І, здаецца, было бы проста нелягічна, каб мы зь цягам часу толькі дурнелі”.
(Падбярэскі: ) “Наколькі розная публіка прыходзіць на вашыя канцэрты ў Менску і ў іншых гарадах, у тым ліку невялікіх?”
(Вольскі: ) “У невялікіх часта страшна бывае аўтографы раздаваць. Вось у Стоўпцах, напрыклад, нас ледзь не затаўклі, ахова і наш дырэктарат спалохаліся за нашыя жыцьці. Ня ведаю, можа, акрамя нас, толькі Дарафеева яшчэ езьдзіць. Бо, як мне падаецца, там проста ніхто не бывае, у гэтых гарадках”.
(Паўлаў: ) “Калі там бывае “NRM”, то праз два-тры канцэрты публіка выхоўваецца сама сабою, прыходзяць людзі сьвядомыя на “NRM” і прыкладна вывучваюцца, як сябе паводзіць на рок-канцэртах. І гэтая праблема якраз самая істотная для нас. Уключыць у тур новы горад бывае часам немагчыма толькі таму, што дакладна ведаеш: там дзесяць гадоў ці пятнаццаць не было нікога з артыстаў!”
(Падбярэскі: ) “За савецкім часам казалі, што артыст са сцэны павінен выхоўваць публіку. Як вам здаецца, гэты пастулят цяпер актуальны?”
(Вольскі: ) “Як ні дзіўна, мы раней, калі былі яшчэ зусім маладыя, адмаўляліся, што маўляў, нікога не выхоўваем, мы так проста сьпяваем. Атрымліваецца, што ўсё ж нашымі ідэямі цікавяцца людзі, і мы ня проста сьпевакі й музыкі, мы ўсё ж і ідэолягі ў нейкім сэнсе, нясем нейкую ідэю. Гэта выхаваньне, але выхаваньне свабоды ўнутры чалавека. Наадварот, дзяржаўныя ідэолягі заўсёды прапагандуюць такую запрыгоненасьць”.
(Паўлаў: ) “Першыя рок-н-рольныя свае ўяўленьні — гэта проста накрычацца. Але калі ёсьць аўдыторыя, ёсьць і адказнасьць перад ёй. Зь цягам часу ўжо разумееш, што ўсё, што ты зараз напішаш, запішаш і сыграеш, гэта ўжо дакладна будзе набыта і праслухана. І таму ўжо зьяўляецца адказнасьць за тое, што ты робіш”.
(Падбярэскі: ) “Крытыка з боку прыхільнікаў. Яна ў дачыненьні да вашай групы існуе? Нешта крытычнае даходзіць да вас, напрыклад, праз ваш сайт?”
(Вольскі: ) “Увесь час! Вось цяпер яны абсалютна размазалі нас па сьцяне з нагоды таго, што быў такі дыктат міліцыі і аховы на канцэрце, але мы з гэтым нічога не маглі зрабіць. Такія правілы гульні ў гэтай канцэртнай залі “Менск”. Баюся, што калі мы зробім канцэрт у лядовым палацы там недзе праз паўгоду, будзе яшчэ горш, таму што там АМОН стаіць. Такая сытуацыя, такая дзяржава, і ня ведаю нават, ці варта нам прабачацца неяк, таму што гэта ня нашая віна”.
(Паўлаў: ) “На гэтым канцэрце была нашая ахова, якая выконвае ўсе нашыя патрабаваньні. Але прыйшла яшчэ міліцыя, якая давяла свае патрабаваньні. І каб не было канфлікту зь міліцыяй, нашая ахова спрабавала быць такім буфэрам паміж міліцыяй і намі, стрымліваць публіку ў нейкіх межах”.
(Вольскі: ) “Прычым дзеяньні міліцыі былі абсалютна нелягічныя. Вось я б паглядзеў, што было б, калі б раптам скончылі канцэрт праз кепскія паводзіны слухачоў! Што было б з гэтым раёнам? Гэта прадказальна, таму што ёсьць усясьветная практыка такіх забаронаў! Два, здаецца, гады таму была забарона мэрыяй у нейкім там амэрыканскім гарадку канцэрту групы “System of a Down”, і гарадок той у выніку быў папросту зруйнаваны!”
(Паўлаў: ) “Гэтаму кіраўніку АМОНу трэба патлумачыць: гэта людзі заплацілі грошы, і немалыя грошы, яны прыйшлі бавіць свой час на канцэрт, і толькі ў тым выпадку, калі яны пачынаюць парушаць парадак — ня той, які ў яго галаве (усе сядзяць на ланцугу на Валадарцы!), а той парадак, які ўпісаны ў правы чалавека, у Канстытуцыю, — толькі ў гэтым выпадку ён мусіць падключаць сваю сілу”.
(Падбярэскі: ) “Недзе праз паўтара месяца вы выбіраецеся ў тур. Якія гарады будуць на гэты раз ахопленыя і ці будуць месцы, дзе вы зьявіцеся ўпершыню?”
(Вольскі: ) “Дакладна будуць гарады, дзе мы ўжо былі, дзе мы заўсёды пасьпяхова выступаем: Горадня, Берасьце, Гомель, Мазыр, Полацак, здаецца, Магілёў”.
(Паўлаў: ) “І звычайна яшчэ Віцебск далучаецца, але Віцебск плянуе сам”.
(Вольскі: ) “На паўгоду наперад цяжка плянаваць, на жаль, тут…”
(Паўлаў: ) “Таму ніхто і ня езьдзіць!”
(Вольскі: ) “Каб езьдзіць, патрэбныя папросту тытанічныя намаганьні прыкладаць!”
(Паўлаў: ) “А на месцах людзі наогул не разумеюць гэтых рэчаў усіх, якія зьмяняюцца кожны тыдзень, і таму да іх не прыяжджае пяць-шэсьць гадоў ніхто! Напрыклад, у Магілёве кажуць: нікога да нас, калі ласка, не прывозьце. Ніякіх артыстаў нам ня трэба! Не прывозьце, каб было спакойна”.
(Падбярэскі: ) “Нашая перадача пойдзе ў эфір 14 лютага, у дзень Сьвятога Валянціна. Дык вось, што б вы маглі і якім чынам прызнацца ў любові да сваіх фанатаў?”
(Паўлаў: ) “Дзень Сьвятога Валянціна— гэта ня дзень каханьня да фанатаў”.
(Вольскі: ) “Чаму?! Цяпер усё болей ідуць такія размовы, што гэта наогул агульначалавечай любові дзень…”
(Паўлаў: ) “Усё ж беларуская мова падаравала мне такую магчымасьць адрозьніваць каханьне ад любові…”
(Вольскі: ) “Так што вы зьвяртаецеся да дзяўчынак-фанатаў…”
(Паўлаў: ) “Таму я зьвярнуся да дзяўчынак, і да сваёй уласнай дзяўчынкі. У нас у Беларусі адны з найпрыгажэйшых дзяўчынак у сьвеце. Дык вось я хацеў бы ім пажадаць, каб у іх хапіла і часу, і грошай, і ўсяго астатняга, каб адпавядаць той прыгажосьці, якую яны ў сабе маюць”.
(Вольскі: ) “Ой, як закруцілі вы!.. Я бы хацеў фанаткам і фанатам таксама пажадаць любові да нас. Таму што вы адчуеце ад нас у адказ, несумненна, таксама любоў. А калі вы будзеце любіць аддана Брытні Сьпірс альбо там Джастына Тымбэрлэйка, — яны вас ніколі не палюбяць у адказ. Яны далёка і ніколі, можа быць, сюды не прыедуць. Мы, калі-небудзь, пасьля канцэрту, на канцэрце вас убачым, пра вас даведаемся і палюбім”.
(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй за гутарку. І да сустрэчы, відаць што, увосень, калі ўжо будзе адзначацца 10-годзьдзе “NRM”.